Усяго патроху99

Дырэктар «Акропаліса» пра беларусаў: Яны не глядзяць на цэны і купляюць па два паліто

Ці выгадна цяпер закупляцца ў замежным гіпермаркеце?

Кіроўца маршрутнага таксі, у якое я заскочыла на вакзале ў Вільні, у чаканні іншых пасажыраў абмяркоўвае з калегам беларусаў: «У будні дзень народу няшмат, а без беларусаў неяк зусім сумна. Хутчэй бы выходныя. Мы ў мінулую суботу, як аўтобус з Беларусі прыехаў, адразу 13 пасажыраў да „Акропаліса“ загрузілі».

Летась беларусы атрымалі больш за 400 тыс. шэнгенскіх візаў, і нашая краіна заняла першае месца па колькасці шэнгенаў у пераліку на аднаго жыхара краіны.
Так што цяпер шопінг за мяжой можна афіцыйна назваць нашай нацыянальнай забавай. У адным толькі віленскім «Акропалісе» ў мінулым годзе пабывала каля 300 тысяч беларусаў. Паглядзець на нашых у суседніх краінах — у жыцці не скажаш, што ў Беларусі ёсць крызіс. Аўто ля гандлёвых цэнтраў усё больш з беларускімі нумарамі, а на вакзале «сваіх» можна пазнаць па пакетах з лагатыпамі вядомых брэндаў. Літоўцы нават анекдот прыдумалі: «На пытанне «Як жыццё?» беларус адказвае: «Усё добра, толькі „Акропаліс“ далёка».

«Камсамолка» вырашыла паглядзець, чым характэрныя беларускія пакупнікі за мяжой.

Прыязджаюць яшчэ да адкрыцця крамы

Паехаць на шопінг за мяжу на сваёй машыне — для нас латарэя. Складана адгадаць, колькі прастаіш у чарзе на мяжы. Так што выязджаюць пакупнікі загадзя і часта прыбываюць яшчэ да адкрыцця гандлёвых цэнтраў. Але часу дарма не марнуюць — разглядаюць вітрыны, прыцэньваюцца, асвойваюцца.

Ходзяць групамі, купляюць сабе і суседзям

Беларускіх пакупнікоў ад літоўцаў можна адрозніць па спісах у руках. Купляюць у адной краме не проста паліто, а адразу і паліто, і куртку, і пальчаткі і г.д. Зрэшты, гэта вытлумачальна: ходзяць па крамах не па адным, а групамі — два, тры, чатыры чалавекі — колькі ў машыне змясцілася.

— Як мы кажам, калі літоўцы ідуць купіць, беларусы прыязджаюць закупіцца. Паездка каштуе грошай: віза, бензін, час. Людзі не прыязджаюць сюды з думкай: ай, пагляджу, можа, якую маечку куплю. Гэта відаць. Яны купляюць адразу і для сябе, і для жонкі, і для суседа, — кажуць у «Акропалісе».

Не глядзяць на цэны

— Мы бачым, што для беларусаў важная якасць, ім не важна, колькі каштуе, — кажа дырэктар віленскага Акропаліса Чэславас Урбанавічус.

Зніжкі, вядома, беларусы бокам не абыходзяць, але ў крамах вопраткі і абутку галоўнае для нашых суайчыннікаў — добрыя брэнды.

Пакідаюць шмат грошай

Беларускі пакупнік (гэта можна падлічыць па такс-фры) у адным «Акропалісе» пакідае каля 500 літаў (1,59 млн бел. руб.). Лічыцца, што кожны ў сярэднім ходзіць у дзве-тры крамы, так што за адну паездку ў тым жа «Акропалісе» пакідае ад 1000 да 1500 літаў (3,175 млн — 4,76 млн бел. руб.). Для параўнання: сярэдні чэк літоўца — каля 50 літаў (прыкладна 160 тысяч) у адной краме.

Не заўважаюць крызісу

Толькі адзін месяц сёлета літоўцы адчулі, што ў беларусаў кепска з валютай — у сярэдзіне вясны. У астатнія месяцы пакупнікоў менш не станавілася, наадварот, колькасць гасцей з Беларусі павялічылася ў два разы.

— Бытавую тэхніку як куплялі, так і купляюць, парфуму як куплялі, так і купляюць. Пральны парашок бяруць амаль усе. Ад далікатэсаў не адмаўляюцца — па-ранейшаму купляюць іспанскі хамон, — кажуць у «Акропалісе».

Дырэктар «Акропаліса» Чэславас Урбанавічус: «Для беларусаў мы перапісалі шыльды»

— Калі вы зразумелі, што трэба арыентавацца на беларусаў, пачалі даваць рэкламу ў беларускіх газетах, пусцілі спецыяльныя маршруткі ад Вільнюскага вакзала да гандлёвага цэнтра?

— Недзе ў 2007 годзе. Проста ўбачылі, што на паркоўцы ля гандлёвага цэнтра шмат аўтобусаў, машын з беларускімі нумарамі. І з кожным годам пакупнікоў усё больш. А раз ёсць пакупнік, то трэба з ім працаваць. Але ў любым выпадку працэнт пакупнікоў з-за мяжы (а беларусы займаюць большую частку замежных пакупнікоў) — гэта некалькі працэнтаў, максімум у некаторыя месяцы 4%. Большасць пакупнікоў — мясцовыя.

— Але беларускі пакупнік пакідае больш грошай, чым літоўскі. Можа, два працэнты беларусаў робяць вам 30% прыбытку?

— Не, ад абароту да 5% будзе. Калі б было, як вы кажаце, тады мы б на мяжы паставілі «Акропаліс».

— А давялося праз беларусаў памяняцца?

— Мы перарабілі надпісы каля ўваходаў — літоўскія словы замянілі лічбамі, каб людзі маглі арыентавацца, дзе сустракацца. Гэта і для літоўцаў зручна. Але каталізатар гэтых зменаў — менавіта беларусы. Мы настаялі на тым, каб ва ўсіх крамах можна было аформіць такс-фры (сістэма, пры якой замежны пакупнік можа вярнуць частку грошай, заплачаных за куплю на мяжы, бо можа не плаціць падатак у Літве). Яшчэ пяць гадоў таму, калі ў «Акропалісе» адкрывалася крама, рэклама ўнутры гандлёвага цэнтра ішла толькі на літоўскай мове, цяпер на трох мовах — літоўскай, рускай і ангельскай. Некалькі гадоў таму я пераканаў усіх арандатараў крамаў, каб ва ўсіх, асабліва ў выходныя, працавалі прадаўцы, якія ведаюць расійскую мову.

— А вы ведаеце, што ў Беларусі актыўна змагаюцца з імпартам, што ёсць праграма імпартазамяшчэння? Так што «Акропаліс» са сваімі таварамі — сапраўдная апазіцыя беларускай эканоміцы.

— «Акропаліс» — гэта не апазіцыя, гэта свабодны рынак. Беларусы едуць не толькі і ў Літву, але і ў Расію, і ў Польшчу. Неяк уздзейнічаць на беларускую эканамічную палітыку «Акропаліс» і Літва не могуць. Мы вельмі часта сустракаемся з чыноўнікамі з Беларусі. Прыязджаюць на экскурсіі, хочуць даведацца, як працуем.

— І якія парады вы даяце нашым чыноўнікам?

— Мы парадаў не даем, мы толькі адказваем на іх пытанні: колькі квадратаў, колькі ў нас крамаў, хто будаваў, колькі каштуе заліць коўзанку (у гандлёвым цэнтры і зімой і летам працуе коўзанка), колькі каштуе яе даглядаць, чаму прадукты там, а тэхніка там.

— А я б у першую чаргу цэнамі зацікавілася. Вось адкуль у вас апельсіны па два літы (6350 руб.)?

— З Іспаніі. «Максіма» (крама, дзе прадаюць прадукты, тавары для дома і да т.п.) сама імпартуе прадукты. Калі яны куплялі ў пасярэднікаў, было даражэй. Цяпер частку прадуктаў закупляюць у пасярэднікаў, частку — у саміх пастаўшчыкоў. Па мясцовых прадуктах — мясе, малацэ — працуюць з пастаўшчыкамі наўпрост, значыць, цэны могуць быць ніжэйшымі.

— А чаму тады самі літоўцы едуць у Польшчу па пакупкі?

— Хто едзе ў Польшчу, а хто і ў Італію. У Польшчу едуць, таму што там танней, чым у нас. Цяпер у Літве ПДВ амаль на ўсе тавары паднялі да 21%. Асабліва моцна гэта адчуваецца, калі купляеш прадукты, таму што раней ПДВ на прадукты быў 9%. У Польшчы ж на большасць прадуктаў ПДВ 5%, а значыць, яны могуць быць на 16% таннейшымі. Шмат што залежыць ад курсу літа і злотага. Курс літа прывязаны да еўра, ён стабільны, а польскі злоты можа плаваць. І калі ён каштуе менш і літоўцы выйграюць у курсе, яны едуць у Польшчу. У асноўным едуць па прадукты, будаўнічыя матэрыялы. Але такога трэнду — ехаць у Польшчу па абутак, вопратку — няма.

Літоўскія далікатэсы акупляюць білет на цягнік

З Вільні нельга вяртацца без кошыка далікатэсаў. Дакладней, не далікатэсаў, а прадуктаў, якія ў нас чамусьці каштуюць вялікіх грошай, а ў суседзяў цалкам даступныя.

Кіло сыру з плесняй у Літве ў пераліку на беларускія можна купіць за 92 000. У нас жа ён каштуе каля 200 тысяч. Бутэлька іспанскага чырвонага сухога віна Frontera на нашыя грошы ў Вільні каштуе 50 400 рублёў. У Мінску ж танней за 85 000 не знайсці. 500 грам молатай кавы Merrild у Літве — 63 500 руб. У нас такая кава калі і прадаецца, то па 98 000.

Разам:

На адным толькі пачку кавы, бутэльцы віна і 300 грамах сыру ў Вільні можна сэканоміць 102 000 беларускіх рублёў! Гэтай сумы з лішкам хапае на білет з Мінска да Вільні і назад.

«Акропаліс» — самы блізкі (ад Мінска да Вільні 170 км) гіпермаркет заходняга тыпу з сапраўднымі 50-і70-працэнтнымі зніжкамі на модныя рэчы і нізкімі цэнамі на прадукты-напоі.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Хто стаіць за правакатыўнай суполкай ДоЛГБ? Здаецца, непалоханыя школьнікі5

Хто стаіць за правакатыўнай суполкай ДоЛГБ? Здаецца, непалоханыя школьнікі

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы Оксфардскага ўніверсітэта дзесяцігоддзямі пілі з чашы, зробленай з чалавечага чэрапа

У Дзярждэпартаменце ЗША будуць радыкальна скарачаць структуры, занятыя правамі чалавека4

Славу Камісаранку пазбавілі расійскага грамадзянства8

Пяскоў не пацвердзіў, што Пуцін гатовы абмежавацца фактычна акупаванымі тэрыторыямі Украіны

Пуцін прапанаваў спыніць канфлікт па цяперашняй лініі фронту — Financial Times12

Зяленскі: Украіна юрыдычна не прызнае акупацыю Крыма, ёсць Канстытуцыя

«Чым пакістанцы ў Беларусі адрозніваюцца ад беларусаў у Польшчы?»57

На чыгуначным вакзале ў Мінску паставілі аптэку-робата2

ЗША заўтра прапануюць Украіне і Еўропе прызнаць Крым расійскім — The Washington Post26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто стаіць за правакатыўнай суполкай ДоЛГБ? Здаецца, непалоханыя школьнікі5

Хто стаіць за правакатыўнай суполкай ДоЛГБ? Здаецца, непалоханыя школьнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць