Змяняюцца правілы аплаты мабільнага інтэрнэту звыш тарыфу. У кліента будуць пытацца згоды
У Беларусі зменяць правілы аплаты мабільнага інтэрнэту звыш аб’ёму, прадугледжанага тарыфам. Аператары больш не змогуць аўтаматычна даваць абанентам дадатковы трафік пасля вычарпання пакета. Для далейшага карыстання інтэрнэтам спатрэбіцца папярэдняя згода кліента. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач.

Паводле слоў чыноўніка, раней пасля заканчэння ўключанага ў тарыф аб’ёму інтэрнэту абанент аўтаматычна пераходзіў на тарыфікацыю з больш высокім коштам. Пры гэтым SMS-паведамленне пра змену ўмоў ён мог не заўважыць або атрымаць са спазненнем. У выніку за час, пакуль чалавек даведваўся пра вычарпанне пакета, магла назапасіцца значная сума да аплаты.
Цяпер пасля заканчэння трафіку доступ да мабільнага інтэрнэту будуць прыпыняць. Аднавіць яго можна будзе толькі пасля таго, як абанент самастойна абярэ прапанаваны аператарам варыянт далейшага карыстання паслугай.
Згоду можна будзе даць у офісе аператара, падаўшы заяву, або дыстанцыйна: праз асабісты кабінет на афіцыйным сайце, мабільную праграму, USSD-запыт ці SMS-код.
Змены прадугледжаныя новымі правіламі аказання паслуг мабільнага інтэрнэту, апублікаванымі на партале pravo.by. Аператары таксама не змогуць аўтаматычна падключаць дадатковыя аб’ёмы трафіку або працягваць тэрмін надання інтэрнэту пасля заканчэння пакета. Асноўныя палажэнні дакумента павінны набыць моц да сярэдзіны студзеня 2027 года.
Каментары