Арменія мае намер цалкам адмовіцца ад паслуг памежнай службы ФСБ Расіі і ўзяць ахову сваіх межаў на сябе. Пра гэта 26 лістапада заявіў прэм’ер-міністр краіны Нікол Пашынян.

«Надышоў час, каб у найбліжэйшыя гады мы цалкам узялі на сябе адказнасць за нашы межы», — сказаў армянскі прэм'ер.
Раней Пашынян заяўляў, што разлічвае ў сярэднетэрміновай перспектыве перадаць ахову межаў пад поўны кантроль армянскіх уладаў. Гэта звязана з рэформай памежнай службы, якая праводзіцца ў межах падрыхтоўкі да лібералізацыі візавага рэжыму з Еўрасаюзам. Заява прагучала за тыдзень да запланаванага візіту Пашыняна ў Маскву.
Расійскія памежнікі служаць у Арменіі на падставе пагаднення ад 30 верасня 1992 года і ўдзельнічаюць у ахове межаў з Турцыяй і Іранам. Аднак Ерэван паступова скарачае іх прысутнасць у краіне.
У жніўні 2024 года супрацоўнікі ФСБ пакінулі міжнародны аэрапорт Звартноц, у студзені 2025‑га — пункт пропуску «Агарак» на мяжы з Іранам, а ў канцы лютага таго ж года — пункт пропуску «Маргара» на мяжы з Турцыяй.
У верасні 2026 года Пашынян таксама паставіў пад сумнеў неабходнасць далейшага знаходжання ў Арменіі 102‑й расійскай вайсковай базы ў Гюмры, якая размяшчаецца там з 1995 года. Паводле яго слоў, база не мае жыццёва важнага значэння для бяспекі краіны.
Адносіны паміж Ерэванам і Масквой абвастрыліся ў лютым 2024 года, калі Арменія замарозіла ўдзел у Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Армянскія ўлады абвінавацілі Расію ў невыкананні абавязацельстваў па гарантаванні бяспекі рэспублікі падчас канфлікту з Азербайджанам. Пашынян называў АДКБ «саюзам-бурбалкай» і заяўляў, што Арменія страціла цікавасць да арганізацыі.
На саміце АДКБ у Маскве 11 лістапада Арменію пазбавілі права голасу і магчымасці прызначаць сваіх прадстаўнікоў праз запазычанасць па членскіх узносах. Пра гэта паведамляў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
Пашынян: Калі Арменію хочуць выключыць з АДКБ, хай выключаюць. Не трэба пагражаць гэтым
Пашынян: Вырашым і выйдзем з АДКБ. Мы не дазволім, каб Лукашэнка зноў стаў нашым гарантам
У Арменіі апублікавалі праект новай Канстытуцыі без згадкі пра Нагорны Карабах. Азербайджан задаволены, але трэба яшчэ рэферэндум
Пашынян заявіў пра намер падаць заяўку ў Еўрасаюз у 2027 ці 2028 годзе
Каментары