Грамадства99

«Мне хацелі кампенсаваць каля 10% ад кошту пагарэлага». Як беларускія прадаўцы на Вайлдберыз вырашаюць вогненныя праблемы

Ёсць тэлеграм-чат для тых беларусаў, якія прадаюць свае тавары ў Расіі праз Вайлдберыз. Прадпрымальнікі шукаюць там парады па нейкіх камерцыйных сітуацыях, у якія рана ці позна трапляе кожны. Менш вопытным адказваюць больш вопытныя, энергічныя і назіральныя дзеляцца сваімі лайфхакамі, пакуль гэтыя знаходкі яшчэ не бачаць астатнія. Словам, звычайны чат, у якім чалавек, не датычны да нішы анлайн-гандлю ў Расіі, наўрад ці знойдзе для сябе нешта займальнае. Але 18 ліпеня — дзень удару па складах Вайлдберыз у Падмаскоўі — чат ажывіўся, і ягоны змест за гэтыя дні пачаў уяўляць сабой грамадскі інтарэс.

Пажар на складзе Вайлдберыз у Электрасталі. Фота: bereg.io

Як рэагавалі, пра што разважалі і на што спадзяваліся беларускія прадпрымальнікі?

Першае паведамленне з самай раніцы напісаў карыстальнік з імемем Ян: «У Электрасталь, здаецца, прыляцеў беспілотнік. Можа, лепш заскрыньце лішкі».

Тады яшчэ чалавеку, які адвучыўся чытаць навіны і сам нічога не правяраў, магло падацца, што гаворка пра нейкае невялікае надзвычайнае здарэнне, дробную непрыемнасць, якая закране толькі пару няўдачнікаў.

Потым пачалі з’яўляцца відэа з месца — палаючыя сотні тысяч квадратных метраў карыснай плошчы, занятай чужымі камерцыйнымі таварамі. Гэтаму не паверылі.

«Там [на відэа] дзе густыя слупы дыму — гэта ШІ», «Не рэпосціце ў чат прапаганду», «у СМІ адзін клікбэйт», — адмаўляліся верыць каментатары. 

Цягам гадзіны дайшло асэнсаванне і ад першасных нападак на журналістаў-фэйкамётчыкаў грамадскі сантымент перайшоў да крыўды на маўчанне расійскіх і беларускіх дзяржаўных СМІ.

«Пра сітуацыю на складах WB быў толькі адзін рэпартаж раніцай, пра склад у Катоўску. Навіна на адну хвіліну. Пасля гэтага… ЦІШЫНЯ. Пра Электрасталь ні слова не сказалі! Усе навіны пра тое, як Расгвардыя цудоўна робіць сваю справу. Не прывядзі бог каб для беларусаў такія навіны сталі звыклыя!», — напісана карыстальніца Святлана. 

Нехта пачаў лямантаваць: «Спыняйцеся вы са сваім ШІ. ФАКТ: мінус Сталь, мінус Катоўск. Вынік: тэрміновая дазагрузка складаў, калі вы трапілі ў гэтае пекла. У нас у кожнага кліента частка тавараў была на Сталі. А ў кагосьці толькі Сталь. Вось гэта бяда. Камусьці няма дзе бабкі ўзяць на працяг работы….», — напісала ўдзельніца чату Наталля. 

«Ніхто не падумаў, што гэта можа быць займ ці абавязацельства ў выглядзе тавара. Мала хто зразумеў магчымы памер п**дзеца», — дадала іншая.

Адразу знайшліся і тыя, хто змірыўся.

«Пытанне, з чаго пачынаць: мацнейшае адразу або па нарастаючай. З аднаго боку, трэба не перабухаць […] Вырашыў работнікаў сёння не збіраць. З іншага боку, трэба адцягнуць увагу, паклікаць сабутыльнікаў і пагарэзіць», — напісаў удзельнік-фаталіст. 

На рытарычныя пытанні адных, чаму ж кампанія не ратавала тавары, іншыя адказвалі не менш рытарычным: а вы, калі б былі там на месцы супрацоўнікаў, нечае — ды хай нават сваё — барахло б кінуліся ратаваць першай справай або самога сябе?

Пасля першаснага прыняцця пачаўся калектыўны пошук прычыны, па якой усё здарылася. 

Магістральнай тэорыяй хутка стала такая ідэя, што нібыта склады размешчаны побач з вялікімі нафтабазамі. І таму, маўляў, пры збіцці або адхіленні беспілотнікаў ад курсу яны заляцелі на Вайлдберыз. Выснова: трэба вазіць тавары ў такія склады, побач з якімі няма нафтабаз. Іншыя пачалі шукаць на картах стратэгічныя аб’екты: з’явіліся рэйтынг бяспечных і небяспечных складаў Вайлдберыз, заснаваны на гэтай метадалогіі. 

Дурасць спыніў нейкі Аляксандр, указаўшы на відавочнае: «Якая розніца, што знаходзіцца побач са складам? Паляць склады. А рэцэпт просты: бярэм лінейку і глядзім 3000, лепш 4000 кіламетраў ад мяжы з Украінай».

Тым часам каментатар, які актыўней за ўсіх да таго пераконваў у тым, што відэа палаючага лагістычнага цэнтра — твор ШІ, акуратна спытаў астатніх, ці ёсць ужо якая інфармацыя пра кампенсацыі ад кампаніі за страчаны тавар. 

«Склады, с*ка, застрахаваныя. [А] ты чыста прадавец лох, памножаны на нуль», — такая была квінтэсэнцыя першых адказаў. 

«Пытанне: чаму беларускі прадавец павінен несці страты па згарэлым тавары ВБ, калі ВБ выкупляе ў нас тавар па выкупной накладной пры рэалізацыі яго ў РФ. І калі ён у выніку кладзецца на склад, тавар — ужо уласнасць ВБ, і ўсе рызыкі на ім», — так таксама разважалі ад адчаю. 

Паралельна пачало высвятляцца, што ў прадпрымальнікаў з асабістых кабінетаў на электроннай платформе Вайлдберыз сталі проста знікаць дадзеныя аб іх таварах на знішчаных складах. 

«Падкажыце, як праверыць колькі было на Электрасталі тавару пазаўчора? Нешта не магу гэтую справаздачу знайсці…», — напісаў адзін чалавек. 

«Ужо пачалі чысціць справаздачы. З раніцы загрузіў, як толькі даведаўся… Па новай справаздачы ў мяне рэзка ў два разы менш лікаў стала», — адказаў іншы. 

«8600 адзінак тавару. Кампенсацыі няма», — дадаў трэці. 

Пакуль адныя падлічвалі страты і дабіваліся ад кампаніі адказаў, іншыя — шчасліўчыкі — сталі адмяняць пастаўкі на ўжо неіснуючую Электрасталь.

А іх за гэта штрафавалі: «Падкажыце, хто адмяняў запланаваную пастаўку на Электрасталь? Я адмяніла транзіт праз Брэст — а мне штраф прыляцеў. Падумала, можа, не будзе ў штотыднёвай справаздачы, але сёння ўбачыла, што штраф». 

Некаторыя з тых, у каго тавар быў разнесены па розных складах, ламануліся яго забіраць у Расію. Ім не аддавалі. Нават ноччу. 

Чаму так? Людзі скардзіліся на нясправядлівасць. 

Нехта выказаў здагадку, што гэта таму што «арганізоўваюць узмоцненую ахову». 

І ўвогуле, гэта ўсё толькі на нейкі час, супрацьяддзе супраць атак яшчэ абавязкова прыдумаюць. Напрыклад, маўляў, можна парасцягваць над лагістычнымі цэнтрамі антыдронавыя сеткі, а таксама размясціць дзяжурныя нарады пажарнікаў. Самы скептычны каментатар прапанаваў кінуць абмяркоўваць дурное, таму што рэальна б дапамог толькі «саркафаг як над Чарнобылем». 

Потым тавары ўсё ж пачалі аддаваць, але за грошы. «Не забярэце сёння за грошы — заўтра не забярэце ўвогуле», — папярэджваў іншых і адначасова супакойваў сам сябе адзін з удзельнікаў, які, па меркаванні чатаўцаў, пераплаціў.

Самі пацярпелыя тым самым пачалі збіраць групу на падачу дасудовых скаргаў, а таксама аб’ядноўвацца для пошуку юрыстаў. Пералічвалі свае страты: 15 тысяч даляраў, 80 тысяч даляраў. Адна дама напісала, што ў яе стратаў то на 50 баксаў, але яна таксама вельмі хвалюецца. 

Тут ужо пачалі прыходзіць навіны, што Вайлдберыз выплачвае кампенсацыі. Адкрыўся дзіўны лайфхак: пляцоўка не заўсёды ведае лічбы сабекошту, адпаведна, можна выйсці ў плюс. Такое амаль атрымалася ў пары ўдзельнікаў з адносным вельмі малым сабекоштам і высокім наварам.

«Мне хацелі кампенсаваць каля 10% ад кошту пагарэлага, я ім адпісаўся, што не згодны з такімі налічэннямі. У адказ спыталі, якую суму кампенсацыі я хачу. Я ім даў свае разлікі. Кампенсавалі па маіх патрабаваннях у выніку», — хоць якой перамогай хваліўся адзін з прадаўцоў.

«Я ўсе цэны знізіла, каб усё распрадаць, што ляжыць на [іншых] расійскіх складах і адбіць сабекошт [страчанага]», — напісала карыстальніца Алена.

«Калі вынесуць яшчэ 3‑4 склады, то апроч вялізных стратаў будзе нанесеная рэпутацыйная шкода. Ніводзін прадавец не адгрузіць ім свой тавар, ніводзін узбек не прыйдзе працаваць на склады», — адрэфлексаваў адзін з карыстальнікаў, калі сталі відавочны абрысы будучыні кампаніі Таццяны Кім.

Нарэшце, станам на сёння ўдзельнікі чату часткова выдыхнулі: стала вядома, што для паставак у Цэнтральную федэральную акругу Вайлдберыз цяпер будзе выкарыстоўваць свой склад у Вялікім Камені пад Мінскам. Які — пакуль што — не ў зоне рызыкі.

Тут трэба патлумачыць, што алгарытмы Вайлдберыз прыярытызуюць у выдачы тыя тавары, якія знаходзяцца на пляцоўках, тэрытарыяльна бліжэйшых да кліента. У гэтым быў сэнс таго, каб загадзя адпраўляць тавары на розныя склады. Але цяпер, пасля знішчэння Элетрасталі, умоўны масквіч будзе бачыць у выдачы той тавар, які фізічна знаходзіцца ў Мінску. 

Каментары9

  • Думать надо было раньше
    28.07.2026
    Вас кинули. Нагло. Тупо. Это Россия, детка.
  • Цэнтр Еўропы
    28.07.2026
    Ды ўсе асноўныя склады буйных кампаній павінны быць у Беларусі. Але ж...
  • Окэй
    28.07.2026
    Віншаванні з надзейнымі бізнес-партнёрамі. Працягвайце далей фінансаваць вайну, шаноўныя суайчыннікі, але памятайце пра нюансы.

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»23

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін стаў пазбягаць паездак у рэгіёны ў еўрапейскай частцы Расіі, куды рэгулярна далятаюць дроны1

Канапацкая апублікавала фота з цэнтра Варшавы23

Што такое тэорыя няправільнага абутку?4

Дачка расійскага генерала, адказнага за мабілізацыю, дапамагае ўхіляцца ад войска за грошы

Пяць ахоўнікаў прыкрывалі Лукашэнку, пакуль ён фатаграфаваўся з вясковай сям'ёй16

Бабарыка расказаў, з якім праектам вяртаецца ў палітыку28

Беларускага Сінюю Бараду адпусцілі з расійскай турмы паміраць дома8

Беларускаму актывісту, які жыве ва Украіне, забаранілі ўезд у Польшчу на 10 гадоў27

Сузаснавальнік бюро Zrobim architects, які жыве ў ЗША, прадае сваю долю ў бізнэсе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»23

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць