У Польшчы арыштавалі трох беларусаў. Іх падазраюць у распаўсюдзе наркотыкаў праз паштаматы
У Познані падчас супольнай аперацыі варшаўскіх і мясцовых паліцыянтаў затрымалі чацвярых беларусаў і грамадзянку Украіны. У іх знайшлі больш за два кілаграмы розных наркотыкаў.

Тром грамадзянам Беларусі выставілі абвінавачанні. Паводле версіі следства, яны распаўсюджвалі наркотыкі праз паштаматы, піша Most.
У ходзе расследавання паліцыянты высветлілі, што 26‑гадовы грамадзянін Беларусі датычны да абароту наркотыкаў. Следчыя выказалі здагадку, што яму могуць дапамагаць іншыя людзі. Па даручэнні Акруговай пракуратуры Варшавы паліцыянты правялі аперацыю ў Познані, падчас якой затрымалі пяць чалавек.
У кватэрах, аўтамабілях і пры саміх затрыманых знайшлі больш за два кілаграмы наркотыкаў. Сярод іх былі марыхуана, мефедрон, амфетамін, какаін, таблеткі MDMA і ЛСД. Частка наркотыкаў ужо была расфасаваная і, як мяркуюць паліцыянты, падрыхтаваная да продажу. Таксама канфіскавалі электроннае абсталяванне, якое магло выкарыстоўвацца для здзяйснення злачынства.
Пракуратура прад'явіла абвінавачанні тром беларусам ва ўзросце ад 21 да 26 гадоў. Іх падазраюць у абароце буйной колькасці наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Паводле версіі следства, мужчыны захоўвалі наркотыкі, расфасоўвалі іх, а затым адпраўлялі праз паштаматы. Гэта стала для іх пастаяннай крыніцай даходу.
Суд змясціў усіх траіх пад варту на тры месяцы. Ім пагражае ад двух да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Каментары