Культура11

«Мяне выпусцілі на доўгія выходныя, каб маглі адсядзець іншыя парушальнікі». Былая дырэктарка Іўеўскага музея збегла з хіміі, а цяпер робіць вышыванкі ў Беластоку

54-гадовая культуролаг Рэгіна Лавор стварыла Музей нацыянальных культур і Цэнтр рамёстваў у Іўі. А ў 2021 годзе яе асудзілі на хатнюю хімію, некалькі разоў арыштоўвалі і выпісвалі вымовы — і яна з’ехала з краіны. Цяпер жанчына адраджае беларускую вышыўку ў Беластоку і кажа, што хоча адзець у свае кашулі ўсіх беларусаў, раскіданых па свеце, піша «Будзьма».

Купляла прадметы для экспазіцыі за ўласныя грошы. Музей

Фота з інстаграма Рэгіны Лавор

Да 2013 года Рэгіна Лавор была дырэктаркай Музея нацыянальных культур у Іўі — жанчына апісвае гэты досвед як сваю самую вялікую працу. Цяпер гэта вядомае ў горадзе культурнае месца. У 2009 годзе экспазіцыю стваралі з нуля, пры гэтым часам ёй даводзілася самастойна шукаць прадметы для выстаў і набываць іх за свае грошы. «Медыязона» распавядае гісторыю былой музейшчыцы.

«Я сядзела на нейкіх аўкцыёнах, купляла іх [прадметы] за свае грошы як прыватная асоба і потым шукала кагосьці, хто мог гэты прадмет у музей аддаць», — успамінае яна.

Былі і іншыя цяжкасці: працу музея кантралявалі райвыканкам, Гродзенскае ўпраўленне культуры, гістарычны музей і Міністэрства культуры. «І ты павінен усім падпарадкоўвацца, пры гэтым твайго пункту гледжання развіцця музея ніхто не бачыць», — кажа культуролаг.

Акрамя пошуку прадметаў для экспазіцый, яна як дырэктарка вырашала гаспадарчыя пытанні — як што парамантаваць, прыбіць, як знайсці машыну, каб нешта перавезці. Аднак установе ўдавалася рабіць і ноч музеяў, і сустрэчы з рознымі мастакамі, заўважае яна.

Былая дырэктарка ўспамінае гісторыю, як падчас экскурсіі, якую яна праводзіла ў музеі, у яе ў падлогу праваліўся абцас. Канструкцыя будынка была зроблена з парушэннем нормаў — бэлькі на другім паверсе пры рэстаўрацыі проста не змянілі, і яны пачалі гніць, тлумачыць яна. У райвыканкаме ёй адказалі, што зрабілі так, каб зэканоміць грошы.

Пасля гэтага ўдалося «залапіць» падлогу на другім паверсе, але, кажа жанчына, яна не магла з мірыцца з тым, як развіваўся музей, і сышла.

Пасля Лавор некалькі год працавала ў камунальнай сферы, а перад пачаткам пратэстаў зарэгістравала рамесніцкую дзейнасць, каб вышываць.

Назвала начальніка Іўеўскага РАУС «бандытам у джынсах» і фашыстам. Хімія

У Іўі — невялікім амаль васьмітысячным горадзе Гродзенскай вобласці — Лавор разам з паплечнікамі збіраліся, каб пратэставаць. У 2020 годзе актывістку судзілі па адміністрацыйных артыкулах тройчы, кожны раз яна атрымлівала штраф.

Фота з інстаграма Рэгіны Лавор

15 лістапада 2020 года, у памяць аб загінулым Раману Бандарэнку, жыхары Іўя зноў сабраліся — маліцца каля помніка Чатырох канфесій. Акцыю разагналі сілавікі, а загад на гэта даваў намеснік начальніка Іўеўскага РАУС Андрэй Ярохін, упэўненая культуролаг. Тады яна напісала ў адкрыты гарадскі чат «Ярохін — фашыст, бандыт у джынсах».

Следства не знайшло ў яе тэлефоне пацвярджэння, што паведамленне даслала менавіта Лавор, а ў пастанове суда напісалі, што надпіс зрабілі «з нявызначанага абсталявання і з нявызначанага месца», кажа яна.

16 верасня наступнага года яе прызналі вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады і асудзілі да 2 гадоў хатняй хіміі.

Пасля абвяшчэння прысуду Лавор трэба было ўладкавацца на працу, і яна «звярнулася ў сваю родную культуру». У цэнтры рамёстваў, дзе яна працавала да дырэктарства ў музеі, жанчыне спачатку сказалі, што вакансіі ёсць, але калі тая прынесла дакументы, адмовілі. «Потым мне далі адказ, што чалавек проста выйшаў з дэкрэтнага адпачынку», — кажа актывістка.

Фота з інстаграма Рэгіны Лавор

«Жанчына, з якой я раней працавала, сказала, што мне напісалі характарыстыку з апошняга месца працы. Мне паказалі гэту характарыстыку. Там было напісана, што я парушала працоўны рэжым, што ставілася нядобра да кліентаў, пры гэтым было пазначана, што прадставіць пісьмовыя пацвярджэнні яны не могуць», — успамінае культуролаг.

Тады Лавор вырашыла адкрыць нанова рэгістрацыю па рамесніцкай дзейнасці. І хаця паводле дакументаў гэта атрымлівалася, насамрэч працаваць было складана — праз хатнюю хімію жанчыне цяжка было набываць матэрыялы для творчасці і гандляваць тым, што яна рабіла.

Асуджаныя на хатнюю хімію падпісваюць дакумент, дзе апісана тое, што ім дазваляецца падчас адбывання пакарання. «Маеш права выхаду з дома на дзве гадзіны кожны дзень з панядзелка па пятніцу для вырашэння ўсіх сваіх пытанняў — банк, аптэка, крама, доктар, падатковая», — тлумачыць жанчына.

Працэс ускладняўся тым, што, як кажа актывіста, яна адзіная з Іўя была асуджаная да хатняй хіміі па палітычных матывах. Рамесніцкая дзейнасць пастановай не рэгламентавалася, таму на яе запыты інспектар адказаць не мог.

«Я звярталася неаднаразова з заявамі, дзе прасіла ўдакладніць графік працы рамесніка — мая праца ўвогуле не рэгламентаваная. І я такія адказы атрымлівала што «вам не забаронена, але пры гэтым забаронена». А калі мне патрэбныя ніткі, гузікі? Я проста не магу пайсці ў краму і купіць гэта, таму што ў мяне выхад з дому толькі з 10 да 12», — згадвае Лавор.

Не паспела адчыніць дзверы міліцыянту. Арышты

Калі актывістка запісалася на прыём да старшыні райвыканкама, каб дазнацца пра свае правы і спытаць пра вакансіі, атрымаўшы на тое «вусны дазвол», ёй выпісалі вымову аб парушэнні адбыцця пакарання. Потым яна атрымала яшчэ некалькі такіх вымоваў, і яе арыштавалі агулам на 23 дні.

У студзені сілавікі пачалі прыходзіць да яе «амаль кожны дзень, 5-6 разоў за вечар», кажа культуролаг. Вымовы выпісвалі за тое, што яна «не магла забяспечыць уваход супрацоўніка ў дом», кажа актывістка.

«Супрацоўнік прыехаў, была навальніца, я яго дрэнна чула. Пачала адчыняць дзверы, а ён у гэты час развярнуўся і пайшоў, і яго відэарэгістратар адзначыў, што ён са мной размаўляў. Гэта быў вечар, таму я не магла пабегчы за ім і гукнула яго, але нічога. Потым спрабавала абскардзіць гэтае парушэнне праз суд», — расказвае жанчына.

Падчас першага і апошняга арышту Лавор трымала галадоўку супраць кепскіх умоваў утрымання ў 5-6 дзён. «Памятаю ляжала на гэтым унітазе, мяне ванітавала, я ўжо проста адключалася. Мне выклікалі хуткую дапамогу», — апісвае актывістка.

Падчас першай галадоўкі да жанчыны прыходзіў пракурор, які «выслухаў і сказаў, што дасць пісьмовы адказ».

