Меркаванні

«У факце масавага гвалту над мірным насельніцтвам з боку расійскай арміі нічога новага няма». Ваенны эксперт пра паводзіны расійскіх салдат

«Афіцэры альбо самі ўдзельнічаюць, альбо заплюшчваюць на гэта вочы, альбо проста не могуць гэта спыніць», — кажа расійскі ваенны эксперт Юрый Фёдараў.

Фота: АР

У інтэрв’ю ютуб-каналу «Папулярная палітыка» ён выказаўся наконт злачынстваў арміі ў прыгарадах Кіева.

«Сам па сабе факт масавага гвалту над мірным насельніцтвам з боку савецкай арміі, з боку расійскай арміі — нічога ў гэтым, на жаль, новага няма. Калі вы паглядзіце ваенныя злачынствы савецкай арміі ва Усходняй Прусіі ў 1944-1945 гадах (дарэчы, і не толькі там, але і ў Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі), дык там можна знайсці абсалютна жахлівыя апісанні відавочцаў, у тым ліку дастаткова вядомых пасля людзей у Савецкім Саюзе, — кажа Фёдараў. —

Тое самае пасля праяўлялася, хоць і ў трохі іншых маштабах і формах, у Афганістане і ў Чачні. Тое ж самае марадзёрства, той жа самы гвалт над мірным насельніцтвам у абсалютна садысцкіх формах — усё гэта было.

Усё гэта сведчыць пра глыбокую распуснасць не толькі вайсковай сістэмы, але расійскага грамадства ў цэлым, якое, за выключэннем параўнальна невялікай часткі, проста не хоча ведаць пра гэта, заплюшчвае вочы, а то і, крый Божа, маўкліва ўхваляе гэта.

Ёсць яўныя сведчанні сённяшняй вайны, калі расійскія салдаты былі ўзятыя ў палон разам з завушніцамі, на якіх была кроў, то-бок іх выдзіралі з вушэй у жанчын, дзяўчат. Гэта не проста марадзёрства — гэта садызм. І я думаю, што тое самае будзе паўтарацца і ў іншых вызваленых украінскіх гарадах, на жаль».

Адказваючы на пытанне аб ролі афіцэраў у сітуацыях, падобных да той, што здарылася ў Бучы, Фёдараў кажа:

«Наколькі я магу сабе ўявіць, афіцэры альбо самі ўдзельнічаюць (такое таксама можа быць, прынамсі такое было і ў Афганістане, і ў Чачні), альбо заплюшчваюць на гэта вочы, альбо проста не могуць гэта спыніць. Некаторыя самі грузяць пральныя машыны на свае БМП з разрабаваных дамоў і крам».

Адыход расійскай арміі з некаторых абласцей Украіны, на думку эксперта, сведчыць пра перагрупіроўку войскаў.

«Войскі з-пад Кіева, з-пад Чарнігава ідуць у Расійскую Федэрацыю, там адбываецца перафарміраванне патрапаных батальённа-тактычных груп, прыбывае тэхніка, і яны адпраўляюцца на ўсход Украіны, для таго каб рухацца па лініі ад Ізюма на поўдзень у бок Папаснай і Рубежнага.

Адтуль таксама магчымы наступ, асабліва калі, крый Божа, будзе ўзяты Марыупаль, і тады тыя сілы, якія трымаюць Марыупаль у аблозе, а гэта дастаткова значныя сілы, яны будуць рухацца на поўнач праз Валнаваху. Гэта будзе спроба акружыць групіроўку Узброеных сіл Украіны. І па сутнасці паўтарыць тое, што было ў 2015 годзе ў Дэбальцава. І калі гэта атрымаецца, а ў гэтым у мяне ёсць сур’ёзныя сумневы, тады будуць навязваць Украіне тыя ўмовы, якія будуць дазваляць Пуціну прадставіць гэтую авантуру, якую ён нарабіў, як перамогу».

Адказваючы на пытанне аб наяўнасці ў Расіі рэсурсаў, на тое каб ажыццявіць такі план, эксперт кажа, што галоўнай праблемай з’яўляецца не недахоп тэхнікі, хоць і ён відавочны, а недахоп падрыхтаваных кадраў. Фёдараў адзначае, што на вайну ва Украіне было кінута прыблізна дзве траціны наяўнага баяздольнага складу. Астатняя траціна — гэта сілы, якія патрэбныя, каб падтрымліваць баланс на захадзе з краінамі НАТА, і сілы ў Цэнтральнай Азіі.

«Што датычыцца тэхнікі, расійская армія ўсё больш нагадвае пацёмкінскую вёску. Гэта нечакана для ўсіх назіральнікаў. Сапраўды ўзнікае неабходнасць у працуючай тэхніцы.

Чаму тэхніка бярэцца з «вучэбак»? Бо там тэхніка знаходзіцца ў працоўным стане. А калі былі спробы раскансерваваць танкі, БМП, якія знаходзяцца ў рэгулярных частках, выявілася, што шмат паламанай тэхнікі, раскрадзена ўсё, акумулятараў няма, нават рухавікі папрадавалі кудысьці.

Аднак справа нават не ў гэтым. Наступ — гэта вельмі складаны від баявых дзеянняў, ён патрабуе наладжанага камандавання, добрага кіравання войскамі, лагістыкі. І з гэтым у расійскай арміі вялікія складанасці».

Сведчаннем гэтых праблем эксперт называе той факт, што загінулыя і параненыя расійскія генералы былі вымушаныя асабіста знаходзіцца на перадавой і гнаць салдат у бой, бо сярэдні афіцэрскі склад не выконваў належным чынам свае абавязкі.

Целы са знакамі катаванняў, трупы на вуліцах, брацкія магілы. Расійскія войскі пакінулі на Кіеўшчыне страшныя сляды

Пяскоў: Расія катэгарычна адхіляе любыя абвінавачванні ў забойствах цывільных людзей у Бучы

Каментары

Цяпер чытаюць

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай30

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Усе навіны →
Усе навіны

Невялічкі эцюд Мікеланджэла прадалі за 27,2 мільёна даляраў. Гэта рэкорд1

«Бро, не купляй сабе бульбяны мяшок — ідзі ў залу»: беларускі вядучы ТНТ раскрытыкаваў мужчынскія касцюмы оверсайз13

Беларуска Марына Зуева заняла на Алімпіядзе 15‑е месца2

«Чароўны трусік» Юрый Дземідовіч узначаліў расійскі правінцыйны оперны тэатр13

Ціханоўская прызналася, што мала чым можа памагчы беларусам у Грузіі9

Адключэнне ад Starlink запаволіла тэмпы расійскага наступлення. Але ці надоўга?6

На Магілёўшчыне будуць вырабляць чырвоную ікру, але не для таго, каб яе есці5

Заходнія спецслужбы сумняюцца, што за замахам на генерала Аляксеева стаіць Украіна4

Люксавы італьянскі брэнд Miu Miu выпусціў калекцыю, якую параўналі з халатамі з ЦУМа5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай30

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць