У рэгіёне Аль-Дафра ў эміраце Абу-Дабі знайшлі парэшткі невядомага раней віду драпежнага сысуна, які жыў каля сямі мільёнаў гадоў таму. Жывёліну назвалі Promegaviverra abudhabiensis у гонар сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Жывёліна належала да сямейства віверавых, да якога адносяцца сучасныя мангусты і генеты. Гэта першая падобная знаходка на Аравійскім паўвостраве. Яна пацвярджае гіпотэзу, што старажытныя гіганцкія цыветы перабіраліся з Азіі ў Афрыку праз гэты рэгіён.
Першы фрагмент сківіцы ў канцы лютага знайшла супрацоўніца музея Ханэке Джэйкабс. Неўзабаве каманда палеантолагаў на чале з доктарам Маркам Бічы і куратарам Лукай Белучы знайшла яшчэ тры фрагменты ў радыусе аднаго метра.
Каб вызначыць, якой жывёле яны належалі, даследчыкі з Музея натуральнай гісторыі Абу-Дабі перадалі лічбавую трохмерную мадэль доктару Альберта Валенсіяна з Мадрыдскага ўніверсітэта Камплутэнсэ. Ён выключыў магчымасць таго, што рэшткі належаць шаблязубым тыграм, гіенам або расамахам, і прыйшоў да высновы, што навукоўцы знайшлі новы род і від драпежніка. Яго вага складала не менш за 20 кілаграмаў.
У эпоху позняга міяцэну, каля сямі мільёнаў гадоў таму, гэты прыбярэжны раён выглядаў зусім інакш. Замест сучаснага мора тут была раўніна з вялікімі рэкамі, саванамі і лясамі. Па словах Марка Біча, у тых мясцінах жылі бегемоты, кракадзілы, чарапахі і гіпарыёны — продкі сучасных трохпалых коней. Парэшткі драпежніка захаваліся дзякуючы таму, што былі пахаваныя пад пластамі пяску і гліны.
Адкрыццё адбылося неўзабаве пасля заснавання Музея натуральнай гісторыі Абу-Дабі ў лістападзе 2025 года. Цяпер спецыялісты ствараюць дакладную мадэль жывёлы для будучай музейнай экспазіцыі. Доктар Валенсіяна таксама плануе прэзентаваць падрабязнасці знаходкі на кангрэсе ў Паўднёвай Афрыцы.
У сакавіку наступнага года каманда збіраецца вярнуцца ў гэты раён, каб працягнуць раскопкі.
Каментары