Навука і тэхналогіі

Псіхолагі: мэта ў жыцці важнейшая за грошы, чалавек жыве даўжэй

Магчыма, нястомная пагоня за шчасцем прыносіць нам больш шкоды, чым карысці,
сцвярджае The Wall Street Journal. «Некаторыя даследчыкі мяркуюць: шчасце ў яго звычайным разуменні — адчуванне задавальнення або станоўчых эмоцый — нашмат менш важнае для фізічнага здароўя, чым унутраная задаволенасць ад мэтаскіраванай дзейнасці — так званы «эўдэманічны дабрабыт», — піша журналістка Шэрлі С. Вэнг.

Шэраг найноўшых даследаванняў паказаў: людзі, якія намагаюцца жыць з сэнсам, часцей захоўваюць жывасць розуму ў старасці, здаравейшыя псіхічна і нават жывуць даўжэй, чым тыя, чыя мэта — адчуванне шчасця.
«Уласна, у некаторых выпадках празмерная зацыкленасць на дасягненні шчасця насамрэч зніжае задаволенасць жыццём», — адзначае выданне.

Задавальненне ад смачнай вячэры, захапляльнага фільма ці перамогі любімай каманды — так званы «геданістычны дабрабыт» — звычайна неўзабаве знікае. «Выхаванне дзяцей, валанцёрская праца ці навучанне ў медыцынскім інстытуце, магчыма, не такія прыемныя ў штодзённасці. Але гэтыя заняткі ствараюць адчуванне, што жыццё праходзіць не дарма, што ты аддаеш справе ўсе свае сілы, асабліва ў працяглай перспектыве», — тлумачыць газета.

Тэрмін «эўдэмонія» сустракаецца ў старажытнагрэцкіх філосафаў — напрыклад, у Арыстоцеля. «Яго часта памылкова перакладаюць як „шчасце“, што пагаршае няправільнае разуменне прыроды шчасця. Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што пад эўдэмоніяй Арыстоцель меў на ўвазе дабрабыт, калі пісаў, што яна дасягальная праз рэалізацыю сваіх патэнцыйных магчымасцяў», — тлумачыць аўтар.

Сёння шчасцем і дабрабытам цікавяцца не толькі філосафы: псіхолагі вывучаюць уздзеянне эўдэмоніі і геданізму на фізічнае і псіхічнае здароўе. Так, паводле статыстыкі ад 2010 года, за перыяд з 1938 па 2007 год сярод амерыканскіх студэнтаў пачасціліся сімптомы дэпрэсіі, параноі і псіхапаталогіі. Аўтары даследавання — спецыялісты з Універсітэта Сан-Дыега, палічылі адной з магчымых прычын тое, што ў ЗША робіцца ўсё большы акцэнт на матэрыяльныя даброты і сацыяльны статус — гэта значыць геданістычнае шчасце.

Навукоўцы на чале з Кэрал Рыф, дырэктарам Інстытута старэння Вісконсінскага ўніверсітэта, з 1995 г. вывучаюць каля 7 тыс. чалавек у рамках праекту MIDUS — «Сярэдзіна жыцця ў ЗША». Задача — высветліць, якія фактары ўплываюць на здароўе і дабрабыт у сярэднім і старэчым узросце. «Згодна з нядаўна апублікаванымі вынікамі, эўдэманічны дабрабыт зніжае вастрыню фактараў рызыкі для здароўя — напрыклад, малаадукаванасці», — піша газета. Ва ўдзельнікаў эксперыменту з нізкім узроўнем адукацыі, але высокім узроўнем эўдэманічнага дабрабыту параўнальна нізкі ўзровень інтэрлейкіну-6 — маркёра сардэчна-сасудзістых захворванняў, астэапарозу і хваробы Альцгеймера.

Дэвід Бэнэт з Медыцынскага цэнтра ўніверсітэта Раша (Чыкага) і яго калегі, вывучыўшы 950 чалавек, якім у сярэднім было па 80 гадоў, прадэманстравалі, што эўдэманічны дабрабыт ратуе ад хваробы Альцгеймера. «Тыя, хто лічыў сваё жыццё больш асэнсаваным, таксама радзей адчувалі цяжкасці пры самаабслугоўванні ў побыце і перамяшчэнні. А смяротнасць за пяцігадовы перыяд была сярод іх нашмат ніжэйшая — прыкладна на 57% — чым у тых, хто не меў асаблівых мэтаў у жыцці», — піша газета.

«Людзі хочуць быць шчаслівымі. Але, самі ведаеце, у жыцці бываюць праблемы. Вельмі вялікая частка жыцця — супраціў праблемам», — адзначыў Бэнэт.

«Ёсць некаторыя дадзеныя на карысць гіпотэзы, што людзі з высокім узроўнем эўдэманічнага дабрабыту ўспрымаюць эмоцыі інакш, чым людзі з нізкім», — піша газета. Першыя больш карыстаюцца перадлобнай карой галаўнога мозгу, якая адыгрывае важную ролю для мыслення вышэйшага парадку, у тым ліку мэтакіравання, мовы і памяці. Магчыма, такія людзі добра ўмеюць пераглядаць сваё меркаванне пра сітуацыю і знаходзіць яе пазітыўныя бакі, мяркуе Карыэм ван Рэекум з Рыдынгскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія). Яны не бягуць ад цяжкасцяў, а імкнуцца іх пераадолець.

Геданістычны і эўдэманічны дабрабыт не з’яўляюцца ўзаемавыключальнымі. Але тыя, хто імкнецца перш за ўсё да ўзнагароды звонку, накшталт грошай ці кар’еры, часта не асабліва шчаслівыя, адзначыў Рычард Раен з Рочэстэрскага ўніверсітэта. Ён таксама перасцярог, што эўдэманічны дабрабыт недасягальны, калі проста прымушаць сябе, напрыклад, да валанцёрскай працы, спадзеючыся на нейкую ўзнагароду ў будучыні.

Свой рэцэпт дае Эд Дайнер, кансультант Gallup Inc: «Стрэс ад цэйтноту, які адчуваюць многія людзі, сумяшчаючы працу, сям’ю і іншыя справы, не такі ўжо шкодны. Каб павысіць пачуццё шчасця і эўдэмоніі, засяродзьцеся на адносінах з людзьмі і любімай працы, — раіць ён. — Хопіць сядзець і трывожыцца пра свой лёс, зрабіце акцэнт на свае мэты», — сказаў Дайнер.

Каментары

Цяпер чытаюць

Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі32

Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі

Усе навіны →
Усе навіны

Акцёр з расійскага серыяла «Ранеткі» памёр ад курынай косткі ў горле1

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе37

Трамп прызначыў новым кіраўніком апарата Белага дома змагара з іміграцыяй Стывэна Мілера8

«Беларус» са Жлобіншчыны са шматлікімі судзімасцямі і даўгамі па аліментах застаўся ў палях пад Купянскам9

Клічко: У Кіеве надзвычай складаная сітуацыя з электрычнасцю, цяплом і вадой1

Беларусы сабралі тры тысячы налепак ад бананаў

Трамп расказаў пра новыя кантакты ў справе ўрэгулявання канфлікту ва Украіне

У Вільні завяршаецца рэстаўрацыя Вострай брамы. Знакамітая «Пагоня» на фасадзе кардынальна змяніла колер9

Прэзідэнт Парагвая змешчаны пад хатні арышт пасля краху банка Ueno

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі32

Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць