«Сотні курдаў расказваюць пра сувязь з дачкой прэм'ера Курдыстана. І толькі 1% заяў на прытулак ад мігрантаў у Брытаніі сапраўдныя»
Пакістанцы выдаюць сябе за гомасэксуалаў, а бангладэшцы — за палітычных апазіцыянераў. Супрацоўнік брытанскага МУС расказаў The Times, як мігранты выкарыстоўваюць гатовыя гісторыі, фальшывыя дакументы і іншыя схемы, каб атрымаць прытулак у Вялікабрытаніі.

Тэма нелегальнай міграцыі застаецца адной з вострых у Вялікабрытаніі. Людзі працягваюць перасякаць Ла-Манш на невялікіх лодках, а іх прыбыццё часам выклікае пратэсты.
На гэтым фоне газета The Times апублікавала вялікі матэрыял пра тое, як працуе брытанская сістэма прытулку і якімі спосабамі ёй могуць злоўжываць.
Крыніцай выдання стаў супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў, які шмат гадоў прымае рашэнні па заявах на прытулак і за гэты час разгледзеў тысячы спраў. The Times не называе яго імя і пазначае літарай J.
«У найлепшым выпадку толькі 1% заяў на прытулак маюць сапраўдныя падставы. Амаль няма такога аспекту сістэмы прытулку, дзе не было б альбо маштабнага махлярства, альбо сур'ёзных збояў. Нічога не працуе так, як павінна», — сцвярджае ён.
Сотні «каханкаў» і «геяў»
J расказаў The Times, што ў працы рэгулярна сутыкаецца з аднолькавымі гісторыямі ад людзей з адных і тых жа краін. Ён і яго калегі называюць іх «пакетнымі заявамі».
Адзін з найбольш яскравых прыкладаў — іракскія курды, якія сцвярджалі, што мелі рамантычныя адносіны з дачкой прэм'ер-міністра Курдыстана і таму вымушаныя шукаць прытулак.
Такіх мужчын, паводле J, аказаліся сотні. Сярод супрацоўнікаў МУС гэта нават стала прадметам жартаў.
Іншая схема звязаная з грамадзянамі Пакістана, якія сцвярджаюць, што на радзіме ім пагражае небяспека праз іх гомасэксуальнасць.
J кажа, што ён і яго калегі сутыкаліся з сотнямі заяў ад пакістанцаў, якія называлі сваім бойфрэндам аднаго і таго ж мужчыну. Той даваў ім лісты, якія павінны былі пацвердзіць іх адносіны.
Паводле J, у заявах пакістанскіх мужчын часта фігуравалі фатаграфіі з адной і той жа гей-пляцоўкі ва ўсходнім Лондане — клуба Legs 800, які назаўсёды зачыніўся ў мінулым годзе.
«Атрымліваеш гэтыя здымкі — і там дзесяць пакістанскіх хлопцаў стаяць з голым торсам у клубе, абняўшы адзін аднаго, каб паспрабаваць даказаць, што яны геі», — расказвае J.
Міністэрства ўнутраных спраў расследуе рост колькасці фальшывых заяў ад людзей, якія выдаюць сябе за геяў. Сёлета была пачатая новая праверка пасля таго, як расследаванне BBC выкрыла ценявую індустрыю юрыдычных фірмаў і іміграцыйных кансультантаў, якія бяруць тысячы фунтаў за дапамогу мігрантам у падачы ілжывых заяў аб сваёй арыентацыі.
Адзін з іміграцыйных адвакатаў расказаў журналісту, які выдаў сябе за мігранта, што МУС ніколі не правярае праўдзівасць такіх слоў, і параіў казаць на інтэрв'ю: «Я гей, і гэта мая рэальнасць».
Апазіцыянеры з Бангладэш
Паводле слоў J, за апошнія пару гадоў з'явілася вялікая колькасць заяўнікаў з Бангладэш, якія сцвярджаюць, што зазнаюць палітычны пераслед праз сяброўства ў «Авамі Ліг», якая была ва ўладзе 15 гадоў да 2024 года. Цяпер уся дзейнасць гэтай партыі ў Бангладэш забароненая.
Як сцвярджае J, многія бангладэшцы, якія называюць сябе сябрамі партыі або яе студэнцкага крыла «Чхатра», не могуць расказаць нічога істотнага пра яе палітыку, апроч лозунга «Адукацыя, мір, росквіт».
Пры гэтым яны нярэдка заяўляюць, што займалі ў партыі высокія пасады — прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта або генеральнага сакратара. На пытанне пра свае абавязкі яны адказваюць аднолькава: «дапамагаць студэнтам, якія мелі фінансавыя цяжкасці падчас навучання».
Паводле J, падобныя гісторыі з Бангладэш з'яўляліся гадамі. Пасля змены ўлады заяўнікам, паводле яго, заставалася толькі памяняць назву партыі, пераследу якой яны нібыта баяліся.
Заявы часта падмацоўваюцца «фальшывымі паліцэйскімі дакументамі», дзе «зноў і зноў выкарыстоўваецца адно і тое ж імя суддзі, аднаго і таго ж магістрата і адно і тое ж месца».
Але патэлефанаваць у Бангладэш і праверыць сапраўднасць дакумента брытанскі чыноўнік не можа. Міжнародныя правілы канфідэнцыяльнасці забараняюць паведамляць уладам краіны паходжання пра тое, што чалавек просіць прытулак: калі яго гісторыя сапраўдная, такая праверка сама можа паставіць яго пад пагрозу.
Пры гэтым, як адзначае выданне, Пакістан і Бангладэш уваходзяць у лік асноўных краін па колькасці зваротаў па прытулак у Вялікабрытаніі. Амаль дзевяць з дзесяці ўсіх заяў падаюць людзі, якія прыехалі ў краіну па працоўных, вучэбных або турыстычных візах і засталіся пасля заканчэння тэрміну іх дзеяння.
Адмовіць складаней, чым пагадзіцца
J бачыць праблему не толькі ў дзеяннях некаторых мігрантаў, але і ў самой арганізацыі працы МУС.
Пасля прыбыцця ў Вялікабрытанію або падачы заявы пасля заканчэння візы мігранты праходзяць кароткае «скрынінгавае інтэрв'ю», на якім збіраецца базавая інфармацыя. Паводле J, заяўнікі падчас яго часта адказваюць вельмі расплывіста.
Пазней праводзіцца другое, асноўнае інтэрв'ю, якое можа працягвацца некалькі гадзін. Раней паміж двума інтэрв'ю магло прайсці некалькі месяцаў. Суразмоўца выдання лічыць, што такі перапынак дазваляе падрыхтаваць гісторыю, атрымаць кансультацыі і знайсці неабходныя фальшывыя доказы.
Цяпер МУС паскорыла разгляд заяў і скараціла гэты прамежак. Аднак, паводле J, некаторыя заяўнікі бяруць даведку аб хваробе і так атрымліваюць яшчэ некалькі месяцаў на падрыхтоўку.
Паводле J, культура ў камандах Міністэрства стварае ўнутраную ўстаноўку на карысць задавальнення заяў. Чыноўнік павінен задаволіць заяву, калі лічыць, што заяўнік «хутчэй за ўсё» кажа праўду.
Адабрэнне заявы займае «максімум паўгадзіны», тады як афармленне адмовы можа доўжыцца шмат гадзін, бо чыноўнік мусіць адказаць на кожны аргумент заяўніка.
J прыводзіць прыклад: чалавек кажа, што баіцца быць забітым пасля вяртання на радзіму, але сцвярджае, што не ведае, як паведаміць пра небяспеку паліцыі сваёй краіны. Супрацоўнік МУС тады павінен растлумачыць яму, як звярнуцца ў паліцыю. Часам у рашэнні даводзіцца таксама пералічваць канстытуцыйныя правы, якія чалавек мае ў сябе на радзіме.
Паводле J, кіраўніцтва таксама загадвала называць просьбітаў прытулку «кліентамі». Ён лічыць, што гэта адлюстроўвае падыход, пры якім супрацоўнік адчувае, што «аказвае паслугу ім, а не краіне».
Пазіцыя ўладаў
Міністэрства ўнутраных спраў не пагадзілася з высновамі ананімнага супрацоўніка.
У ведамстве заявілі The Times, што не каментуюць «ананімныя паведамленні». У МУС запэўніваюць, што маюць адпрацаваныя працэдуры праверкі праўдзівасці заяў і выяўлення махлярства.
У якасці аднаго з паказчыкаў ведамства прыводзіць статыстыку. У 2022 годзе станоўча заканчваліся 77% разгледжаных заяў, цяпер — 38%. За год да чэрвеня статус уцекача атрымалі 42 394 чалавекі пры 115 394 першасных рашэннях.
Брытанскія ўлады абяцаюць далей узмацняць барацьбу са злоўжываннямі. У канцы чэрвеня ў Палату абшчын унеслі новы законапраект аб іміграцыі і прытулку, які ўжо прайшоў другое чытанне і цяпер знаходзіцца на разглядзе парламента.
У МУС заяўляюць, што новы закон павінен паскорыць разгляд заяў і ўзмацніць барацьбу з тымі, хто спрабуе падмануць іміграцыйную сістэму. Кіраўніца ведамства папярэдзіла: тым, хто спрабуе падманам атрымаць права застацца ў Вялікабрытаніі, адмовяць і вышлюць з краіны.
Брытанія 25 гадоў не можа дэпартаваць беларуса — той хлусіць беларускім уладам, што ён не свой. І яны не забіраюць яго дадому
У Ла-Маншы ўратавалі 157 мігрантаў, якія спрабавалі пераплысці ў Вялікабрытанію на надзіманай лодцы
Улады пяці краін ЕС дамовіліся аб стварэнні цэнтраў утрымання мігрантаў за межамі Еўропы
Каментары