«Пацалавалі браму». Берасцейцы раскрытыкавалі арганізацыю сямейнага фэсту з Artik & Asti, арганізаванага «Савушкавым»
Канцэрт да 50‑годдзя кампаніі «Савушкаў» у Брэсце чакалі многія гараджане. Але частка гледачоў у выніку засталася за плотам, людзі таксама скардзіліся на цісканіну.

На свой юбілей і да Дня горада ў Брэсце «Савушкаў прадукт» зладзіў ужо традыцыйны фестываль з конкурсамі і актыўнасцямі для дзяцей і бацькоў, фотазонамі і канцэртам.
Сёлета хэдлайнерам мерапрыемства стаў папулярны гурт Artik & Asti — першапачаткова ўкраінскі дуэт, які цяпер працуе ў Расіі.
Мерапрыемства было бясплатным, са свабодным уваходам, і гэта па выніку і прывяло да праблемы, бо за плот стадыёна побач з паркам, дзе і разгарнулася вечаровая частка праграмы, змаглі патрапіць далёка не ўсе ахвотныя.

«Мы прыехалі з іншага горада ў кампаніі з васьмі чалавек, адстаялі ў чэргах велізарную колькасць часу і пацалавалі браму», — падзялілася ўражаннямі ад арганізацыі фэсту адна з беларусак.
Па словах відавочцаў, ахова пры гэтым ніяк не спрабавала вырашыць пытанне.
«Гэта была проста жудасная цісканіна — немагчыма было ні зайсці, ні выйсці. Я звярнулася да аховы з просьбай разабрацца ў тым, што адбываецца, на што ў адказ пачула: «Разварочвайся і сыходзь». Я патлумачыла, што фізічна не магу выйсці з гэтага натоўпу».
Адна з маленькіх наведвальніц, па словах яе маці, атрымала на месцы траўму: «Хлопец спрабаваў праз падстрэшак пралезці, і яго АМАП здымаў. У выніку падчас затрымання павалілі маю пяцігадовую дачку. Меддапамога, дарэчы, была толькі на стадыёне. Мы дома, а заўтра ў шпіталь».
«Мы стаялі першымі і праходзілі практычна першымі, як пачалі пускаць у 20, але ўжо тады практычна ўсе месцы былі занятыя. І мы нідзе не селі», — расказваюць тыя, хто здолеў-такі трапіць за плот. «Але атрымліваецца, што першымі зайшлі працаўнікі «Савушкава», а ўсім іншым месца ўжо не хапіла. Так што гэта канцэрт выключна для супрацоўнікаў».

Некаторыя лічаць, што наступстваў і негатыву можна было б пазбегнуць, калі б арганізатары прапанавалі анлайн-рэгістрацыю.
«Мы жывём у 21 стагоддзі. Можна арганізаваць анлайн-рэгістрацыю: хто паспеў, той і пайшоў на канцэрт. Свята анансавалася як частка Дня горада, а не як карпаратыў для набліжаных на віп-месцах ля сцэны.
Я заўсёды дзіўлюся, як хутка забыліся ўрокі Нямігі… Мы стаялі і не разумелі, ці будуць пускаць далей, ці ўжо ўсё. Мала таго, калі адной дзяўчыне стала дрэнна ў натоўпе, яе таксама не прапусцілі ўнутр, супрацоўнікі хуткай жа да яе не прыйшлі».
Іншыя ж мяркуюць, што прыйшоў час выходзіць на больш буйныя пляцоўкі, калі «Савушкаў» плануе далей запрашаць папулярных артыстаў: стадыён змяшчае ўсяго тры тысячы чалавек, і яго ўжо не хапае.
Хаця некаторыя беларусы заўважылі, што частка тэрыторыі стадыёна заставалася незапоўненай, але людзей усё роўна не пусцілі. Існуе меркаванне, што гэта было зроблена ў мэтах бяспекі падчас агнявога і лазернага шоу.
Разам з тым частка гараджан, хто трапіў на канцэрт, былі задаволеныя.

«Зачынілі браму, мабыць, таму што больш гледачоў запускаць было небяспечна. Сярод людзей не каля сцэны былі звычайныя жыхары Брэста і госці. Мяркуючы па тым, што нават пад запрошанымі гасцямі каля сцэны на полі ляжала ахоўнае пакрыццё, то яго нельга было таптаць. Імпрэза класная, проста не ўсім пашанцавала трапіць», — сталі на абарону арганізатараў некаторыч гледачы.

Каментары
На все советские юбилеи прёт , сбивая друг друга , сшибая всё на своём пути , ломая руки и ноги , топча газоны .
И всё для того , чтобы хоть одним глазком глянуть на концерт ,,звёзд,,
Значэнне і паходжанне
• Прабой — гэта металічная дужка ці пятля на дзвярах, у якую ўстаўляецца замок або клямка.
• Выраз узнік у народным побыце: калі чалавек прыходзіць у госці ці да кагосьці па справах, а дома нікога няма і дзверы зачыненыя на замок, яму прыходзіцца «цалаваць прабой» і вяртацца назад.
Падобныя выразы
• Пацалаваць клямку.
• Пацалаваць замок.
• Зварочванне ні з чым.