У хостэле ў Пецярбургу азербайджанец зарэзаў беларуса, які хацеў працаваць замест яго
Беларус сам сабраў рэчы папярэдніка і папрасіў яго хутчэй выязджаць.

Ахвярай канфлікту ў пецярбургскім хостэле «Лівадыя» стаў 38‑гадовы беларус. Яго імя ў судовым рашэнні не называецца, ён зашыфраваны як П.
Забойца — 32‑гадовы азербайджанец Турал Джангір аглы Рамазанаў, ураджэнец Грузіі. Ён жыў і працаваў у хостэле, але на яго месца вырашылі ўзяць беларуса.
Паводле паказанняў сведкі, які таксама жыў у хостэле, беларус пачаў самастойна збіраць рэчы Рамазанава і падганяў яго. Спачатку паміж імі быў канфлікт на словах, потым бойка, у якой беларус некалькі разоў ударыў азербайджанца па твары. «У нейкі момант Рамазанаў дастаў з кішэні складны нож, пасля чаго спытаў: «Ну што, цяпер будзем біцца?» — і накінуўся», — расказаў сведка.
Азербайджанец нанёс пяць удараў — у шыю, грудзі, плячо і кісць. Усё гэта заняло некалькі секунд і трапіла на камеру відэаназірання.
Пасля нападу паранены беларус самастойна вярнуўся ў хостэл, заціскаючы рану на шыі вопраткай, потым выйшаў на вуліцу і чакаў хуткую. Медыкі зафіксавалі пранікальнае раненне грудной клеткі, пнеўматоракс і страту літра крыві. Праз месяц у бальніцы беларус памёр: утварыліся пнеўманія і плеўрыт, што прывяло да лёгачна-сардэчнай недастатковасці.
У судзе Рамазанаў прызнаў віну часткова: сцвярджаў, што абараняўся, а ў грудзі і шыю трапіў выпадкова. Але на відэа было відаць, што беларус у той момант нікога не біў і нікому не пагражаў, а азербайджанец наступаў на яго, працягваючы наносіць удары.
Прысуд — 8 гадоў калоніі для забойцы.
Каментары