Культура

Абвешчаны шорт-ліст першай Букераўскай прэміі для дзяцей. У журы — таксама дзеці

Абвешчаны восем намінантаў першай у гісторыі дзіцячай Букераўскай прэміі. Яны прэтэндуюць на ўзнагароду ў 50 тысяч фунтаў (прыкладна 65,5 тыс. даляраў), піша Бі-бі-сі.

У шорт-ліст кніг, адрасаваных для дзяцей ва ўзросце ад 8 да 12 гадоў, увайшлі пяць раманаў, дзве графічныя навелы і ілюстраваны зборнік апавяданняў.

Сярод прэтэндэнтаў — былы лаўрэат Ірландскай дзіцячай прэміі Оўэн Колфер, найбольш вядомы па серыі кніг пра Артэміса Фаўла, а таксама настаўніца і дзіцячая пісьменніца Кэтрын Брутон.

Акрамя таго, па выніках конкурсу, які ахоплівае ўсё Злучанае Каралеўства, названыя імёны чатырох дзяцей, якія ўвойдуць у склад журы. Іх выбралі з больш чым 4 000 кандыдатаў. Адзін з іх — дванаццацігадовы Ібрагім з Хэмпшыра.

Ён распавёў, што яго выклікалі ў школу для тэлефоннай размовы са старшынёй журы Фрэнкам Котрэл-Бойсам, які і паведаміў яму гэтую навіну. Ібрагім бязмерна шчаслівы: «Першы член журы Дзіцячай Букераўскай прэміі! У маім рэзюмэ — гэта адкрые мне шырокія гарызонты… Я настолькі ўражаны, што нават радавацца як след не магу».

Котрэл-Бойс сказаў: «Вельмі, вельмі важна, што гэта прэмія за дзіцячыя кнігі. Наяўнасць дзяцей у складзе журы стане таму доказам… Калі дзецям не спадабаецца кніга, яна не пераможа».

Акрамя Ібрагіма, яго калег дзіцячага ўзросту і самога Котрэл-Бойса ў склад журы ўвойдуць актрыса серыялаў «Прывіды» і «Жудасныя гісторыі» Лолі Адэфопе, а таксама Санчыта Басу Дэ Саркар, уладальніца адзначанай рознымі ўзнагародамі крамы дзіцячых кніг у паўночным Лондане.

Ібрагім чытае па гадзіне на дзень

Ібрагім сказаў, што любіць чытаць, «бо гэта проста спосаб адпачыць ад навакольнага свету. Калі ты паглыбіўся ў кнігу, ты не адарвешся ад яе, пакуль не дачытаеш да канца».

Ён занадта прафесійны, каб раскрываць, якія кнігі са спісу прэтэндэнтаў яму падабаюцца больш за ўсё, але, паводле яго слоў, калі ён нядаўна чытаў адну з іх, яму давялося папрасіць маму канфіскаваць яе: «Бо я не мог адарвацца ад чытання, і ў мяне разбалелася галава».

Котрэл-Бойс не турбуецца пра тое, што дарослыя члены журы могуць дамінаваць у працэсе прыняцця рашэнняў: «Калі вы, як і я, ужо 20 гадоў наведваеце школы ў якасці дзіцячага пісьменніка, то там рэдка сустрэнеш дзіця, якое настолькі ўражана [з'яўленнем вядомага пісьменніка], што саромеецца выказаць сваё меркаванне. Звычайна яны вельмі шчырыя».

Ібрагім пацвярджае гэта. «Дарослыя не будуць кантраляваць гэты сход… На 100% не!» — кажа ён.

Ён шукае «нешта, што адкрывае розныя пункты гледжання, што дазваляе паглядзець на рэчы па-іншаму. Новых персанажаў, а не тых жа старых нядбайна намаляваных, якіх аўтары ствараюць увесь час. Яны проста пішуць кнігі з адным і тым жа сюжэтам».

Якія кнігі прайшлі адбор?

У шорт-ліст увайшлі кнігі аўтараў і ілюстратараў з Вялікабрытаніі, Ірландыі, Аўстраліі і Італіі. Котрэл-Бойс ахарактарызаваў спіс як «поўны сюрпрызаў». Вось ён:

  • «Самае страшнае, што толькі можа здарыцца» Гая Баса, ілюстраваная Дэвідам Робертсам. Чытачы на Goodreads апісваюць яе як «супержудасную» і «прыклад таго, як павінен пісацца жахлівік для дзяцей».
  • «Вайна» Оўэна Колфера і Эндру Донкіна, ілюстраваная Джавані Рыгана. Гэта трэцяя кніга з іх серыі графічных раманаў, якая распавядае гісторыю 14‑гадовай Кэт, што жыве ў аблозе ў неназваным еўрапейскім горадзе.
  • «Ноч, калі я пазычыў час» Ікбала Хусейна — дэбютная дзіцячая кніга брытанска-пакістанскага аўтара і былога журналіста, у якой гісторыя распавядаецца ад імя Зубаіра, сёмага сына, які атрымаў у спадчыну здольнасць падарожнічаць у часе і спрабуе выправіць жыццё членаў сваёй сям'і.
  • «Праклён вандроўніка» Майкі Пліза — фэнтэзійная камедыя ад аніматара студыі Aardman, які таксама праілюстраваў кнігу, была ахарактарызаваная газетай Guardian як «заблытаная гісторыя няправільна пастаўленых мэтаў, што прымушае рагатаць да слёз».
  • «Апавядальнік небыліц» Ліз Хайдэр, ілюстраваная Томам дэ Фрэстанам, стала выбарам крытыкаў газеты Daily Telegraph. Кніга распавядае пра бабулю, якая жыве ў хаціне ў глушы і складае загадкавыя гісторыі для свайго адчужанага ўнука.
  • «Лета апалонікаў» Кэтрын Брутан распавядае пра дзяўчынку, якая шукае суцяшэння на прыродзе, калі ў яе брата абвастраецца цяжкая хвароба.
  • «Шэймус — амаль знакаміты» Джэсікі Скот-Уайт — другая кніга гэтай ірландскай аўтаркі, ілюстраваная Бекай Мур. Бедны Шэймус імкнецца выйсці з ценю сваёй сям'і — нават яго маленькая сястрычка выпадкова стала сенсацыяй у інтэрнэце.
  • Кніга «Родны горад» аўстралійца Шона Тана распавядае гісторыю дзяўчынкі, якая жыве на далёкай планеце і якой аднойчы прышэлец у скафандры паведамляе, што насамрэч яна паходзіць з вельмі далёкіх мясцін. У рэцэнзіі ў газеце Observer гэтую кнігу назвалі «ідэальным палівам для няўрымслівага ўяўлення».

«Мае сябры наогул не чытаюць кніг», — кажа Ібрагім. Ён не спрабуе іх пераконваць. «Я не перашкаджаю ім жыць сваім жыццём. А я жыву сваім».

Але калі б ён усё ж паспрабаваў, што б ён сказаў?

«Усталюйце таймер на тэлефоне, пераканайцеся, што ён заблакаваны, і тады можна заняцца нечым больш прадуктыўным. Магчыма, мне ўдасца іх пераканаць… таму што гэта можа дапамагчы вам з англійскай, умацаваць упэўненасць у сабе і павысіць самаацэнку».

Аднак для яго самога найлепшае ў кнізе — гэта калі яна пераносіць яго ў іншы свет. «Як толькі спрабуеш адцягнуць увагу ад чытання, адразу ж пачынаеш думаць: «Божа мой, што ж адбудзецца далей?»»

Імя пераможцы будзе абвешчана ў лютым наступнага года ў музеі Young V&A у Лондане. 30 000 асобнікаў кніг, якія ўвайшлі ў шорт-ліст, будуць перададзеныя дзецям, якія ў іх маюць найбольшую патрэбу.

Каментары

Цяпер чытаюць

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў2

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў

Усе навіны →
Усе навіны

Больш за 700 тысяч. Узламаная «Кіберпартызанамі» база Расстата дазволіла ўдакладніць колькасць забітых і зніклых без вестак на вайне расіян6

Мерц: Адмова Украіне ў шляху да НАТА ў 2008 годзе была памылкай14

Адстаўлены віцэ-прэм'ер Шулейка будзе ствараць на Гродзеншчыне аграхолдынг2

«Пакуль мы будзем дамаўляцца, Пуцін апынецца ў Ратэрдаме». Генсак НАТА выказаўся супраць стварэння адзінай еўрапейскай арміі3

Стала вядома, што ўвойдзе ў 22‑гі пакет санцый Еўрасаюза супраць Расіі3

Былы брамнік бразільскай зборнай хутка стане бацькам адразу двух дзяцей ад розных жанчын4

З 1 студзеня павялічыцца мінімальны заробак3

Толькі мова нас звязвае29

«Я чуў галасы ў галаве». Баксёр Тайсан Ф'юры расказаў, як у яго дыягнаставалі шызафрэнію1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў2

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць