Гісторыя

З Мінска і Пінска на ўвесь свет: як сям’я Бэнэнсанаў-Саламон змяніла бізнес, дабрачыннасць і праваабарончы рух

Гісторыя сям’і Бэнэнсанаў-Саламон пачынаецца ў беларускіх гарадах Менск і Пінск, каб потым разгарнуцца ў маштабах цэлага свету. Гэта захапляльны аповед пра тры пакаленні адной сям’і: ад мільянера і заснавальніка фінансавай імперыі Рыгора Бэнэнсана і легендарнай «лэдзі з чарпаком» Флоры Саламон, якая прыдумала і ўвасобіла першую ў Вялікабрытаніі канцэпцыю сацыяльна адказнага бізнэсу, да стваральніка міжнароднай арганізацыі Amnesty International Пітэра Бэнэнсана. Даследчыкі эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч расказваюць цікавую гісторыю сям’і Бэнэнсанаў-Саламон, піша «Будзьма».

Гісторыя поспеху Рыгора Бэнэнсана

Гісторыя пачалася ці то ў 1860-м, што выглядае больш верагодным, ці ў 1865 г. у Менску (даты розняцца) з нараджэннем Рыгора (Гершона) Бененсона (але будзем называць яго на пазнейшы англіцызаваны манер — Бэнэнсанам).

З маладых гадоў ён дапамагаў бацьку ў сямейным бізнэсе — лясной прамысловасці, чым Бэнэнсаны былі вядомыя на ўвесь Паўночна-Заходні край, але напрыканцы 1880‑х перабраўся ў Баку, дзе збудаваў завод па перапрацоўцы рысу з персідскай сыравіны і неўзабаве заняў адно з вядучых месцаў сярод экспарцёраў у Расіі.

 Рыгор Бэнэнсан. Фота з кнігі Флоры Саламон «A Woman’s way» (1984)

Праз дзесяць гадоў, у 1899-м, набыў газавы завод — тады месца называлася Чорны горад, сёння Баку паглынуў яго — і справы пайшлі нагэтулькі спраўна, што праз год спатрэбілася збудаваць другі завод па перапрацоўцы нафты. Гэтак пачалася самастойная кар’ера Рыгора Бэнэнсана, што дазволіла не толькі заснаваць гандлёва-прамысловае акцыянернае таварыства, якое ён назваў сваім імем, але і зрабіцца купцом 1‑й гільдыі.

Прыналежнасць да 1‑й гільдыі сведчыла, безумоўна, пра багацце, але была і нечым значна большым: давала габрэям права вольнага перамяшчэння — пакідаць межы аселасці разам з сям’ёй і прыслугаю і весці справы на ўсёй тэрыторыі Расейскай імперыі, а таксама на гандаль па-за яе межамі. Не дзіва, што ў Менскай губерні ўсе купцы першай гільдыі былі габрэямі, а ў Віцебскай і Гродзенскай — больш за 90%.

Гэтае права, канчаткова аформленае законам 1859 г., спрыяла русіфікацыі значнай часткі габрэйскага насельніцтва — да таго ж добраахвотнай, і прывяло да таго, што ў Пецярбург, цэнтр фінансавага і эканамічнага жыцця імперыі, пачалі імкнуцца найбольш паспяховыя габрэі-бізнесмены. Вядомы тагачасны жарт: «Чым раней быў Пецярбург? Пустэльняй. А цяпер жа гэта Бярдзічаў!».

У 1906 г. пераехаў туды і Рыгор Бэнэнсан. Жыла яго сям’я ва ўласным доме на Неўскім праспекце, першы паверх якога займаў гандлёвы дом «Рыгор Бэнэнсан».

У 1911 г. ён ужо дырэктар Расійска-Англійскага банка, праз год браў удзел у заснаванні ў Лондане расійскай крэдытнай і фінансавай кампаніі. Пераезд на стала ў Брытанію быў пытаннем часу, і з пачаткам Першай сусветнай вайны сям’я эмігравала ў Лондан.

Ні вайна, ні Кастрычніцкі пераварот у Расіі і страта ўсяго там — і фінансаў, і нерухомасці — не былі здольныя спыніць бізнэсмена з Менска.

І вось ён ужо пашырае сваю дзейнасць на Амерыку: у Нью-Ёрку валодае пірсамі і складамі даўжынёю некалькі кіламетраў уздоўж Бруклінскага маста.

У 1919 г. Wall Street Journal паведаміў пра набыццё ім за 10 мільёнаў даляраў аднаго з першых гарадскіх хмарачосаў — трыццацітрохпавярховага City Investing Building на 165 Broadway, які быў перайменаваны ў Benenson Building (новы ўласнік быў вымушаны прадаць яго ў 1930-я, а ў 1968 г. будынак быў зруйнаваны).

Benenson Building — хмарачос Бэнэнсана на Манхэтане

Нядоўга пасля продажу Benenson Building — флагмана сваёй фінансавай імперыі — Рыгор Бэнэнсан памёр у Лондане — 4 красавіка 1939 г. І цяпер самы час распавесці пра яго сям’ю, чацвёра дзяцей, якіх меў з жонкаю — пінчанкаю Соф’яй Гольдбэрг.

Соф’я Гольдбэрг-Бэнэнсан з малодшай дачкой Маняй. Фота з кнігі Флоры Саламон «A Woman’s way» (1984)

Флора Саламон — абаронца правоў габрэяў

Пра старэйшага, адзінага сына Якава, вядома тымчасам няшмат: вывучаў хімію за мяжой, падчас Першай сусветнай вайны памёр ад гішпанкі.

Зусім іншая гісторыя з старэйшай дачкою — Флораю, па-сямейнаму — Феадосія, Феня.

Яна нарадзілася ў матчыным Пінску 28 верасня 1895 г. У 1905 г. бацькі выправілі яе ў Вісбадэн у Акадэмію для маладых габрэйскіх дзяўчат, дзе яна навучалася цягам пяці гадоў.

 Флора Бэнэнсан у падлеткавым узросце. Фота: jwa.org

Трэба сказаць, часу ў родным Пінску або Баку ці імператарскім Санкт-Пецярбургу яна пражыла нядоўга. У маі 1914 г. бацькава каханка пырснула таму ў твар кіслатою, і Феня мусіла суправаджаць таго на лячэнне ў Нямеччыну. Адтуль яны праз Гамбург і пераехалі ў Англію.

Новае кола знаёмцаў было адмысловым: будучы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, з якім можна было згадваць пінскія вулкі, і яго жонка Вера — з гэтай сям’ёю дачка Бэнэнсана пасябравала на даўгія гады.

І адбылося хіба немінучае: Флора сталася актыўнай удзельніцаю і прапагандысткаю сіянісцкага руху з мараю жыць у Ерусаліме. Дачка аднаго з найбагацейшых бізнэсменаў свету, як яна думала пра бацьку, сталася сацыялісткаю.

 Вяселле Флоры Бэнэнсан і Гаральда Саламона. 1918 г. Фота: jwa.org

У міжчасе яна выйшла замуж за афіцэра брытанскай арміі Гаральда Саламона, які праз два гады, не без удзелу жонкі, быў прызначаны на дыпламатычную працу ў падмандатнай Палесціне.

Сям’я пераехала ў Ерусалім, там у іх 1921 г. нарадзіўся сын. Але спакойнае жыццё не задоўжылася: на Каляды 1923 г. Гаральда скінуў жарабец. Нібыта хутка акрыяўшы, увесну наступнага года афіцэр, якога чакала бліскучая кар’ера, стаўся спаралізаваным ад поясу да ног. Сям’я вярнулася ў Лондан, дзе ён і памёр у 1930 г.

Але яшчэ да яго смерці, як пісала Флора ва ўспамінах, у іх з мужам адносінах было неагучанае паразуменне: кожны жыве сваім жыццём што датычыць прыязнасцей і сэксу.

Флора Саламон у часе аднаго з першых візітаў у Палесціну. Фота: jwa.org

Раман з Керанскім

У 1927 г. яна суправаджала бацьку ў камандзіроўцы ў Нью-Ёрк. У адзін з вечароў, каб зрабіць перапынак у дзелавых спатканнях, той пайшоў на сустрэчу з Аляксандрам Керанскім і ўзяў дачку з сабой. Шматлюдная сустрэча адбывалася ў Century Theatre ў Цэнтральным Парку, на рагу 62‑й вуліцы і Central Park West, а пасля было прыняццё для абраных.

З яго Флора Саламон і старэйшы ад яе на чатырнаццаць гадоў Аляксандр Керанскі сышлі ўдваіх і на таксі прыехалі ў гатэль Плаза, дзе жанчына спынілася, і дзе яны засталіся на ноч разам.

Іх раман доўжыўся болей за дзесяць гадоў, але Флора сама скончыла адносіны, бо лічыла, што Керанскі ў душы антысеміт, які, да таго ж, мала пераймаўся лёсам габрэяў у тагачаснай Германіі. Сама ж жанчына ў 1930‑х гг., перад Другой сусветнай вайной, дапамагала знаходзіць прытулак у Брытаніі для дзяцей габрэйскіх бежанцаў з Еўропы.

Флора стварыла першую ў Вялікабрытаніі канцэпцыю сацыяльна адказнага бізнэсу

Неяк на адным званым лонданскім абедзе Флора Саламон сядзела побач з Сайманам Марксам, адным з заснавальнікаў крамы Marks & Spencer (варта адзначыць, што ля вытокаў крамы стаяў ягоны бацька Майкл (Міхал) Маркс — нараджэнец Слоніма). Крама спецыялізавалася на продажы вопраткі, парфумы, ежы. Усяго ў Брытаніі налічвалася каля 160 аддзяленняў гэтае фірмы.

І вось падчас абеду Флора кінула Сайману, што ў таго, маўляў, шакуючая рэпутацыя ў краіне і такія, як ён, псуюць рэпутацыю габрэям, бо ўмовы працы ў ягонай краме пякельныя.

Той быў зазлаваў, але стрымаў сябе й спытаў: «Ты маеш нейкія ідэі?».

Флора Саламон і Сайман Маркс. Фота з кнігі ўспамінаў Флоры Саламон «A Woman’s way» (1984)

Так Флора атрымала першую працу ў сваім жыцці, якую ўспрыняла вельмі сур’ёзна. Найперш яна выправілася ў кантынентальную Еўропу паглядзець, як працуюць там вялікія крамы. Па вяртанні яна арганізавала ў Marks & Spencer Камітэт па дабрабыце (Welfare Committee).

Ніхто, адпрацаваўшы ў краме мінімум пяць гадоў, не мог быць звольнены без узгаднення з Камітэтам.

У кожным аддзяленні з’явіліся дактары і дантысты. Кожная супрацоўніца, што сыходзіла на пенсію, замуж ці ў дэкрэт, атрымлівала ад фірмы грашовую так званую «ўдзячнасць». Быў і яшчэ шэраг сацыяльных новаўводзінаў, такіх як праграмы навучання і дамы адпачынку для супрацоўнікаў, фінансаванне сталовых, аплочаны адпачынак, нават цырульні ў крамах.

Фактычна гэта была першая ў Вялікабрытаніі канцэпцыя сацыяльна адказнага бізнэсу, якую ў газетах назвалі «новым марксізмам».

У выніку прыбыткі крамы пачалі імкліва расці, на працу ў Marks & Spencer было немагчыма ўладкавацца праз колькасць ахвотных, а яе вопыт пачалі пераймаць іншыя фірмы. ё

Варта дадаць, што сістэма, створаная і ўведзеная Флорай Саламон, фактычна працуе ў Marks & Spencer і па сёння.

Падчас Другой сусветнай стварыла дабрачынныя месцы харчавання

У сваёй кнізе ўспамінаў (у ЗША яна мела назву «A Woman’s way» (1984), брытанскае выданне называлася «Baku to Baker Street») Флора Саламон пісала: «Назавіце гэта кнігаю пра дабрачыннасць, калі хочаце, ці пра класавую барацьбу, ці нават аповедам пра выратаванне. Для мяне гэта было прыгодаю. Я была матыльком у вогнішчы Першай сусветнай вайны, лэдзі з чарпаком супу і жаданнем дапамагаць людзям у зруйнаваных гарадах у час Другой сусветнай вайны».

Амерыканскае выданне ўспамінаў Флоры Саламон. 1984 г.

Так, яе сапраўды называлі «лэдзі з чарпаком». Калі Вялікабрытанія была ў надзвычай складаным эканамічным становішчы з пачаткам Другой сусветнай вайны, у краіне былі ўведзеныя карткі — на мяса, цукар і падобнае.

Натуральна, яны не маглі выратаваць сітуацыю, і тады на вуліцах пачалі з’яўляцца кухні, празваныя British Restaurants — дабрачынныя месцы харчавання для мінакоў. Запачаткавала гэта менавіта Флора Саламон з дапамогаю супрацоўніц Marks & Spencer. 'ё

Ідэю за Лонданам падхапілі іншыя гарады, ініцыятыва знайшла падтрымку ва ўрадзе, і ў 1943 г. у Брытаніі дзейнічалі ўжо 2160 гэткіх «Брытанскіх рэстарацый», якія штодня гатавалі 600 000 абедаў за амаль сімвалічную плату.

За гэтую дзейнасць, а таксама за працу па ўратаванні габрэйскіх уцекачоў Флора была ўганараваная Ордэнам Брытанскай імперыі.

Дапамагала выжылым у Халакосце

Пасля вайны Флора Саламон шмат разоў ездзіла ў Ізраіль, звычайна спыняючыся ў тых самых сваіх блізкіх сяброў Вейцманаў (Хаім стаў прэзідэнтам у 1949 г.). Голда Меер, тагачасны міністр працы, паклікала яе дапамагаць тым, хто выжыў у Халакосце і жыў у лагерах для бежанцаў.

Абапіраючыся на свой значны арганізацыйны вопыт, Саламон стварыла бясплатныя сталовыя і медыцынскія службы, выкарыстоўвала метады Marks & Spencer для аптымізацыі пастаўшчыкоў і, што не менш важна, развівала рамесную прамысловасць для жанчын — ткацтва дываноў і выраб керамікі. Яе намаганні прывялі да прыкметнага павышэння маральнага духу сярод бежанцаў.

Флора Саламон. Фота з кнігі ўспамінаў Флоры Саламон «A Woman’s way» (1984)

Брытанская шпіёнка?

Але дзейнасць Флоры Саламон была заўважаная не толькі брытанскім урадам. І тут трэба патлумачыць, чаму пры пошуку яе імя Google часта выдае з пазнакаю British spy — брытанскі шпіён. Шпіёнкаю яна, безумоўна, не была, але дачыненні з адным мела сапраўды.

Імя яму — Кім Філбі.

З Кімам Флора пазнаёмілася яшчэ ў Ерусаліме ў 1920-х, калі ён, адзінацацігадовы, з бацькамі завітаў у дом Саламонаў. Пазней у Лондане знаёмства аднавілася. Нават болей, менавіта Флора пазнаёміла Філбі з яго другой жонкаю Эйлін Фёрс, супрацоўніцай службы аховы ў Marks & Spencer, дэтэктывам, якая ў непрыкметным цывільным гарнітуры шпацыравала па залях крамы й рабілася практычна нябачнаю, але заўважала ўсё — так характарызавалі яе сведкі.

Мо і так, але свайго абранніка яна дакладна прагледзела, зачараваная аповедамі пра карэспандэнцкую працу ў Іспаніі. Іх жыццё не было шчаслівым, Эйлін пачала выпіваць, ужываць антыдэпрэсанты, і калі яна памерла 12 студзеня 1957 г., сябры вінавацілі ў гэтым яе лад жыцця, а вось псіхіятар Эйлін выказаў нават здагадку, што тут мог мець дачыненне сам Філбі.

Кім Філбі. Фота з кнігі ўспамінаў Флоры Саламон «A Woman’s way» (1984)

Дык вось, прыкладна ў 1937 г. падчас сумеснага абеду — выглядае, у тым коле aбеды значылі значна больш, як простае падсілкаванне — Філбі і расказаў Флоры, што выконвае вельмі адказную і небяспечную працу ў імя міру, і было б надзвычайна, каб і яна, з яе сувязямі і веданнем людзей, далучылася. Як потым яна сцвярджала, намёк быў празрысты і зразумелы, але вялікай увагі пачутаму жанчына не надала і адказала, што занадта занятая ратаваннем габрэяў Еўропы.

Усё змянілася ў 1960-я, калі Філбі працаваў карэспандэнтам «Observer’a» (сённяшні «Guardian») у Бейруце. Флору раззлавалі яго публікацыі, якія яна палічыла праарабскімі і антыізраільскімі, антысеміцкімі, і калі ў жніўні 1962 г. яна чарговы раз адведала Ізраіль, на адным з прыёмаў у Інстытуце Хаіма Вейцмана, сустрэўшы свайго даўняга знаёмца Віктара Ротшыльда, спыталася: «Чаму газета карыстаецца паслугамі такога чалавека?! Ён жа камуніст, спрабаваў завербаваць мяне, ён ужо трыццаць гадоў як працуе на Саветы».

На той час Філбі быў пад падазрэннем у MI6, але не ставала канкрэтных доказаў, і сведчанне Саламон запусціла ланцужок новага росшуку, роспытаў і пошуку фактаў. Чым гісторыя скончылася, сёння добра вядома.

