Культура

Як Мальдзіс выратаваў архіў Ларысы Геніюш ад чыноўнікаў, што ўчынілі ў яе дома ператрус у пошуках антысавеччыны

У панядзелак, 3 студзеня, пайшоў з жыцця літаратуразнаўца, гісторык і пісьменнік Адам Мальдзіс. Пра яго ролю ў выратаванні спадчыны Геніюш піша паэт, перакладчык Міхась Скобла. 

За савецкім часам у Саюзе пісьменнікаў дзейнічала цвёрдае правіла: пасля смерці літаратара стваралася адмысловая камісія па ягонай творчай спадчыне. Сябры тае камісіі пераглядалі архіў калегі, рыхтавалі да публікацыі нявыдадзеныя творы. Пасля смерці Ларысы Геніюш, якая хоць і не ўваходзіла ў пісьменніцкі саюз, але сябравала з ягоным старшынёй Максімам Танкам, камісію па спадчыне стварыць не паспелі.

Пахавалі паэтку 9 красавіка 1983 года, а ўжо 11 красавіка ў апусцелай хаце Геніюшаў быў учынены — сіламі мясцовых уладаў — ператрус. Пратэсты Юркі Геніюша, які яшчэ не паспеў апрытомнець пасля смерці маці, не спынілі старшыню пасялковага савета і яго памагатых, якіх прыслалі «даследаваць» архіў паэткі, каб знойдзеную там (абавязкова!) антысавеччыну тэрмінова даставіць куды трэба.

Юрка Геніюш у роспачы патэлефанаваў у Мінск Адаму Мальдзісу — на той час супрацоўніку Інстытута літаратуры Акадэміі навук. Той звязаўся з Алесем Адамовічам, які сябраваў з сакратаром ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандрам Кузьміным. Заручыўшыся яго падтрымкай, Адамовіч з Мальдзісам імгненна арганізавалі выратавальную экспедыцыю ў Зэльву, дзе Адаму Восіпавічу давялося літаральна адваёўваць рукапісы паэткі ў местачковых «геніюшазнаўцаў». Тыя не спяшаліся пакідаць захопленую хату, тэлефанавалі райкамаўскаму начальству, тое звязвалася з Мінскам… Нарэшце старшыня пассавета быў вымушаны патлумачыць сваім памочнікам: «Товарищ Мальдис — тоже исследователь, но с бóльшими, чем у нас, полномочиями».

Мальдзіс з партрэтам Геніюш

Надвячоркам таго ж дня ад Геніюшаўскага дома па вуліцы Савецкай у Зэльве ад’ехаў рафік, пад завязку наладаваны пакаўнымі мяхамі. Валюхаючыся на брукаванцы яшчэ польскіх часоў, няспешна прамінуў старыя могілкі, аўтастанцыю і схаваўся, як за брустверам, за высокай насыпной дамбай, што мелася неўзабаве запыніць хуткаплынную Зальвянку.

На слонімскай шашы сталічную экспедыцыю як бы «выпадкова» спыніла ДАІ. Прымусіла з’ехаць з дарогі ў лес, дзе людзі ў цывільным доўга распытвалі пра характар грузу, правяралі дакументы. Паспрабавалі зазірнуць у мяхі, але яны нечакана аказаліся апячатанымі. Старэйшы па званні міліцыянт доўга круціў у руках прад’яўленае яму чырвонае пасведчанне з надпісам «Саюз пісьменнікаў СССР», размаўляў з кімсьці па рацыі. Нарэшце атрымаў каманду адпусціць затрыманых.

Так быў уратаваны архіў Ларысы Геніюш, які яшчэ пры жыцці паэткі не даваў сяму-таму спакою. Сем мяхоў з рукапісамі былі дастаўленыя ў Мінск і здадзеныя ў Акадэмічную бібліятэку. Сёння Геніюшаўскі фонд 31 — адзін з самых багатых пісьменніцкіх архіваў у Беларусі. Праўда, доступ да яго з нядаўняга часу абмежаваны, што вельмі засмучала Адама Восіпавіча.

За выратаванне архіва Адам Мальдзіс у 2010 годзе быў узнагароджаны памятным Геніюшаўскім медалём.

Чытайце таксама: Стала вядома, дзе і калі адбудзецца развітанне з Адамам Мальдзісам

Каментары

Цяпер чытаюць

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці3

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці

Усе навіны →
Усе навіны

Паглядзіце, як упрыгожаць Кастрычніцкую плошчу да 9 мая ФОТА24

У Кітаі прайшоў паўмарафон з удзелам робатаў і людзей. У людзей атрымалася лепш

Знакамітую крывую царкву ў Кажан-Гарадку рамантуюць сайдынгам і шлакаблокамі ФОТЫ9

Велікоднае перамір’е скончылася, Расія зноў запускае беспілотнікі і ракеты

Трамп: Спадзяюся, Расія і Украіна дасягнуць пагаднення на гэтым тыдні5

Галоўчанка паразважаў, чаму беларусы лічаць цэны ў далярах, а расейцы — не13

Зяленскі прапануе Расіі падоўжыць забарону на дальнабойныя ўдары на 30 дзён

Італьянец пераехаў у беларускую вёску і пачаў пячы сапраўдную піцу на дровах7

Брамніка «Дынама», якому кідаў шайбы Лукашэнка, не пусцілі на лёд «праз парушэнне рэжыму»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці3

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць