Расійская злачынная сетка атрымала амаль мільярд даляраў ад дзяржаўнай праграмы медстрахавання ЗША. Рогі і капыты ХХІ стагоддзя
Непрыкметны офіс у Брукліне стаў адным з цэнтраў маштабнай аферы, у выніку якой дзяржаўная праграма медыцынскага страхавання Medicare страціла амаль мільярд даляраў. Паводле федэральнага абвінавачання, за схемай стаяла транснацыянальная злачынная арганізацыя з Расіі, якая выкарыстоўвала дзясяткі падстаўных кампаній, скрадзеныя медыцынскія даныя і намінальных уладальнікаў з розных краін.

Паводле следства, схема пачала дзейнічаць у 2022 годзе. Злачынная арганізацыя, якая базавалася ў Расіі, набыла больш за 30 кампаній па продажы медыцынскага абсталявання ў розных штатах ЗША — ад Каліфорніі і Тэхаса да Ілінойса. Усе яны ўжо былі зарэгістраваныя ў дзяржаўнай праграме медыцынскага страхавання Medicare і мелі права атрымліваць дзяржаўныя выплаты.
Для рэалізацыі плана арганізацыя вербавала маладых людзей, пераважна з Расіі і Эстоніі. Іх адпраўлялі ў ЗША, дзе яны афіцыйна станавіліся ўладальнікамі кампаній, хоць фактычна толькі выконвалі ўказанні арганізатараў, піша New York Post.
Далей кампаніі пачалі масава падаваць у Medicare заяўкі на кампенсацыю нібыта пастаўленага медыцынскага абсталявання — галоўным чынам катэтараў для адводу мачы. Для гэтага выкарыстоўваліся скрадзеныя даныя каля 7000 дактароў і больш як мільёна атрымальнікаў Medicare.
Адным з галоўных вузлоў схемы, паводле матэрыялаў справы, была кампанія G&I Ortho Supply у Брукліне (Нью-Ёрк). Следства сцвярджае, што адтуль адпраўляліся тысячы фіктыўных рахункаў ад імя пацыентаў з усіх куткоў ЗША. У Нью-Ёрку групоўка выкарыстоўвала два адрасы, але другі пакуль не раскрываецца.
Паводле пракуратуры, за час існавання схемы яе ўдзельнікі падалі дзяржаве фіктыўныя патрабаванні аб кампенсацыі на 10,6 мільярда даляраў. З гэтай сумы было выплачана 941 мільён даляраў. Паводле версіі следства, атрыманыя сродкі пасля адмываліся праз Кітай, Ізраіль, Пакістан, Сінгапур і Турцыю.

Пра маштаб махлярства сведчыць хаця б адзін факт: толькі адна са звязаных са схемай кампаній у 2023 годзе запатрабавала больш за 250 мільёнаў даляраў кампенсацыі за пастаўку катэтараў для адводу мачы. Гэта на 50 мільёнаў даляраў больш, чым дзяржаўная праграма выдаткавала на катэтары ўсіх астатніх пастаўшчыкоў такой прадукцыі ў ЗША разам узятых. Прычым толькі сем падстаўных кампаній сталі прычынай росту дзяржаўных выплат за катэтэры для адводу мачы на 1,9 мільярда даляраў у 2023 годзе.
Наступствы аферы закранулі не толькі дзяржаўны бюджэт. Паводле следства, былі скампраметаваныя даныя больш як мільёна атрымальнікаў Medicare.
У красавіку Цэнтры Medicare і Medicaid паведамілі, што 1,3 мільёна чалавек атрымалі новыя нумары Medicare, бо іх ранейшыя ідэнтыфікатары маглі быць выкарыстаныя махлярамі.
У выніку было пададзена больш за 400 тысяч скаргаў ад пацыентаў і пастаўшчыкоў медыцынскіх паслуг, якія заўважылі ў сваіх дакументах рахункі за тавары і паслугі, якіх насамрэч не атрымлівалі.
Роля намінальных уладальнікаў
Хто менавіта кіраваў гэтай сеткай, следства пакуль не раскрывае. Аднак матэрыялы судовых працэсаў над двума намінальнымі ўладальнікамі кампаній дазваляюць зразумець, як працавала гэтая махлярская схема.
Адным з іх быў 26‑гадовы грамадзянін Эстоніі Аляксандр Ліс. Паводле адваката маладога чалавека, Ліса завербавалі і адправілі ў Нью-Ёрк, дзе ён дзевяць месяцаў жыў у гатэлі на Таймс-сквер. За гэты час ён стаў намінальным уладальнікам кампаніі Konaniah Medical Supplies у Тэхасе і яшчэ адной кампаніі ў Кентукі.
Былы кур'ер, які не валодаў англійскай мовай, атрымліваў інструкцыі праз тэкставыя паведамленні ў месенджары. Ён адкрываў банкаўскія рахункі, просячы паклікаць рускамоўнага супрацоўніка банка, імя якога яму загадзя паведамілі, афармляў дакументы і атрымліваў чэкі Medicare. За дзевяць месяцаў працы яму заплацілі ўсяго 17 тысяч даляраў.
Следства сцвярджае, што праз рахункі Ліса прайшло больш за 6 мільёнаў даляраў, атрыманых махлярскім шляхам. У 2025 годзе малады чалавек прызнаў сябе вінаватым у змове з мэтай адмывання грошай. Суд прысудзіў яму 28 месяцаў пазбаўлення волі, але ён ужо выйшаў на волю (з улікам часу ў СІЗА) і быў дэпартаваны ў Эстонію.
Адвакаты настойвалі, што Ліс быў толькі дробным выканаўцам, які не ўсведамляў сапраўдных маштабаў схемы. Аднак прафесар крыміналогіі Каледжа Джона Джэя і былы супрацоўнік Інтэрпала Сяргей Чалухін ацэньвае сітуацыю інакш.
«Немагчыма проста ўзяць чалавека з вуліцы ў Чачні або Эстоніі і даручыць яму такую працу. У іх існуе закрытая сетка кантактаў, дзе людзей падбіраюць праз рэкамендацыі», — цытуе выданне эксперта.
У студзені гэтага года федэральны суд у Чыкага выставіў абвінавачанні грамадзяніну Казахстана Ануару Абдрахманаву.
Паводле матэрыялаў следства, у красавіку 2024 года ён атрымаў кантроль над кампаніяй Priority One Medical Equipment у Кентукі і выкарыстаў яе для падачы фіктыўных патрабаванняў прыкладна на 666 мільёнаў даляраў за глюкометры і катэтары для адводу мачы.
Пракуроры сцвярджаюць, што офіс кампаніі практычна не выкарыстоўваўся, аднак супрацоўнікам плацілі па 6000 даляраў у месяц толькі за тое, каб яны перасылалі пошту і чэкі паводле ўказанняў, атрыманых праз Telegram, а таксама адпраўлялі грошы па адрасах у ваколіцах Чыкага.

Паводле следства, частка сродкаў таксама была пераведзеная на рахункі ў Ганконгу. Справа яшчэ разглядаецца, сваёй віны Абдрахманаў пакуль не прызнаў.
Як піша New York Post, апублікаванае ў канцы чэрвеня пашыранае абвінавачанне змяшчае імёны яшчэ 12 чалавек. Сярод іх — грамадзяне Расіі, Эстоніі, Чэхіі і адзін грамадзянін ЗША Джэйсан Ануфрыенка. Усе яны знаходзяцца ў вышуку.
Ім ставяць у віну змову, махлярства з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі, махлярства ў сферы аховы здароўя і адмыванне грошай.
Паводле пракурораў, пасля пачатку арыштаў арганізатары загадалі ўдзельнікам схемы, якія знаходзіліся ў ЗША, уцякаць праз мяжу з Мексікай.
Федэральнае абвінавачанне пакуль не называе, якая менавіта расійская транснацыянальная злачынная арганізацыя стаяла за гэтай схемай. Арганізатараў таксама не называюць — вядома толькі, што, паводле следства, яны дзейнічалі за межамі ЗША.
Апытаныя выданнем эксперты мяркуюць, што правесці аперацыю такога маштабу без падтрымкі або прынамсі маўклівай згоды расійскіх уладаў было б практычна немагчыма.
Звязаны з аргзлачыннасцю. Падрабязнасці пра падазраванага ў забойстве расійскага мастака ў Польшчы
Сілавікі накрылі сетку арганізацый «таемных пакупнікоў». Налічылі 40 тысяч пацярпелых работнікаў гандлю
Палкоўнік ГУБАЗіКа ў адстаўцы апынуўся ў цэнтры непрыгожай гісторыі на беларускім рынку ІСО-токенаў
У Польшчы раскрылі схему вывазу падсанкцыйных тавараў у Беларусь. Затрымалі супрацоўніцу мытні
Каментары
А дэмакратычныя ўлады НЙ не маглі быць датычныя?
Гэтак жа як з самалійчыкамі і нігерыйцамі ў іншых дэмакратычных месцах - Мінеапаліс, Бостан, Чыкага?
Вядома, што гэтыя махлярскія схемы немагчымыя без палітычных адката.... выбачайце, данатаў.