Актывістка спрабавала абскарджваць вымовы і намагацца атрымліваць пісьмовыя адказы на свае запыты. Падчас аднаго з яе арыштаў начальнік ізалятара сказаў «не даваць ёй паперы і асадкі», кажа жанчына.

Фота з інстаграма Рэгіны Лавор

«Я чытала заканадаўства, глядзела артыкулы, спрабавала разабрацца сама. Яшчэ ў мяне былі «віртуальныя сябры», якія дапамагалі з юрыдычнымі пытаннямі. З цягам часу я навучылася, каб у тэксце было менш эмоцыяў, больш пытанняў».

«Мяне выпусцілі на доўгія выходныя, каб маглі адсядзець іншыя парушальнікі». Уцёкі і «іншы шлях» у Беластоку

У Іўеўскім ізалятары былі тры камеры — дзве з іх займалі мужчыны, а Лавор была адна на пакой з некалькімі нарамі, кажа яна. «Мяне выпусцілі на доўгія выходныя, каб маглі адсядзець іншыя парушальнікі. У суботу выпусцілі, а ў панядзелак я ўжо з’ехала з краіны. Гэта не так проста, калі ты невыязны і ў цябе няма візы», — успамінае актывістка.

Зараз былая музейшчыца жыве ў Беластоку і стварае традыцыйную беларускую вышыўку — як асобныя кашулі, так і ўвесь строй.

Адну кашулю жанчына можа вышыць як за тры дні, так і за тыдзень, пры гэтым працуючы па 10-12 гадзін у дзень, кажа яна. Кошт такога вырабу будзе ад 150 даляраў, а з матэрыялу культуролаг выкарыстоўвае беларускі лён.

«Вышываць трэба калі ў цябе есць настрой, калі ты ведаеш, для якога чалавека вышываеш, трымаеш з ім нейкую такую віртуальную сувязь. Нават калі цябе просяць копію — яна ніколі не атрымаецца такой самай. Думкі твае павінны быць чыстымі, яны павінны быць добрыя, каб з такой энергетыкай яны перадаліся ў гэту кашулю», — распавядае яна.

У Беластоку жанчына жыве без сваёй сям’і, і гэта для яе асноўная складанасць. Але ў Польшчы яна мае магчымасць займацца любімай справай, адзначае актывістка.

«Я разумею, што шляху дадому ў мяне няма. Але ў мяне ёсць іншы шлях — развіваць маю мову, маю культуру, падтрымліваць традыцыі, займацца адраджэннем беларускай вышыўкі. Адзець у мае вышыванкі як мага больш беларусаў, якія сёння раскіданыя па ўсім свеце.

Фота з інстаграма Рэгіны Лавор

Калі я не выходжу з дома і проста займаюся вышыўкай, я забываюся на час. Мне здаецца, што я дома. Я для сябе стварыла нейкі свет, у якім я цяпер знаходжуся, дзе час ідзе хутчэй. Гэта не для грошай, я зараз проста хачу мець гэту справу, занятак, які мне дапамагае дачакацца моманту, калі я вярнуся дадому. Я ўпэўнена, што я вярнуся дадому, я гэтага чакаю», — кажа культуролаг.

Каментары1

  • mikola
    01.08.2023
    Regina ! Ja Vas razumeiu . Takija jak Vy ni patrebny lukasenkauskai  Kraine  .Vasa Sprava spatrebica  Novai Belarusi. Udaczy ! Zyve Belarus !

Цяпер чытаюць

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Ціханоўскі прыедзе на фэст «Тутака» на Падляшшы10

Bild публікуе «сакрэтны спіс» зброі, якую Украіна просіць у Германіі6

У 2026 годзе беларусы будуць адпачываць меней, чым у гэтым годзе

Ціханоўская — Трампу: Лукашэнку трэба пакараць, а не заахвочваць40

Пажар у Пухавіцкім раёне, дзе загінулі ўнучка і бабуля, быў выкліканы падпалам1

Беларус знайшоў рэдкую манету. За яе даюць ужо 18 тысяч рублёў, але таргі працягваюцца6

22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію3

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі1

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць