Фонд Талая, што вінавацяць у русіфікацыі ўкраінскіх дзяцей, стварае цэнтр пад Барысавам
Фонд Талая купіў будынак у былой сядзібе Радзівілаў. Там рыхтуюць цэнтр для дзяцей з акупаванай Украіны, піша Tribuna.com. Праект рэалізуюць за расійскія грошы.

Фонд Аляксея Талая набыў будынак плошчай 800 квадратных метраў на тэрыторыі былой сядзібы Радзівілаў у Старабарысаве пад Барысавам.
Там ствараюць рэабілітацыйны цэнтр для ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з тэрыторый, акупаваных Расіяй. Таксама ў ім плануюць прымаць беларускіх дзяцей, якія атрымалі інваліднасць у выніку няшчасных выпадкаў.
Рамонт ужо набліжаецца да завяршэння. Сам Талай збіраецца праводзіць у цэнтры матывацыйныя заняткі.
Паводле яго слоў, праект фінансуецца дзякуючы «падтрымцы з Расіі». Хто менавіта з Расіі фінансуе праект і колькі грошай на яго выдаткавалі, не ўдакладняецца.
Дзейнасць фонду Талая ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей выклікае абвінавачанні з боку праваабаронцаў. Паводле расследаванняў, за праектамі, якія падаюцца як аздараўленне і рэабілітацыя, стаяць таксама мілітарызацыя дзяцей і навязванне ім ідэй рускага свету».
Талая і яго фонд абвінавачваюць у датычнасці да дэпартацыі і прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей. Ва Украіне супраць яго распачалі крымінальную справу.
Афіцыйны Мінск адмаўляе абвінавачанні ў незаконным вывазе дзяцей.
Каментары