У адным з апошніх сваіх інтэрв’ю Філбі на пытанне, ці згодны ён, што менавіта сведчанні Флоры Саламон зрабіліся крытычнымі ў яго выкрыцці, адказаў: «Так, і гэта было даволі нечакана. Я з дзяцінства ведаў Флору. Бачыце, яна была левых перакананняў, але пазней, праз свае праізральскія погляды, вельмі змянілася».

 Флора Саламон выходзіць на пенсію. Фота: jwa.org

Флора Саламон пражыла даўгое жыццё і памерла 18 ліпеня 1984 г. І цяпер час распавесці пра яе дзвюх сёстраў.

Фіра — вядучая мадэльерка ЗША

Фіра (1898—1977), з пачаткам Першай сусветнай вайны эмігравала разам з сям’ёй у Лондан, але абрала для жыцця Нью-Ёрк, куды пераехала напрыканцы 1920-х. У 1931 г. яна выйшла замуж за польскага графа Януша Ільінскага. Пачаўшы з набыцця крамы эксклюзіўнай вопраткі ў Манхэтане, яна з часам зрабіла сабе імя дызайнеркі, а ў паваенны час стварыла ўласны брэнд Fira Benenson Inc. У 1950‑х яе імя згадвалася ў пераліку вядучых мадэльераў ЗША.

Фіра Бэнэнсан, графіня Ільінская. Фота з Вікіпедыі

Маня — заснавальніца вядомага выдавецтва і перакладчыца

Самая малодшая сястра, Маня (1905—1969), зрабілася вядомай пад прозвішчам мужа Харары як сузаснавальніца выдавецтва Harville Press, а таксама як перакладчыцца з расейскай мовы «Доктара Жывага» Барыса Пастэрнака, твораў Ільі Эрэнбурга, Яўгеніі Гінзбург, Андрэя Сіняўскага (Абрама Тэрца) і іншых.

Маня Бэнэнсан-Харары. Фота з кнігі ўспамінаў Флоры Саламон «A Woman’s way» (1984)

Яе ўспаміны («Memoirs. 1906—1969») былі выдадзеныя пасмяротна ў ейным выдавецтве ў 1972 г.

Пітэр — заснавальнік Amnesty International

Застаецца сказаць колькі словаў пра адзінага сына Флоры Саламон, якому прысвечаныя яе ўспаміны, — Пітэра.

Ён нарадзіўся 31 ліпеня 1921 г. у Лондане і зрабіўся вядомы свету пад дзедавым прозвішчам Бэнэнсан. Гэта ён заснаваў у 1961 г. добра знаёмую і беларусам арганізацыю «Міжнародная амністыя» (Amnesty International) — міжнародную няўрадавую арганізацыю, якая займаецца абаронай правоў чалавека.

Пітэр Бэнэнсан, сын Флоры Саламон. Фота з кнігі ўспамінаў Флоры Саламон «A Woman’s way» (1984)

Арганізацыя атрымала ў 1977 г. Нобелеўскую прэмію за сваю кампанію супраць катаванняў, а ў 1978 г. — прэмію ААН у галіне правоў чалавека. Памёр Пітэр Бэнэнсан 25 лютага 2025 г.

Вось такая сям’я, гісторыя якой пачалася ў Мінску і Пінску.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча12

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна нанесла ўдар па штабе арміі ў Бярдзянску. Загінулі сямёра вайскоўцаў, у тым ліку сын генерала3

Выжыць на 1500 рублёў? Некаторыя мінчане кажуць, што гэта рэальна11

Эстонія з 1 снежня закрывае мяжу з Расіяй4

У Мінску прадаюць «Жыгулі» з маторам на 300 сіл2

Украіна сёння збіла 79 крылатых ракет з 84, але не мае чым збіваць балістыку1

Падчас расійскага ўдару па Львове там была беларуская дэлегацыя5

«Людзі п'юць з балота». Лукашэнка абурыўся якасцю вады ў Смаргоні4

Філасофскія гурткі, «вышэйшыя сілы», платныя курсы, пашпарт грамадзяніна Метагалактыкі — раскрыта дзейнасць секты5

Жыццё па падпісцы. У «Паўночным Беразе» скардзяцца на платную падпіску, патрэбную, каб карыстацца ўсімі функцыямі жыллёвага комплексу13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча12

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць