Навукоўцы выявілі тры суперздольнасці, якія абараняюць кажаноў ад раку
Кажаны могуць жыць дзясяткі гадоў, што надзвычай шмат для такіх маленькіх сысуноў, і пры гэтым рэдка сутыкаюцца з ракам. Навукоўцы высветлілі, што абараняе іх ад пухлін. Некаторыя з гэтых механізмаў у перспектыве могуць дапамагчы і людзям.

Кажаны — адны з самых незвычайных доўгажыхароў сярод млекакормячых. Некаторыя з іх здольныя жыць да 35 гадоў — надзвычай доўга для жывёл такога памеру. Паводле ацэнкі навукоўцаў, у пераліку на чалавечы маштаб гэта адпавядала б прыкладна 180 гадам жыцця.
Але ёсць яшчэ адна загадка. Чым даўжэй жыве арганізм, тым больш разоў дзеляцца яго клеткі і тым больш магчымасцяў для ўзнікнення небяспечных мутацый. Здавалася б, доўгажыхары-кажаны павінны асабліва часта сутыкацца з анкалагічнымі захворваннямі. Аднак адбываецца наадварот: яны надзвычай добра супрацьстаяць развіццю ракавых пухлін.
Каб зразумець, як ім гэта ўдаецца, даследчыкі з Рочэстэрскага ўніверсітэта ў ЗША вывучылі чатыры віды кажаноў і выявілі тры асноўныя механізмы, якія могуць тлумачыць іх незвычайную абароненасць ад раку. На вынікі даследавання звяртае ўвагу выданне National Geographic Polska.
Першы сакрэт — p53
Адну з галоўных роляў адыгрывае бялок p53, які часта называюць адным з асноўных абаронцаў арганізма ад раку. Ён кантралюе стан клетак і можа запускаць іх самазнішчэнне, калі выяўляе небяспечныя пашкоджанні.
У людзей парушэнні ў працы сістэмы p53 звязаныя прыкладна з паловай выпадкаў раку.
А ў аднаго з даследаваных відаў — малой бурай начніцы (Myotis lucifugus) — навукоўцы знайшлі дзве копіі гэтага гена, і абедзве праяўляюць значна вышэйшую актыўнасць, чым у чалавека. Акрамя таго, механізм p53 у гэтых кажаноў працуе больш актыўна, чым у чалавечых клетках. У выніку патэнцыйна небяспечная клетка можа быць знішчаная яшчэ да таго, як ператворыцца ў пухліну.
Аднак тут узнікае праблема. Занадта актыўны p53 можа забіваць не толькі небяспечныя, але і здаровыя клеткі, што паскарае старэнне тканак. Кажанам нейкім чынам удаецца захоўваць баланс.
Другі сакрэт — клеткі доўга не старэюць
Другая «суперздольнасць» кажаноў звязаная з целамеразай — ферментам, які дапамагае клеткам даўжэй захоўваць здольнасць да дзялення.
Пры кожным дзяленні клеткі канцы храмасом — целамеры — паступова скарачаюцца. Калі яны становяцца занадта кароткімі, клетка старэе і перастае нармальна дзяліцца. Целамераза аднаўляе целамеры, тым самым падаўжаючы жыццё клетак і дапамагаючы тканкам абнаўляцца. У кажаноў гэты фермент застаецца актыўным на працягу ўсяго жыцця, што можа быць адной з прычын іх незвычайнага даўгалецця.
Аднак тут узнікае парадокс. Высокая актыўнасць целамеразы можа спрыяць і развіццю раку, бо дазваляе клеткам працягваць дзяліцца. У кажаноў гэтую небяспеку кампенсуе павышаная актыўнасць гена p53, які дапамагае пазбаўляцца ад лішніх і патэнцыйна небяспечных клетак.
Імунітэт таксама мае значэнне
Трэцяя «суперздольнасць» кажаноў — іх незвычайна эфектыўная імунная сістэма. Яна не толькі змагаецца з інфекцыямі, але і распазнае ды знішчае клеткі, у якіх пачынаюцца небяспечныя змены, не даючы ім ператварыцца ў пухліну.
З узростам такі імунны нагляд звычайна слабее. Напрыклад, у людзей імунная сістэма становіцца менш эфектыўнай, а ў арганізме часцей узнікае хранічнае запаленне. Усё гэта павялічвае рызыку захворванняў, у тым ліку анкалагічных.
У кажаноў гэты працэс, падобна, адбываецца інакш. Нават у сталым узросце іх імунная сістэма працягвае эфектыўна выяўляць і знішчаць патэнцыйна небяспечныя клеткі, а сам арганізм добра кантралюе запаленне.
Гэтая асаблівасць можа тлумачыць не толькі ўстойлівасць кажаноў да раку, але і іх вядомую здольнасць пераносіць многія небяспечныя вірусы без цяжкіх наступстваў для саміх сябе.
Ці дапамогуць кажаны стварыць лекі ад раку?
Навукоўцы асцярожныя: адкрыццё механізмаў, якія абараняюць кажаноў, яшчэ не азначае, што іх можна проста перанесці ў чалавечы арганізм. Аднак даследаванне паказвае на перспектыўныя напрамкі.
Асаблівую цікавасць уяўляе ген p53. Ужо існуюць супрацьракавыя прэпараты, дзеянне якіх звязанае з яго актывацыяй, а іншыя падобныя лекі цяпер даследуюцца.
Кажаны могуць дапамагчы зразумець, як яшчэ можна ўзмацніць гэты механізм. Іх клеткі дзякуючы высокай актыўнасці целамеразы здольныя доўга дзяліцца і спрыяць аднаўленню тканак. Адначасова павышаная актыўнасць гена p53 дапамагае стрымліваць некантраляванае дзяленне клетак і развіццё пухлін.
Разуменне таго, як кажанам удаецца захоўваць гэты баланс, у будучыні можа падказаць новыя спосабы барацьбы з ракам у людзей.
Каментары