У Віцебску знайшлі сабаку з адсечанымі лапамі. Гэта ўжо другі падобны выпадак за апошні тыдзень
У Віцебску знайшлі сабаку з адсечанымі лапамі. Пра здарэнне 22 лістапада паведаміла зоаабарончая ініцыятыва «Чатыры лапы». Жывёліну выявілі ў віцебскім мікрараёне Мішкава, піша Blizko.by.

Па словах валанцёраў, сабака страціў канечнасці яшчэ тыдзень таму, але выжыў. Жывёліна не была бяздомнай, аднак яе гаспадароў зоаабаронцы характарызуюць як нядобранадзейных людзей. Сабаку адвезлі ў ветэрынарную клініку, дзе яму аказалі першую дапамогу. Цяпер жывёліну рыхтуюць да аперацыі.
Міліцыя пачала праверку. Версія пра тое, што сабаку траўмаваў цягнік, не пацвердзілася. Аднак не выключаецца, што ён мог страціць лапы праз стрэлкі на чыгуначных пуцях. Зоаабаронцы падкрэсліваюць, што пакуль разглядаецца некалькі магчымых версій здарэння.
Гэта ўжо другі падобны выпадак за тыдзень. Раней сабаку з адрэзанымі лапамі знайшлі ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Мясцовы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 339‑1 Крымінальнага кодэкса — за жорсткае абыходжанне з жывёлай. Цяпер сілавікі праводзяць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, каб выявіць вінаватых.
Пад уплывам гэтых навін адна з жыхарак Мінска звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі праз сацыяльную сетку Threads з просьбай змяніць артыкул 339‑1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі.
Аўтарка звароту прапануе перагледзець пакаранне за такія злачынствы. Цяпер вінаватыя могуць несці як крымінальную адказнасць паводле артыкула 339-1, так і адміністрацыйную — паводле артыкула 19.1, які прадугледжвае штраф, грамадскія працы або арышт.
Жанчына лічыць, што штрафы за жорсткае абыходжанне з жывёламі трэба цалкам выключыць з сістэмы пакаранняў. Па яе словах, чалавек, які наўмысна прычыняе жывёліне боль, калечыць яе, адразае лапы, катуе або забівае, не павінен мець магчымасці проста заплаціць грошы і пазбегнуць больш сур'ёзных наступстваў.
Сярод прапанаваных зменаў — рэальныя тэрміны пазбаўлення волі за наўмыснае прычыненне жывёлам цяжкіх калецтваў, катаванне і забойства. У выпадку паўторных злачынстваў пакаранне прапануецца ўзмацняць. Акрамя таго, мінчанка лічыць неабходным пажыццёва забараняць утрымліваць хатніх жывёл людзям, асуджаным за такія дзеянні.
Публікацыя набрала больш за 180 тысяч праглядаў. У каментарах многія карыстальнікі падтрымалі яе прапановы. Некаторыя заклікалі прыраўняць адказнасць за жорсткае абыходжанне з сабакамі да адказнасці за гвалт над людзьмі, іншыя прапанавалі сабраць подпісы пад петыцыяй і пашырыць ахоп звароту ў сацыяльных сетках.
У Ганцавіцкім раёне нейкі вылюдак адрэзаў сабаку лапы
У Мінску п'яная цяжарная жанчына выкінула з 9‑га паверха кошку. Перад гэтым яна заступалася за сабаку
Пабіты сабака з Віцебска, якога Лукашэнка падарыў Баскаву, дагэтуль жыве ў апошняга
У Гродне мужчына выкінуў з дзявятага паверха ёркшырскага тэр’ера, які бараніў гаспадыню
71‑гадовы бягун працягнуў шпіца па зямлі падчас забегу. Да мужчыны прыйшла міліцыя
Каментары