У Магілёве са свайго месца знікла чэхаўская «Дама з сабачкам». Што з ёй будзе
Адна з самых вядомых гарадскіх скульптур Магілёва, «Дама з сабачкам», якая больш за дваццаць гадоў сустракала наведвальнікаў каля Драматычнага тэатра, знікла са свайго пастамента.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Могилев онлайн», дэмантаж скульптуры звязаны з пачаткам рамонту ўваходнай групы тэатра. Найбліжэйшым часам плануецца прывесці ў парадак прыступкі, пандусы і прылеглую да будынка тэрыторыю.
Саму бронзавую кампазіцыю накіравалі на рэстаўрацыю. Паводле інфармацыі тэатра, скульптуру пачысцяць і абновяць на ёй ахоўнае пакрыццё, пасля чаго яна вернецца на сваё звыклае месца.




Скульптура «Дама з сабачкам» была ўсталяваная каля магілёўскага Драмтэатра ў 2003 годзе. Яе аўтарам стаў знакаміты беларускі скульптар Уладзімір Жбанаў, чые працы («Незнаёмка», «Дзяўчынка з парасонам», «Фатограф», «Конь») сталі візітоўкай Мінска. Магілёўская скульптура адлюстроўвае гераіню апавядання Антона Чэхава Ганну Сяргееўну са шпіцам.
Падобная праца Жбанава, прысвечаная гэтай жа літаратурнай гераіні, таксама ўсталяваная каля Камароўскага рынку ў сталіцы.
Каментары