Гісторыя1111

Пагромы на Беларусі. Хто за імі стаяў

На фоне пагрому ў Махачкале ў твітары з’явілася карта колькасці пагромаў, якую адразу падхапілі расейцы: маўляў, найбольш гвалту супраць яўрэйскага насельніцтва было ў Беларусі і Украіне, а зусім не ў Расіі. Гэтыя сцвярджэнні абурылі беларусаў. Мы паспрабавалі разабрацца, колькі пагромаў было на нашых землях і хто за імі стаяў. 

Твіт з названай картай быў апублікаваны ў твітары Visegrád 24. Ён сабраў больш за 2 тысячы рэпостаў, многія з якіх былі зробленыя расейцамі, каб давесці, што пагромы гэта не «руская традыцыя», а беларуская, украінская і польская. Беларусы і ўкраінцы ў адказ абурыліся такімі заявамі, нагадаўшы пра тое, што расійскімі імперскімі ўладамі была ўведзена «мяжа аселасці», якая ахоплівала Беларусь, Украіну і Польшчу, па-за якой яўрэям забаранялася жыць без спецыяльных дазволаў, таму заканамерна, што большасць пагромаў будзе прыпадаць на гэтыя тэрыторыі.

Твітамі падобнага кшталту пракаментавалі апублікаваную карту пагромаў многія расійскія і прарасійскія акаўнты

Але ці такімі талерантнымі і бязгрэшнымі ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва былі беларусы? Грунтоўны адказ на пытанне, хто і навошта граміў яўрэяў на беларускіх землях за часамі Расійскай імперыі, даецца ў артыкуле беларускага гісторыка Валянціна Міхедзькі «Улада, рэвалюцыя і пагромы ў Беларусі ў пачатку ХХ ст.» 

Міхедзька даводзіць, што на сёння звесткі былі ўдакладненыя і можна казаць пра 292 пагромаў у кастрычніку 1905 года ў «межах аселасці», з якіх толькі 23 выпадкі адбыліся на Беларусі. Тлумачэнняў такой дыспрапорцыі няшмат. 

Але варта звярнуць увагу на тое, адкуль увогуле на Беларусі маглі з’явіцца антыяўрэйскія настроі. 

Доля яўрэйскага насельніцтва ў заходніх губернях Расійскай імперыі

Увядзенне «Часовых правіл» 3 мая 1882 года («травеньскіх законаў»), якія рэзка абмяжоўвалі правы яўрэйскага насельніцтва пасля рэформаў Аляксандра II, аказала магутны ўплыў на сацыяльныя працэсы ў беларускіх губернях. Як адзначаў віленскі генерал-губернатар Пётр Святаполк-Мірскі, створаная ўрадавымі мерамі «крайняя цесната… насельніцтва ў гарадах панізіла каштоўнасць… працы». Вынікам гэтага стала «беднасць, якая мяжуе з поўнай галечай агульнай масы яўрэйскага насельніцтва» 

Урадавая забарона сіянісцкіх арганізацый, забарона дзейнасці легальнай «Яўрэйскай незалежнай працоўнай партыі», якія пераследавалі эканамічныя і нацыянальна‑культурныя мэты, таксама спрыялі палітызацыі і радыкалізацыі працоўнага руху. 

У гэтай сітуацыі ў асабліва ўразлівым становішчы аказаліся мясцовая адміністрацыя, асабліва яе нізавыя ўзроўні, і жандарска-паліцэйскія структуры, на якіх і ляжала штодзённая адказнасць за захаванне «парадку». Менавіта гэты фактар, на думку Міхедзькі, быў асноўным у эскалацыі антыяўрэйскага гвалту на тэрыторыі Беларусі на пачатку ХХ стагоддзя.

«Ахвяра пагрому» работы Якава Паніна. 1920-я. Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. Фота: Wikimedia Commons

Ва ўсіх выпадках, калі вынікам пагрому былі значная матэрыяльная шкода або чалавечыя ахвяры, іхнімі арганізатарамі было мясцовае расійскае чынавенства і жандары.

Магілёўскі губернатар Мікалай Клінгенберг, пастаўлены на чале губерні ў 1902 годзе, быў адным з галоўных ініцыятараў распраў над яўрэямі на Беларусі

Ён бачыў прычыну абвастрэння грамадска-палітычнай сітуацыі ў краі ў тым, што «ўсё яўрэйскае насельніцтва вельмі варожа настроенае ў дачыненні да рускага». У мясцовай адміністрацыі і паліцыі фарміравалася прэзумпцыя «калектыўнай віны» яўрэяў.

З 1902 года ў беларускія гарады і мястэчкі значна павялічыўся прыток сялянскай моладзі з вёскі, якая таксама цярпела ад аграрнага перанасялення. Але ў гарадах яны не маглі атрымаць пастаянную працу ды наладзіць свой побыт – і на гэтую фрустрацыю вельмі добра клалася антысеміцкая прапаганда.

Целы ахвяраў Кішынёўскага пагрому 1903 года

Першай маштабнай пагромнай акцыяй у Беларусі стаў яўрэйскі пагром у Гомелі 1—2 верасня 1903 года.

Следчыя дакументы паказваюць, што ўзровень антыяўрэйскай агрэсіі ў Гомелі быў недастатковы для спантаннага ўзнікнення канфлікту, таму выбралі групы, якімі можна было маніпуляваць.

Асноўную масу шараговых пагромшчыкаў складалі рабочыя Лібава-Роменскіх і Палескіх чыгуначных майстэрняў, сялянская моладзь, занятая ў горадзе на падзённых і сезонных работах, у асноўным на чыгунцы і будаўніцтве, а таксама «басякі-залатаротцы» — прадстаўнікі гарадскога люмпен-пралетарыяту. У ходзе пагрому да іх далучыліся сяляне прыгарадных вёсак. 

Яўрэй, забіты ў вераснёўскіх пагромах 1903 года ў Гомелі

У выніку пагрому загінулі не менш за 12 чалавек — 7 яўрэяў (па іншых даных — да 12) і 5 хрысціян. Ахвяры сярод хрысціян былі выкліканыя дзеяннямі войскаў, якія абстралялі натоўпы людзей. Цяжкія калецтвы атрымалі 8 чалавек, усяго ж было паранена каля 50 чалавек. Значныя матэрыяльныя страты былі нанесеныя не менш чым 400 яўрэйскім сем'ям, каля 250 жылых і гандлёвых памяшканняў былі пашкоджаныя і разбураныя, пры тым, што найбольш моцна пацярпела яўрэйская бедната. 

Магілёўскі губернатар, які выступіў перад прадстаўнікамі яўрэйскай абшчыны Гомеля, абвінаваціў іх саміх у правакаванні беспарадкаў і страце «павагі да ўлады».

Магілёўская губерня са значным адрывам лідзіравала на тэрыторыі Беларусі па колькасці і цяжару пагромаў. Гомельскі пагром паклаў пачатак цэлай серыі інцыдэнтаў, якія распаўсюдзіліся на значную частку тэрыторыі Беларусі і працягваліся, прынамсі, да сярэдзіны 1906 года.

Карыкатура амерыканскага часопіса 1904 года, якая паказвае яўрэяў, якія ўцякаюць з Расійскай імперыі пад страхам пагромаў, і цара Мікалая II, які патурае гэтаму

Мабілізаваныя на вайну сяляне канцэнтраваліся на зборных пунктах у сёлах, гарадах і мястэчках, пры гэтым працяглы час яны былі без кантролю, нагляду і харчавання, п'янствавалі і хуліганілі. Шматлікія выпадкі ўхілення яўрэяў ад мабілізацыі толькі падбухторвалі беларускіх сялян-рэзервістаў.

Карыкатура польскага мастака Генрыка Навадворскага на Беластоцкі пагром 1906 года. Пагромшчык паказаны ў царскай фуражцы з кукардай набакір

Летам 1905 года рэзка актывізаваліся рэвалюцыйныя арганізацыі ў павятовых гарадах, мястэчках Магілёўскай і Мінскай губерняў, дзе ўлады не мелі значных ваенных і паліцэйскіх сіл.

Надзвычайнай вастрыні дасягнула супрацьстаянне ўладаў і рэвалюцыйных арганізацый у Гомелі. Акты тэрору, узброеныя сутыкненні сталі тут паўсядзённай з'явай. Гомельскі паліцмайстар, пасля серыі замахаў на яго жыццё, публічна абвясціў, што «ўсякага яўрэя, які належыць да адкідаў яўрэйскага грамадства і называе сябе дэмакратам» і наблізіцца да яго, будуць расстрэльваць казакі канвою. Сітуацыя рэзка змянілася на карысць улады. Магілёўскі губернатар з задавальненнем адзначаў, што ў выніку «ў Гомелі запанаваў… поўны спакой».

Рынак перад Вялікай сінагогай у Гомелі

Актывізацыя пагромных настрояў увесну — улетку 1905 года выклікала незадаволенасць часткі вышэйшай пецярбургскай бюракратыі, якая ўгледжвала ў гэтым перш за ўсё недазваляльную «самадзейнасць» на месцах.

Ва ўрадавых вярхах былі ўплывовыя сілы, якія праяўлялі відавочныя сімпатыі ідэі «пакараць яўрэяў» нягледзячы на нестабільнасць сітуацыі, а хутчэй — менавіта дзякуючы ёй. Менавіта на такіх людзей і арыентаваліся прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі — магілёўскі губернатар Мікалай Клінгенберг і, збольшага, мінскі губернатар Павел Курлоў.

Пётр Сталыпін, які дамагаўся «заспакаення» краіны перш за ўсё ваенна-бюракратычным шляхам, улетку 1906 года пагражаў губернатарам «мяжы аселасці» персанальнай цяжкай адказнасцю за кожную праяву славутай пагромнай «стыхіі», якой традыцыйна апраўдваліся мясцовыя ўлады.

Сінагога ў Оршы, дзе адбыўся адзін з буйных пагромаў

Такая лакалізацыя пацвярджае залежнасць маштабу пагромаў ад палітычных пазіцый губернскай адміністрацыі.

Матэрыялы спраў і сведчанні дазваляюць казаць пра паліцыянтаў, «якія спецыялізаваліся» на карных акцыях, у тым ліку і на арганізацыі пагромаў.

Дэманстранцыя чарнасоценцаў у Адэсе ў 1905 годзе

Пагромы 1903—1905 гадоў у Беларусі былі завершаныя пагромам у Гомелі 13—14 студзеня 1906 года.

Падчас пагрому былі забіты не менш за 4 чалавекі, а 11 чалавек атрымалі раненні.

У большасці выпадкаў асноўную частку пагромшчыкаў складалі сяляне, доля якіх, аднак, з 1903 па 1905 год скарацілася з 96% да 55%, і мяшчане, як беларусы, так і прадстаўнікі рускага стараверскага насельніцтва, асабліва актыўныя ў Віцебску і Полацку. Удзел у найбуйнейшых пагромах прынялі і салдаты раскватараваных часцей расійскай арміі. Зафіксаваны таксама ўдзел у пагромах прадстаўнікоў паштова-тэлеграфных і чыгуначных служачых і рабочых.

Карыкатура 1906 года на чарнасоценскую і казацкую агітацыю перад выбарамі ў Дзяржаўную Думу, якая зводзілася да закліку «Бі…», а каго трэба біць было і так усім вядома

Матывацыя дзеянняў асноўнай масы пагромшчыкаў была разнастайнай.

Многія асцерагаліся, што ўраўнанне ў правах прывядзе да пагаршэння становішча хрысціянскага насельніцтва, што было наступствам доўгачасовай сегрэгацыі расійскімі ўладамі мясцовага грамадства.

Салдаты паддаваліся ўплыву абвінавачванняў яўрэяў у «здрадзе» Расіі ў гады руска-японскай вайны. Пры гэтым нельга, вядома, адмаўляць і таго, што спрыяльную глебу для антысеміцкай прапаганды стваралі і экстрэмісцкія дзеянні яўрэйскіх рэвалюцыйных арганізацый.

Менавіта ў гэтым асяроддзі антыяўрэйскі гвалт разглядаўся як выкананне «патрыятычнага абавязку», як «абуджэнне доўга «драмалай» рускай нацыянальнай самасвядомасці».

Аднавіліся пагромы ў рэвалюцыйны 1917 год, да 1919 года яны правакаваліся пераважна антысавецкімі сіламі — незадаволенне бальшавікамі, якіх многія асацыявалі з яўрэямі, было распаўсюджана на ўсё яўрэйскае насельніцтва. Асабліва вылучаецца пагром, які адбыўся ў Гомелі падчас антысавецкага «Стракапытаўскага» мяцяжу 24-28 сакавіка 1919 гадоў, калі было забіта да 25 камуністаў, большасць якіх была яўрэйскай нацыянальнасці.

Фармаванні Станіслава Булак-Балаховіча, сёння ўзведзенага ў ранг нацыянальнага беларускага героя і змагара супраць бальшавізму на Беларусі, арганізоўвалі пагромы, падчас якіх яўрэйскае насельніцтва падвяргалася масавым грабяжам, здзекам і забойствам. Палітычныя прычыны тут спалучаліся з жаданнем парабаваць. Усяго, па няпоўных дадзеных, балахоўцамі было забіта больш за 246 яўрэяў, з іх 60 у вёсцы Міхедавічы, і 70 — у вёсцы Вялікія Гарадзяцічы.

Шыльды на чатырох дзяржаўных мовах, сярод якіх і ідыш, у савецкім Мінску

У 1921 годзе Рада і ўрад БНР у выгнанні выдалі адозву пра супрацу з яўрэйскім народам, у якой заклікалі аб’яднаць беларускую і яўрэйскую нацыі ў адзін дзяржаўны беларускі народ.

Нататка пра візіт міністра БНР на сусветны сіянісцкі кангрэс у Карлсбадзе з віленскай газеты «Беларускі звон» за 1921 год

Гэтыя факты кажуць пра тое, што беларускія масы і нацыянальны рух не супрацьстаялі мясцоваму яўрэйству і не мелі моцнай антыяўрэйскай матывацыі.

Паказальна, што слова pogrom стала адным з найбольш вядомых русізмаў у іншых мовах, бо ёміста апісвае з’яву, якая найбольш яскрава праявілася ў расійскіх рэаліях. Сёння да яго дадаліся такія ж характэрныя словы, як soviet, bolshevik, troika, apparatchik ды апошняе — siloviki.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

У Дагестане праходзяць пратэсты пад антысеміцкімі лозунгамі, пагромшчыкі ўварваліся ў аэрапорт

Як збіраліся ліквідаваць савецкую Беларусь. План, які памёр разам з яго ініцыятарам

Каментары11

  • цвік у труну рашызма
    08.11.2023
    За пагромамі стаялі маскавіты і нямецкія кіраўнікі іх гвалтоўнай імперыі, што акупавала нашу дзяржаву ВКЛ. Менавіта яны стварылі ў сваей недаімперыі гета, куды выпхнулі ўсіх непажаданых. У ВКЛ калі краінай кіравалі беларусы ніхто да габрэяў не чапляўся.
  • Мора
    08.11.2023
    Але нельга не прызнаць што вышгарад а*****ўся з гэтым пастом
  • L
    08.11.2023
    Na ziemliapisie značna boĺš za 23 vypadki pahromaŭ u Biela-rusi. Taksama nie ŭsie naniesienyja, niama, napryklad, Barysaŭskaha pahromu 1919 h.

Цяпер чытаюць

Удава актывіста Максіма Чарняўскага расказала пра яго пакуты перад суіцыдам5

Удава актывіста Максіма Чарняўскага расказала пра яго пакуты перад суіцыдам

Усе навіны →
Усе навіны

Як звесці рызыку інфаркту да мінімуму?

Беларус надрукаваў на 3D-прынтары пісталет-кулямёт2

Азараў расказаў, чым будзе займацца яго дэтэктыўнае бюро «Рэкс»6

Чарговы скандал з адміністрацыяй Трампа: журналісты знайшлі ў інтэрнэце персанальныя даныя топ-чыноўнікаў4

«Мой заробак у Польшчы вырас у дзесяць разоў» — гінеколаг Ганна Каско49

Міністр абароны Літвы: Няма гарантыі, што вайскоўцы ЗША ў машыне — правяраюцца і іншыя версіі1

Каля новай станцыі метро хочуць знесці прыватны сектар і двухпавярхоўкі. Мінчан клічуць на абмеркаванне5

У Мінску з'явіліся электрасамакаты «Яндэкс Go»

Удзельніцам «Міс Беларусь» дазволілі мець татуіроўкі і пірсінг4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Удава актывіста Максіма Чарняўскага расказала пра яго пакуты перад суіцыдам5

Удава актывіста Максіма Чарняўскага расказала пра яго пакуты перад суіцыдам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць