Венгр на чэмпіянаце свету ў Берліне нечакана зрабіў «ход Беларуссю» і перамог
На чэмпіянаце свету па GeoGuessr, які прайшоў у Берліне, перамог 21‑гадовы венгерскі гулец Сабальч Дэбрэ. У адным з вырашальных раўндаў ён выкарыстаў незвычайны прыём, вядомы як «ход Беларуссю», і дзякуючы яму здолеў бліжэй за суперніка вызначыць месца, дзе быў зроблены здымак, паведамляе rtvi.us.

GeoGuessr — браўзерная гульня, у якой удзельнікам паказваюць выпадковыя выявы з сэрвісу Google Street View, а яны павінны вызначыць іх месца на карце. Чым меншая адлегласць паміж адказам гульца і сапраўдным месцам здымкі, тым больш балаў ён атрымлівае.
Звычайна ўдзельнікі арыентуюцца на навакольны пейзаж, надпісы, дарожныя знакі, асаблівасці руху і іншыя прыкметы. Чэмпіянаты свету па гэтай гульні праводзяцца з 2023 года.
У фінале 5 верасня Дэбрэ гуляў супраць француза Мацье Уэ, вядомага як Blinky. Перад апошнім раўндам гульцам паказалі здымак моста праз раку, на якім знаходзіліся два рыбакі. На заднім плане былі прыватныя дамы, платы і цяпліца.
Француз вырашыў, што гэта Украіна, а венгр нечакана паставіў кропку на Беларусі. Такое рашэнне здзівіла каментатараў, бо Беларусь не мае афіцыйнага пакрыцця Google Street View.
Аднак «беларускі ход» спрацаваў. Выбранае Дэбрэ месца аказалася бліжэй да сапраўднага. Насамрэч фатаграфія была зроблена ў Расіі, недалёка ад мяжы з Эстоніяй.
Прыхільнікі GeoGuessr высока ацанілі незвычайнае рашэнне. У супольнасці гульні яго назвалі адным з самых запамінальных момантаў у гісторыі спаборніцтваў і адзначылі, што раней такі прыём у фіналах чэмпіянатаў, паводле іх звестак, не выкарыстоўваўся.
Сутнасць «ходу Беларуссю» заключаецца ў здагадцы, што калі пейзаж нагадвае Усходнюю Еўропу, то варта рызыкнуць і выбраць Беларусь, нават нягледзячы на адсутнасць афіцыйных здымкаў Google Street View.
Жанчына паказала стан туалета ў «Белмытсэрвісе» ў цэнтры Мінска. Там папрасілі прабачэння
У Брэсцкай крэпасці збіраюцца аднавіць мост на Пагранічны востраў. Так будзе прасцей турыстам
«Падляшша недаацэненае новымі эмігрантамі». Беларус стварае фотапраект, прысвечаны аканіцам хат на польскім памежжы
Кітайскіх блогераў павязуць па замках і на «Лінію Сталіна»
Расійскія стрымеры ідуць пешшу з Масквы ў Мінск, каб паціснуць руку Лукашэнку
Каментары