Гісторыя11

Жарсці вакол «крыжа каралевы Сафіі» не сціхаюць. Сяргей Абламейка заступіўся, а Крыцук прааналізаваў першакрыніцы

У навуковай супольнасці жыва дыскутуюць наконт прывезенай у Капенгаген рэплікі «крыжа Сафіі Менскай». Абламейка лічыць, што беларускія гісторыкі адмаўляюць дацкія навуковыя гіпотэзы, апаненты адкрылі арыгінальны артыкул і паказалі, што там напісана насамрэч.

Створаная беларусамі рэпліка крыжа Дагмар, ці «крыжа Сафіі Менскай». Фота: maldzis.initiative

Як мы паведамлялі раней, група беларусаў вырабіла і прывезла ў Данію залатую копію Крыжа Дагмар — сярэднявечнага артэфакта, які ўдзельнікі экспедыцыі звязваюць з Сафіяй Менскай, беларускай князёўнай XII стагоддзя, якая стала каралевай Даніі. Сярод галоўных пасылаў — папулярызаваць невядомыя старонкі нашай гісторыі, паказаць, што беларускія землі ўжо ў Сярэднявеччы былі ўключаныя ў еўрапейскую палітычную і культурную прастору.

Шэраг прафесійных беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў, у прыватнасці, Аляксандр Пашкевіч і Аляксей Ластоўскі на старонках «Нашай Нівы», скептычна ацанілі стварэнне копіі крыжа, назваўшы яго стварэннем штучнага міфа на хісткіх падставах. Але ў абарону ініцыятывы выступіў доктар гістарычных навук і журналіст радыё «Свабода» Сяргей Абламейка.

На сваёй старонцы ў фэйсбуку Абламейка выказаў здзіўленне рэакцыяй калег, якія паўтараюць тэзіс «не даказана», і заявіў, што версія аб прыналежнасці крыжа беларускай князёўне абапіраецца на аўтарытэтныя еўрапейскія даследаванні.

«І хто ж стварае міфы? Грамадскасць? Не. Аказваецца, гэта прафесійныя дацкія гісторыкі. У прыватнасці, дацкая медыевістка, дырэктарка Нацыянальнага музею Даніі Фрыцэ Ліндаль, якая яшчэ ў 1978 годзе высунула гіпотэзу аб тым, што крыж мог паходзіць з пашкоджанага ў XVII стагоддзі пахавання дачкі Сафіі Менскай — Рыксы», — напісаў Абламейка.

Далей ён адзначыў, што дацкая навуковая гіпотэза 50‑гадовай даўніны выглядае найбольш імавернай, паколькі незразумела, адкуль яшчэ ў пахавальні дацкіх каралёў мог з'явіцца ўсходнехрысціянскі крыж. Рэакцыю ж беларускіх даследчыкаў ён назваў «дружна-адмоўным беларускім навуковым хорам», пакпіўшы, што, відаць, беларускія гісторыкі больш кваліфікаваныя і больш прафесійныя за «нейкіх там дацкіх прафесарак».

Фота: Wikimedia Commons
Арыгінальны візантыйскі энкалпіён, які захоўваецца ў Нацыянальным музеі Даніі. На адным баку адлюстраваны Укрыжаваны Хрыстос, на другім — Хрыстос Пантакратар у атачэнні Багародзіцы, Іаана Хрысціцеля, Святога Васілія і Святога Іаана Златавуста. Менавіта высвятленню гісторыі гэтага артэфакта прысвечаны дацкі артыкул 1978 года, які стаў прадметам дыскусіі беларускіх гісторыкаў. Фота: Wikimedia Commons

Што насамрэч пісала Фрыцэ Ліндаль

Абламейку і іншым абаронцам крыжа адказаў гісторык Раман Крыцук, які вырашыў звярнуцца непасрэдна да арыгінальнага артыкула Фрыцэ Ліндаль «Dagmarkorset — endnu engang» («Крыж Дагмар — яшчэ раз»), апублікаванага ў часопісе Nationalmuseets Arbejdsmark у 1978 годзе. Усе нумары выдання алічбаваныя і знаходзяцца ў адкрытым доступе на сайце Нацыянальнага музея Даніі.

Прааналізаваўшы тэкст, Крыцук звярнуў увагу, што Абламейка і іншыя, мабыць, сам артыкул не чыталі, а карысталіся яго скажоным пераказам.

Дацкая даследчыца не сцвярджала, што «менская гіпотэза» з'яўляецца адзінай або найбольш імавернай. У сваёй працы, заснаванай на рэнтгеналагічных даследаваннях і аналізе еўрапейскіх калекцый, Ліндаль паслядоўна разбірае дзве групы пытанняў: каму належаў крыж на момант пахавання і як візантыйскі артэфакт наогул трапіў у Данію.

Схема каралеўскіх магіл у дацкім Рынгстэдзе. Пункцірам пазначана знішчаная ў 1683 годзе мясцовым святаром магіла каралевы Рыксы Дацкай, дачкі Сафіі. Фота: Nationalmuseets Arbejdsmark 1978

Што датычыцца таго, з чыёй магілы дасталі крыж у XVII стагоддзі, даследчыца разглядае дзве версіі:

  • з магілы каралевы Дагмар (Маркеты Пржэмыслаўны).
  • З пашкоджанай магілы каралевы Рыксы Дацкай, дачкі Сафіі.

Што датычыць таго, як візантыйскі энкалпіён фізічна трапіў у Скандынавію, Ліндаль прыводзіць чатыры раўнавартасныя гіпотэзы:

  1. Крыж трапіў у Данію як дыпламатычны падарунак ад візантыйскіх імператараў рускім князям, а затым перайшоў да каралевы Сафіі. 
  2. Крыж быў прамым дыпламатычным падарункам візантыйскага імператара Аляксея I Камніна дацкаму каралю Эрыку I Добраму каля 1103 года. Аналагічны факт зафіксаваны ў хроніках.
  3. Крыж быў прывезены каралевай Дагмар з Багеміі. Гэтая версія грунтуецца выключна на народнай традыцыі.
  4. Пашкоджанні артэфакта могуць сведчыць пра тое, што ён стаў ваенным трафеем падчас Чацвёртага крыжовага паходу ў 1204 годзе, калі крыжакі разрабавалі Канстанцінопаль, пасля чаго ён нейкім шляхам трапіў у Данію.

Такім чынам, версія пра сувязь рэліквіі з Беларуссю праз Сафію з'яўляецца толькі адной з некалькіх магчымых гіпотэз, якія разглядала дацкая навука паўстагоддзя таму.

Рэнтгенаграма энкалпіёна, якая дазволіла дацкім навукоўцам вывучыць унутраную структуру, схаваную залатую пласціну і характар пашкоджанняў артэфакта. Гэтае даследаванне стала асновай для навуковых гіпотэз аб тым, што крыж мог быць ваенным трафеем крыжакоў з разрабаванага Канстанцінопаля. Фота: Nationalmuseets Arbejdsmark 1978 / Birthe Gottlieb

«Беларускім гісторыкам і спецыялістам па гісторыі ХІХ—ХХ стст. я б раіў перастаць разважаць на тэмы, у якіх вы не тое каб не разбіраецеся, а па якіх вы нават з першакрыніцамі не азнаёміліся», — укалоў Крыцук.

Асобным пунктам крытыкі стала безапеляцыйнае называнне каралевы Сафіі «Менскай». Даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што яе паходжанне таксама з'яўляецца дыскусійным пытаннем у навуцы.

Дакладна вядома толькі маці Сафіі — Рыкса Польская, дачка польскага караля Баляслава III і швабскай княгіні Саламеі фон Берг. Версія пра тое, што бацькам Сафіі быў менскі князь Валадар Глебавіч, з'яўляецца толькі адной з гістарычных гіпотэз.

Рэканструкцыя першапачатковага выгляду візантыйскага энкалпіёна. Паводле даследаванняў, да траплення ў дацкую каралеўскую кунсткамеру крыж меў іншае мацаванне і быў упрыгожаны жэмчугам, які пазней быў страчаны. Выява: Nationalmuseets Arbejdsmark 1978 / Holger Schmidt

Існуе і іншая, не менш абгрунтаваная навуковая версія: бацькам Сафіі мог быць князь наўгародскі Уладзімір Усеваладавіч.

«Гэта аўтаматычна выключае яе як постаць аж кольвек звязаную з гісторыяй Беларусі», — адзначае Крыцук, спасылаючыся на працы Галена, Баўмгартэна, Пашуты і Катлярчука. Фрыцэ Ліндаль у сваім артыкуле 1978 года таксама ўлічвала абодва варыянты.

Чаму гісторыкі так востра рэагуюць

Спрэчка вакол артэфакта выкрыла больш глыбокую праблему: межы дапушчальнага ў публічнай гісторыі і адказнасць за стварэнне нацыянальных міфаў.

Гісторык Аляксандр Паршанкоў нагадвае, што гісторыя крыжа застаецца цьмянай, а дакладнае месца яго стварэння і імя ўладальніка не пацверджаныя.

«Мы назіраем спробу выдаць за «нацыянальную святыню беларусаў» тое, што ёй ніколі не было і не павінна быць, — піша Паршанкоў.

— Лагічны парадак дзеянняў павінен быць зусім іншым: спачатку — грунтоўнае навуковае даследаванне, потым — публікацыя вынікаў, іх адкрытае абмеркаванне ў прафесійнай супольнасці, і толькі пасля гэтага — папулярызацыя і гучныя заявы.

Фактычна, такія дзеянні зневажаюць прафесійных гісторыкаў і свядома ўводзяць у зман грамадскасць».

Яшчэ разчэй выказаўся археолаг і гісторык Мікола Плавінскі. Паводле яго слоў, падобныя міфы наносяць прамую шкоду нацыянальнай ідэнтычнасці, даючы падставы канкурэнтам і прапагандыстам ставіцца да ўсёй беларускай гісторыі як да «бздуры».

«Арганізатары падобных мерапрыемстваў спрабуюць знішчыць самыя падмуркі нацыянальнай свядомасці. І робяць гэта цалкам свядома, бо ім ужо больш за год пра гэта кажа вялікая колькасць «занудных» прафесійных гісторыкаў, — цытуе словы Плавінскага Крыцук. — Але выяўляецца яшчэ большая праблема.

У гэтых шкоднікаў ёсць досыць шырокі і маналітны фронт падтрымкі з журналістаў і інфлюенсараў, якія ўсяляк спрабуюць абяліць гэты канкрэтны і іншыя падобныя ўчынкі. Асабіста мне, каб даўно ўжо не было ўсё роўна, было б страшна».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • %
    31.08.2026
    Ай, не было ніякай там "меснкай". Увогуле - ніякай гсіторыі у Беларусі няма. Жылі тут тубыльцы, якіх тузалі па кутах каму толькі запатрабуецца вось і уся гісторыя. Як тыя жэмайты кажуць - сядзіце ў сваей кучы пахучай і задавольвайцесь тым што есьць, а да высакародных нацый не лезьце

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?15

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне зноў атакавалі Кіеў — загарэўся шматпавярховік3

У Данецку падарвалі аўтамабіль намесніка начальніка Аленаўскай калоніі, дзе катавалі ўкраінскіх палонных1

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі5

У Бабруйску п'яны пенсіянер падабраў ключы і скраў рэчы з камеры захоўвання ў гандлёвым цэнтры2

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?15

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць