У снежні ў Віцебску з'явіцца незвычайная інтэрактыўная ялінка, якая будзе не толькі свяціцца, але і выконваць навагоднія песні. Арт-аб’ект атрымаў назву «Карагодная ялінка», пішуць «Витебские вести».

Каб ялінка «заспявала», вакол яе трэба будзе прайсці карагодам. Канструкцыю прыдумаў і стварыў віцебскі музыка Яўген Палавінскі разам з камандай аднадумцаў. Паводле аўтара праекта, задумка павінна дадаць гораду святочнага настрою і заахвоціць людзей да карагодаў. Ён спадзяецца, што арт-аб’ект парадуе як тых, хто будзе з ім узаемадзейнічаць, так і гледачоў.
Шасціметровая ялінка будзе ўпрыгожаная рознакаляровай падсветкай, якая таксама будзе рэагаваць на рухі. У звычайным рэжыме канструкцыя будзе свяціцца зялёным, але калі хтосьці падыдзе бліжэй, колеры пачнуць мяняцца.
Ялінку паставяць на пляцоўцы культурна-спартыўнага комплексу Летняга амфітэатра. Яна пачне працаваць у снежні, падчас урачыстага запальвання навагодняй ілюмінацыі ў Віцебску. Гэта адбудзецца ў межах традыцыйнага шэсця Дзядоў Марозаў і Снягурак.
Каментары