Свет

Расіянам усё цяжэй знаходзіць ахвотных ісці на вайну за грошы

Тэмпы набору кантрактнікаў у расійскую армію, якая ваюе супраць Украіны, знізіліся на 11%, нягледзячы на рост аднаразовых выплат за падпісанне кантрактаў. Вярбовачная кампанія Міністэрства абароны Расіі, перад якой пастаўлена задача знайсці сёлета 409 тысяч чалавек для фронту, сутыкаецца з усё большымі цяжкасцямі, піша The Moscow Times.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo / Alexei Alexandrov

Паводле падлікаў кіраўніка даследаванняў Усходняй Еўропы і Еўразіі Германскага інстытута міжнародных адносін і бяспекі Яніса Клюге, сярэдняя выплата за згоду адправіцца на вайну ў расійскіх рэгіёнах дасягнула 2,4 мільёна рублёў (каля 29,3 тысячы даляраў). Аднак у трэцім квартале колькасць новых кантрактаў скарацілася на 10%.

Паводле ацэнак Клюге, у ліпені — верасні кантракты падпісалі 109,5 тысячы чалавек, а ў кастрычніку — каля 34 тысяч. Кастрычніцкі паказчык аказаўся на 11% ніжэйшы, чым год таму, і на 17% ніжэйшы за ўзровень кастрычніка 2024 года. Усяго за першыя дзесяць месяцаў года на кантрактную службу ўдалося прыцягнуць 297 тысяч чалавек — на 37 тысяч, або 11%, менш, чым за такі ж перыяд летась.

Заснавальнік праекта «Ідзіце лесам» Грыгорый Свердлін адзначае, што расійскай арміі з кожным годам і кожным месяцам усё цяжэй знаходзіць ахвотных ваяваць. Новыя кантрактнікі неабходныя для папаўнення страт на фронце, але вярбоўшчыкі ўжо працяглы час не могуць прыцягнуць дастатковую колькасць людзей нават за вялікія грошы.

За год сярэдні памер выплаты за падпісанне кантракта вырас прыкладна на 20%, або на 400 тысяч рублёў (прыблізна 4 880 даляраў ЗША), а ў параўнанні з пачаткам 2025 года — на 60%. Аднак, па словах аналітыкаў Інстытута вывучэння вайны, апошнімі месяцамі набор усё адно не кампенсуе страты расійскіх войскаў на фронце. Паводле звестак заходніх разведак, расійская армія штомесяц страчвае ва Украіне каля 50 тысяч чалавек забітымі і параненымі. Агульныя страты з пачатку поўнамаштабнай вайны набліжаюцца да 1,5 мільёна чалавек.

Дадатковай праблемай становіцца фінансавае становішча расійскіх рэгіёнаў. Эканамістка Наталля Зубарэвіч звяртае ўвагу, што мясцовым уладам усё цяжэй выконваць квоты на набор, вызначаныя Крамлём, праз пагаршэнне стану бюджэтаў. Летась рэгіёны завяршылі з рэкордным дэфіцытам у 1,5 трыльёна рублёў, а сёлета, паводле прагнозу Сбербанка, ён можа павялічыцца да 2 трыльёнаў.

Паводле падлікаў Bloomberg, не менш за дзесяць расійскіх рэгіёнаў сёлета скарацілі выплаты сем'ям загінулых на фронце. Дзясяткі рэгіёнаў таксама былі вымушаныя зменшыць сацыяльныя выдаткі і пачаць звальненні работнікаў бюджэтнай сферы.

Змяншэнне колькасці новых кантрактнікаў можа стварыць для расійскай арміі сур'ёзныя праблемы на фронце. Пра гэта папярэджвае старшы навуковы супрацоўнік Фонду Карнэгі за міжнародны мір Майкл Кофман. Паводле яго, калі Расіі не ўдасца павялічыць тэмпы набору або правесці мабілізацыю, яе войскі пачнуць вычэрпвацца і стануць больш уразлівымі. У выніку расійскае наступленне можа не толькі спыніцца, але з часам сітуацыя на фронце здольная істотна змяніцца на карысць Украіны.

Каментары

Цяпер чытаюць

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну8

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Імбір, вітаміны ці кантрасны душ? Што сапраўды дапамагае абараніцца ад прастуды1

Ці шкодна глядзець відэа на падвоенай хуткасці3

Ярашук расказаў, як Галіна Лукашэнка запрасіла Еўдакімава на гарбату3

Выкладчыцы вакалу з Бабруйска далі 14 гадоў у Расіі за сэксуальны гвалт над дзяўчаткамі21

Каля мяжы з Беларуссю нямецкія вайскоўцы ўпершыню выпрабавалі на вучэннях дроны-камікадзэ6

Расійскі ракетны карвет «Меркурый» пайшоў на дно11

Мужчыны ўсё часцей патрабуюць стаўлення да іх як да прынцаў: каб жанчыны плацілі за спатканні і дарылі падарункі16

Пасля расійскіх удараў у Адэсе і Дняпры масавыя адключэнні святла

У Польшчы ў пятніцу ўпалі тры расійскія ракеты8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну8

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць