Рэзервістаў у Маскве пачнуць адпраўляць у атрады па знішчэнні беспілотнікаў
Байцам абяцаюць заробак ад 2300 даляраў і прэміі за кожны збіты дрон.

Міністэрства абароны Расіі вырашыла стварыць у Маскоўскай вайсковай акрузе (МВА) спецыяльныя атрады для перахопу беспілотнікаў, якія будуць папаўняць за кошт расіян, што знаходзяцца ў рэзерве, піша Moscow Times.
«У мэтах узмацнення супрацьпаветранай абароны крытычна важных аб’ектаў на тэрыторыі МВА прынята рашэнне аб фарміраванні спецыялізаваных аддзяленняў FPV-перахопнікаў са складу рэзервістаў», — паведамілі ТАСС у прэс-службе акругі.
Мяркуецца, што рэзервісты будуць займацца «аператыўным процідзеяннем» дронам і «забеспячэннем надзейнай абароны аб’ектаў ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры». Для гэтага яны будуць выкарыстоўваць «высакахуткасныя FPV-дроны-перахопнікі».
На гэты момант вайскоўцы рыхтуюць інструктараў, якія будуць навучаць рэзервістаў кіраванню перахопнікамі. Пры гэтым у інструктары набіраюць удзельнікаў вайны ва Украіне.
У МВА, акрамя Масквы і Маскоўскай вобласці, уваходзяць Белгародская, Бранская, Уладзімірская, Варонежская, Іванаўская, Калужская, Кастрамская, Курская, Ліпецкая, Ніжагародская, Арлоўская, Разанская, Смаленская, Тамбоўская, Цвярская, Тульская і Яраслаўская вобласці.
У чэрвені міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў паведаміў аб працы па стварэнні мабільных агнявых груп (МАГ) для процідзеяння дронам. У прыватнасці, такія групы з’явіліся ў Ленінградскай вобласці, дзе яны абараняюць крытычна важную інфраструктуру і прадпрыемствы.
Пры гэтым МАГ фарміруюць за кошт рэзервістаў, якія падпісваюць трохгадовы кантракт, казаў губернатар рэгіёна Аляксандр Драздзенка. Байцам абяцаюць заробак ад 200 тысяч расійскіх рублёў (2300 даляраў) і прэміі 100 тысяч расійскіх рублёў (1150 даляраў) за кожны збіты дрон. Таксама кантракт прадугледжвае абавязковае страхаванне жыцця і здароўя на суму 2 млн рублёў (23 тысяч даляраў). Запісацца ў МАГ могуць мужчыны ва ўзросце да 62 гадоў.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары