«Аргенцінцы абажаюць бульбу, і ў дранікаў ёсць усё, каб ім спадабацца».

Беларусы адкрылі ў Буэнас-Айрэсе кафэ з дранікамі La Papa. Адна са стваральніц, Юлія Лакаткова, да пераезду з Мінска працавала ў маркетынгу. Кафэ яна адкрыла разам з мужам і іх сваяком-поварам, піша аргенцінскае выданне Clarin.
Юлія пабачыла ў драніках патэнцыял: іх універсальнасць і рост інтарэсу жыхароў Буэнас-Айрэса да больш здаровых страў дапамаглі ёй вызначыць канцэпцыю.
У La Papa дранікі падаюць у любы час: на сняданак — з авакада, яйкам або ласосем граўлакс (сырым ласосем, замарынаваным у солі, цукры і кропе), на абед — порцыямі па пяць штук з ласосем і сметанковым сырам. Таксама можна выбраць адзін з пяці хатніх соусаў — перцавы, смятанны, сметанкова-сырны, аёлі або барбекю — і дадаць да дранікаў смажанае мяса, грыбы, ласось, яечню або авакада.
Ёсць і вафлі з таго ж бульбянога цеста — з авакада і яечняй. Яшчэ адзін варыянт — «беларуская тастада»: два бульбяныя тосты з гуакамоле і ласосем. Сям'я таксама эксперыментуе з новай стравай — эмпанадай з бульбянога цеста замест традыцыйнага.

Галоўны прынцып кафэ — поўная адсутнасць глютэну. «Пасля адкрыцця мы зразумелі, наколькі важна для Аргенціны знайсці смачную і надзейную ежу без глютэну. Таму ў нашу ўстанову не заходзіць нічога, што ўтрымлівае глютэн», — распавядае Юлія.
Паводле яе слоў, большасць пытанняў, якія ёй дасылаюць у Instagram, тычацца менавіта гэтага.
«Наша мара — каб аднойчы дранікі сталі такімі ж вядомымі і папулярнымі, як сушы або корн-догі. А чаму б і не? Аргенцінцы абажаюць бульбу, і ў дранікаў ёсць усё, каб ім спадабацца. Яны гатуюцца пры вас, атрымліваюцца залацістымі і хрумсткімі звонку, далікатнымі ўнутры, і іх можна спалучаць з рознымі соусамі і дабаўкамі», — упэўненая Юлія.
Каментары
* - Я люблю дранік з яйкам і цыбуляй