Бабарыка расказаў, якія ў яго адносіны з Ціханоўскай і іншымі прадстаўнікамі дэмсілаў
Былы палітвязень, банкір і экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка ў інтэрв'ю Delfi расказаў пра свае адносіны са Святланай Ціханоўскай і Аб'яднаным пераходным кабінетам, ацаніў працу дэмакратычных сіл за апошнія гады і патлумачыў, у чым з імі не пагаджаецца.

Бабарыка адзначыў працу, якую беларускія дэмакратычныя сілы зрабілі пасля 2020 года — «захаванне Беларусі цягам ужо шасці гадоў пасля 2020 года ў еўрапейскім і сусветным парадку дня».
Асобна Бабарыка адзначыў вынік гэтай працы ў кантэксце вайны супраць Украіны.
«Пры ўсёй рэальнай уцягнутасці рэжыму ў вайну як саагрэсара я ўсё роўна бачу поспехі ў падзеле адказнасці рэжыму і адказнасці беларускага народа. І тут адназначна можна сказаць, што гэта заслуга, безумоўна, дэмакратычных сіл».
Разам з тым Бабарыка бачыць праблему ў тым, што за гады эміграцыі паміж дэмакратычнымі структурамі за мяжой і беларусамі ўнутры краіны ўзнік разрыў. На яго думку, у такіх умовах гэта было амаль непазбежна.
«Па ўсіх статыстычных даных, тры-пяць гадоў эміграцыі — калі яна існуе, яна пачынае жыць іншымі інтарэсамі. Ён [гэты разрыў] назіраецца».
Галоўнае разыходжанне з часткай дэмакратычных сіл Бабарыка бачыць у тым, якія задачы яны ставяць перад сабой:
«Я вельмі часта чую: «Наша задача — захаваць тое, чаго мы дабіліся. Вось я не згодны захоўваць. Я лічу, наша задача — не проста прымнажаць, наша задача ўсё ж такі фарміраваць карыснасць для беларусаў унутры краіны, нягледзячы на ўсе цяжкасці.
Вось у гэтым, хіба што, мы крыху не супадаем».
Свае адносіны з дэмсіламі Бабарыка акрэсліў як «дружалюбны нейтралітэт».
Пры гэтым Віктар падкрэсліў, што не зацікаўлены ў супрацьстаянні ўнутры дэмакратычнага асяроддзя, бо «ў прынцыпе не прыхільнік любой вайны, таму што вайна проста займае кучу сіл і накіраваная на разбурэнне», а ён «усё ж такі прыхільнік стваральнага працэсу».
Асабліва бессэнсоўнымі такія канфлікты ён лічыць ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў беларускай эміграцыі.
Як сцвярджае Бабарыка, з яго боку ў адрас дэмакратычных сіл Беларусі пакуль не гучала крытыка, толькі пытанні.
«На жаль, адказаў я не пачуў. Прагучала крытыка самога пытання», — адказаў Бабарыка.
У якасці прыкладу ён прывёў рэакцыю на тое, што ягоныя пытанні параўноўвалі з аўдытарскай праверкай.
«Мне часам вельмі падабаецца крытыка: «Бабарыка задаў пытанне як аўдытар». А я заўсёды кажу: «А я не вельмі зразумеў, а чаму аўдыт — гэта дрэнна?»
Насамрэч аўдыт увогуле — гэта класная гісторыя. (…) У чым каштоўнасць незалежнага аўдыту? Менавіта ў праўдзівасці яго ацэнкі. А тут не. Кажуць, што аўдытар — гэта дрэнна».
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары