«Наляцелі 18 міліцыянтаў, дом дагары нагамі!» Мазырскі фермер расказаў, як у яго шукалі паплечніка Ціханоўскага

У вёсцы Прудок пад Мазыром у прыватным доме фермера Аляксандра Сіража адбыўся начны ператрус. Пра Сіража раней здымаў сюжэт Сяргей Ціханоўскі, піша «Радыё Свабода».
«Тэрор быў страшны! Наляцелі 18 міліцыянтаў, але ўсе ў цывільным, увесь дом — і мой, і маці паставілі дагары нагамі», — сказаў Аляксандар Сіраж «Свабодзе».
Паводле Аляксандра, падзеі развіваліся так. Да яго ў вёску Прудок каля 12-й ночы прыехалі людзі ў цывільным, ніхто не прадстаўляўся. Іх было 18 чалавек.
«Былі і на берасцейскіх, і на мінскіх нумарах. Аказалася, яны шукалі Дзіму Папова — ён працаваў аператарам у Сяргея Ціханоўскага. Дзіма, праўда, быў у нас, але ён збег. Затрымалі мяне, Аляксандра Цуранава — ён адміністратар канала «Мазыр для Жыцця» — і Дзяніса Коласа. Выпытвалі, дзе Дзіма Папоў. Перавярнулі ўвесь дом мой, забралі тэхніку, камп'ютар, потым уварваліся да маёй маці. Я такога тэрору яшчэ не бачыў! Маці выкруцілі палец. У пляменніцы забралі тэлефон. Гэта жах, натуральны тэрор!» — сказаў Аляксандар Сіраж.
Яго, Цуранава і Коласа апыталі ў міліцыі, пыталіся пра апэратара Дзмітрыя Папова. Апошняга затрымалі потым пад Мазыром.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары