Здароўе2121

«А чаму вы прыехалі? Думалі, нараджаць не балюча?» Беларуска расказала дзікую гісторыю пра свае роды

Амаль 200 тысяч праглядаў набрала ў сеціве гісторыя беларускі пра складаныя роды, што адбыліся ў мінскай 5‑й радзільні. Мы папрасілі гінеколага пракаментаваць гэты кейс.

Фота: roddom5.minsk / Instagram

«Мне пагражалі смерцю майго дзіцяці, каб прымусіць пагадзіцца на працэдуру»

Беларуска Ганна расказала ў Threads пра свае складаныя роды. Жанчына стала мамай 18 красавіка ў 5‑й радзільні ў Мінску, і толькі цяпер вырашылася апублікаваць сваю гісторыю.

Ганна прыехала ў радзільню са схваткамі. У яе была заключаная дамова на партнёрскія роды, але яе мужа адправілі дахаты, хаця пазней усё ж пусцілі на роды.

Раніцай жанчыну павялі на УГД, і УГД-спецыялістка выказала здагадку, што дзіця можа быць вельмі вялікім. Ганна перапужалася і пазней, калі яе выклікалі на агляд, папрасіла дазволу нараджаць з кесаравым сячэннем. Але доктарка проста рукой ацаніла вагу дзіцяці і сказала, што яно важыць не больш за 4200 грамаў, таму паказанняў для кесарава няма. Калі пасля родаў праверылі вагу малога, яна склала 5130 грамаў.

Ганне прапанавалі пракалоць плодны пухір, каб стымуляваць роды. Жанчына адмовілася, і далей пачаўся ціск — адна з доктарак запатрабавала, каб Ганна падпісала адмову, дзе прапісаная ў тым ліку гатоўнасць пагадзіцца са смерцю дзіцяці:

«Гэта не жарт. Мне пагражалі смерцю майго дзіцяці, каб прымусіць пагадзіцца на працэдуру. Я спужалася, на той момант я ўжо не спала суткі. І мне пракалолі пухір».

У жанчыны хутка пачаліся схваткі, у нейкі момант яна зразумела, што больш не можа трываць боль, і папрасіла выклікаць доктара для эпідуральнай анэстэзіі. Доктарка прыйшла праз 40 хвілін:

«На той момант я была ў балявым шоку, не магла складна гаварыць і проста ўпрошвала зрабіць анэстэзію. На што лекарка адказала: «Раскрыццё 4 см, рана».

Замест эпідуральнай анэстэзіі Ганне ўкалолі дыязэпам і, мяркуючы па паперах, нейкае абязбольвальнае, але ж палёгкі ад гэтых мер яна не адчула. 

«У нейкі момант я не магла ўжо і нармальна дыхаць, проста крычала ад болю, і ў гэты час доктарка падышла да ложка і спытала: «А чаму вы прыехалі? Думалі, нараджаць не балюча?»

Я думаю, тут мае каментары лішнія», — успамінае беларуска.

Далей жанчына расказвае, як цяжка ёй, знясіленай болем, было тужыцца. Дзіця яна нарадзіла сама праз 6,5 гадзін, пры гэтым, піша Ганна, давялося пагадзіцца на эпізіятамію. Жанчына піша, што дзіцё было сіняе.

Калі пасля родаў пабачылі вагу дзіцяці, дактары абвінавацілі ў гэтым жанчыну — маўляў, прапусціла гестацыйны цукровы дыябет. Але, кажа Ганна, яна 7 месяцаў падчас цяжарнасці трымалася дыеты і рабіла належныя аналізы.

Беларуску выпісалі з радзільні з інфекцыяй мочапалавых шляхоў, пазней лекары знайшлі ў яе праблемы са швамі і западозрылі абсцэс. Меркавалі, што спатрэбіцца аперацыя, але хапіла прыёму лекаў.

У жніўні Ганна падала скаргу на радзільню ў Мінздароўе. Мінгарвыканкам стварыў адмысловую камісію па кейсу, і Ганну выклікалі на размову, дзе паведамілі ёй, што ніякіх парушэнняў у яе родах не было.

«Калі б у яе было адэкватнае абязбольванне і да яе нармальна б ставіліся, гэтай гісторыі не было б»

Мы папрасілі пракаментаваць гэтую гісторыю гінеколага Станіслава Салаўя. Доктар лічыць, што не ўсё, на што звярнула ўвагу жанчына, з’яўляецца зонай адказнасці дактароў, але былі і чырвоныя сцягі.

Станіслаў расказвае, чаму медыкі маглі няправільна ацаніць вагу дзіцяці Ганны:

«УГД добра ловіць вагу дзіцяці ў больш-менш стандартных дыяпазонах, калі ж вага большая за іх, то будуць адхіленні. Пераблытаць 4500 і 5100 грамаў — на жаль, гэта звычайная з’ява. Формула, па якой разлічваюць вагу дзіцяці, моцна звязаная з акружнасцю жывата і добра працуе з вагай 3500‑4000 грамаў, а інакш могуць быць памылкі.

Наконт таго, каб рукой ацэньваць вагу дзіцяці — гадоў дзесяць таму гэта быў статыстычна больш дакладны метад, чым тагачаснае УГД».

Але Салавей звяртае ўвагу, што шмат залежыць ад памераў таза жанчыны: нехта народзіць дзіця і на 5 кг, а нехта не зможа нарадзіць і меншых памераў без дапамогі. Калі Ганна змагла нарадзіць сама, значыць, у яе выпадку медыкі ўсё ацанілі правільна.

Лагічна і тое, што жанчыне прапанавалі стымуляцыю родаў праз пракол плоднага пухіра. Яна мела права адмовіцца, але ж яе не павінны былі ў адказ на гэта запужваць, упэўнены Салавей:

«Дэ-юрэ ўсё правільна, але акцэнты расстаўленыя так, каб вымусіць жанчыну падпісаць згоду. Гэта такі ціск на пацыентку, каб яна з-за страху за жыццё дзіцяці пагадзілася на ўсё, што прапануюць дактары. Гэта неэтычна».

Няправільна і тое, што Ганне адмовілі ў эпідуральнай анэстэзіі:

«Па сусветных практыках, калі пацыентка хоча эпідуралку і ў яе няма супрацьпаказанняў, яна яе атрымлівае, так і павінна быць. У Беларусі эпідуральная анальгезія даступная жанчыне, калі яна мае выражаны боль, а яго ацэньваюць суб’ектыўна. Часам мы павінны настойваць на эпідуралцы — напрыклад, у выпадку заўчасных родаў ці прээклампсіі».

Станіслаў тлумачыць, што ў Беларусі з эканамічных прычын рэдка робяць эпідуральную анэстэзію, і па законе абязбольваць роды могуць і з дапамогай іншых метадаў, але ж яны не заўжды працуюць з той жа эфектыўнасцю. 

Салавей звяртае ўвагу і на словы доктара пра тое, навошта Ганна туды прыехала:

«Мякка кажучы, гэта неэтычна, гэта парушэнне медычнай этыкі. Замест таго, каб дапамагчы і пазбавіць пацыентку болю, адбываецца маніпуляцыя — маўляў, усе цярпелі і ты цярпі».

Што да інфекцыі, якую знайшлі ў Ганны пасля родаў, і праблемы са швамі, Салавей кажа, што гэта магло адбыцца ў любым выпадку, нават калі б жанчыне далі антыбіётыкі пасля родаў. Звычайна жанчыну папярэджваюць, што такое можа быць, але ад лекара гэта не заўжды залежыць.

Станіслаў мяркуе, што сапраўдных чырвоных сцягоў у гэтай гісторыі тры — адсутнасць добрага абязбольвання і стаўленне дактароў да жанчыны, а таксама кругавая парука, калі пасля родаў лекары адмаўлялі любую адказнасць адно аднаго.

«Парушаны кантакт чалавека з доктарам, гэта самае дрэннае. Калі б у яе было адэкватнае абязбольванне і да яе нармальна б ставіліся, гэтай гісторыі не было б. Так, швы нагнаіліся і дзіцё большае па памерах, чым чакалі, але яно здаровае і мама здаровая, хоць і даўжэй аднаўлялася, чым нам хацелася б».

Пасля публікацыі гэтай гісторыі камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама пацвердзіў, што па справе Ганны працуе камісія. Паводле іх паведамлення, канчатковых высноваў па гісторыі яшчэ няма.

Таксама прадстаўнікі камітэта заклікалі больш насцярожана ставіцца да родаў праз кесарава сячэнне:

«Паважаныя будучыя і цяперашнія мамы, калі вы перапісваецеся ў сацсетках, вельмі просім вас улічваць той факт, што кесарава сячэнне — гэта не проста «ўзялі, разрэзалі, дасталі дзіця і зашылі». Гэта вельмі небяспечная аперацыя, пасля якой ёсць шмат рызык ускладненняў і наступстваў. А яшчэ далёка не заўжды такое ўжо лёгкае і хуткае аднаўленне».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары21

  • Garcia
    30.08.2026
    Іх так вучылі і вучаць , мау́ляу́ няхай церпяць .
    А выехалі розныя , і дрэнь і добрый лекары .
    Штодзённая сытуацыя , у...ішча кіруюць , вожыкі пакорліва ківаюць .
  • Усё прайшло і слава богу
    30.08.2026
    Няхай пачытае, якія пабочкі пасля эпідуралкі і якія потым могуць быць праблемы з балямі ўнізе спіны. І парадуецца, што ў яе іх ня будзе.
    На і плод весам 5130 гэта анамалія.
    Норма веса 2500-3500. Не трэба старацца, каб плод ва ўтробе вырас большы за 3.5 кг.
    Вялікі плод разрывае ворганы мацеры. (Разрэз робяць, каб зашыць роўным швом, іале можна і без разрэза - само парвецца, толькі крыва і коса, можа і загнаіцца.)

    Роды гэта заўсёды смяртэльна небяспечны момант для маці і дзіцяці, трэба памятаць пра гэта.
    Усе жывыя і здаровыя, лекары зрабілі ўсё самае лепшае.

    Маці проста не ведае, як магло быць горш у яе выпадку з такім завялікім плодам, у якога ўжо ва ўтробе гіпаксія пачалася, лыч яшчэ дыябет.

    Раю маці пераключыцца на ўход за дзіцём, прабачыць дактарам тое, што яна палічыла грубасцю (што накрычалі на яе, калі сінеючае ва ўтробе дзіцё ўжо задыхалася без кісларода і трэба было паскорыць роды). Схадзіць да псіхолага, заняцца каханнем з мужам і забыцца пра роды (да наступных ;) )
  • Не
    30.08.2026
    Rampapam , гэта няпраўда.

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

У ЗША маці застрэліла 11‑месячнага сына, каб бацька ніколі не атрымаў над ім апеку4

На Балі швейцарскі турыст напляваў на мясцовыя традыцыі. Наступны год ён правядзе ў турме10

Чаму ў Мінску ўсё часцей можна сустрэць дзікіх жывёл?1

КДБ затрымаў групу людзей, якіх вінавацяць у зборы закрытай інфармацыі пра абаронныя прадпрыемствы17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць