Японія запатрабавала дэмантаваць у Хабараўску помнік савецкаму салдату, які паставілі два дні таму
Токіа абурыў помнік савецкаму салдату, які прыкладам вінтоўкі разбівае пагранічны знак з хрызантэмай. Гэтая кветка — адзін з нацыянальных сімвалаў Японіі і эмблема імператарскага дома.

Японія запатрабавала ад Расіі дэмантаваць адкрыты ў Хабараўску помнік перамозе над Японіяй у Другой сусветнай вайне.
Прэм’ер-міністарка Японіі Санаэ Такаіці назвала манумент «цалкам непрымальным». Міністр замежных спраў Тасіміцу Матэгі заявіў, што ён абражае нацыянальныя пачуцці японцаў і не спрыяе адносінам паміж краінамі.


«Праз дыпламатычныя каналы мы рашуча запатрабавалі ад расійскага боку адмовіцца ад усталявання і дэмантаваць помнік», — сказаў Матэгі.
Масква пакуль ніяк не адказала.
Манумент адкрылі 4 верасня і прысвяцілі разгрому Японіі ў 1945 годзе. Гэта 15‑метровая бронзавая фігура савецкага салдата, які прыкладам вінтоўкі разбівае знак з хрызантэмай — эмблемай японскага імператарскага дома.
Спрэчка вакол помніка ўзнікла на фоне новага абвастрэння адносін Масквы і Токіа. У жніўні Уладзімір Пуцін упершыню за час свайго кіравання наведаў адзін з Курыльскіх астравоў, на якія прэтэндуе Японія. Токіа лічыць чатыры паўднёвыя астравы грады сваёй тэрыторыяй. Праз гэтую спрэчку Расія і Японія дагэтуль не заключылі мірнага дагавора пасля Другой сусветнай вайны.
Каментары