Здабыча нафты ў Расіі рухнула да мінімуму за 18 гадоў. І гэта не толькі праз вайну і санкцыі
Здабыча нафты ў Расіі ў 2026 годзе можа скласці каля 494 млн тон. Гэта найніжэйшы паказчык з 2008 года. Пра гэта паведаміў расійскі віцэ-прэм’ер Аляксандр Новак, піша The Moscow Times.

У параўнанні з мінулым годам здабыча зменшыцца на 3,4%: у 2025‑м яна складала 511,5 мільёна тон. У параўнанні з 2024 годам, калі было здабыта 516 мільёнаў тон, падзенне дасягне 4,3%. У 2023 годзе Расія здабыла 530 мільёнаў тон нафты, у 2022‑м — 535 мільёнаў.
Ад пікавых паказчыкаў 2019 года, калі здабыча дасягнула рэкордных з савецкіх часоў узроўняў, яна скарацілася на 66 мільёнаў тон за год, або на 12%. Для параўнання: у 2008 годзе ў Расіі здабылі 488 мільёнаў тон, а нават у перыяд пандэміі каранавіруса, калі нафтавікам даводзілася спыняць свідравіны, аб’ём здабычы быў большы — 512,7 мільёна тон.
Першапачаткова расійскі ўрад разлічваў, што сёлета здабыча складзе 525 мільёнаў тон, пазней прагноз знізілі да 511 мільёнаў, але і гэтага паказчыка дасягнуць не ўдалося.
На нафтавую галіну паўплывалі атакі беспілотнікаў. Паводле аналітыка UBS Джавані Стаўнова, прастой нафтаперапрацоўчых заводаў прывёў да таго, што перапрацоўка нафты ў краіне ўпала да мінімуму больш чым за 20 гадоў. Акрамя таго, расійскія кампаніі не могуць вывезці на экспарт усю здабытую нафту, таму вымушаныя скарачаць яе здабычу.
Аднак праблемы пачаліся яшчэ да вайны. Здабыча зніжалася праз вычарпанне старых радовішчаў, адкрытых у савецкі час. Напрыклад, у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе, на якую прыпадае каля 40% усёй нафты, здабытай у Расіі, з 2009 года аб’ёмы зменшыліся на 20%. Гэта адзначае супрацоўнік Інстытута Бейкера ў пытаннях энергетыкі Габрыэль Колінз.
На яго думку, эпоха лёгкадаступнай нафты Заходняй Сібіры набліжаецца да канца. За апошнія 15 гадоў нафтавікі павялічылі аб’ём бурэння гарызантальных свідравін на 60% і амаль вярнуліся да савецкіх маштабаў, але гэта не дазваляе павысіць здабычу. Сітуацыю ўскладняюць санкцыі, якія абмяжоўваюць пастаўкі заходняга абсталявання і доступ да фінансавання.
Нафта застаецца адной з асноў геапалітычнага ўплыву Расіі і штогод прыносіць ёй каля 120 мільярдаў даляраў валютных даходаў. Колінз мяркуе, што са скарачэннем здабычы будзе змяншацца і здольнасць Крамля пашыраць свой уплыў за мяжой. Паводле ягонага прагнозу, Расія можа ўсё больш нагадваць вялікую еўразійскую Паўночную Карэю — краіну з вялікім ядзерным арсеналам, структурна ізаляваную і эканамічна ўразлівую.
Сам расійскі ўрад прызнае, што без значных інвестыцый, тэхналагічнага прарыву і змен у рэгуляванні краіне пагражае рэзкае падзенне здабычы.
Згодна з інерцыйным сцэнарыем «Энергетычнай стратэгіі — 2050», праз 25 гадоў Расія будзе здабываць толькі 287 мільёнаў тон нафты штогод — на 42% менш, чым цяпер. Экспарт пры гэтым скароціцца ўтрая: з 234 мільёнаў да 79 мільёнаў тон на год.
Паводле стрэс-сцэнарыя, які прадугледжвае ўзмацненне заходніх санкцый і паскораную адмову свету ад вуглевадародаў, да 2050 года здабыча можа знізіцца да 171 мільёна тон на год, гэта значыць будзе ўтрая меншай за цяперашнюю. Экспарт нафты ў такім выпадку цалкам спыніцца.
На думку навуковага супрацоўніка Берлінскага цэнтра Карнегі Сяргея Вакуленкі, расійская нафтавая галіна апынулася ў складаным становішчы, калі ні адзін з магчымых варыянтаў не дае добрага выніку. Захаваць цяперашні ўзровень здабычы або павялічыць яго можна толькі за кошт распрацоўкі радовішчаў, поўны тэхнічны кошт здабычы нафты на якіх перавышае 35—40 даляраў за бараль. Аднак у нафтавых кампаній цяпер недастаткова капіталу для такіх праектаў, а дзяржава не гатовая пакідаць у галіне неабходныя сродкі.
Кіеў аднавіў інтэнсіўныя ўдары па расійскіх НПЗ пасля таго, як Вашынгтон праігнараваў яго патрабаванні
Расія і ЗША абмяркоўваюць шматмільярдную нафтавую здзелку
Індыя рыхтуецца ўдвая скараціць закупкі расійскай нафты праз пякельныя санкцыі ЗША
Еўропа ўжо амаль адвыкла ад расійскага газу, але зіма зноў пагражае ЕС энергетычным крызісам
Каментары