Сёння разрыў тэмператур між паўночным захадам і паўднёвым усходам складаў больш за 11 градусаў. Надвор'е на захадзе і поўначы краіны было проста раскошнае.

Звярніце ўвагу: на поўначы Беларусі сёння а 15:00 было нашмат цяплей, чым на поўдні. У Полацку +24°, а ў Горадні — усе 25.
Прычына — у цыркуляцыі антыцыклону з цэнтрам над Паўночнай Італіяй. Па яго заходняй і паўночна-заходняй перыферыі да нас мкне цёплае паветра з Паўднёвай і Цэнтральнай Еўропы (па гадзіннікавай стрэлцы, як і належыць у антыцыклоне).
У выніку поўнач краіны апынулася ў зоне больш інтэнсіўнай адвекцыі цяпла, тады як поўдзень — на прахалоднай перыферыі.

А ці надоўга нам такое майскае шчасце, ад якога расцвітуць цюльпаны, чаромха і бэз?
Як прагназуе тэлеграм-канал @nadvorie, антыцыклон утрымае ў Беларусі ласкавую пагоднасць з тэмпературамі ажно +24..+27° прыкладна да аўторка, 5 мая. Пасля гэтага на тэрыторыю краіны мае прыйсці халодны фронт. Паводле прагнозу ECMWF, ён падзеліць Беларусь прыкладна напалову, умоўна па лініі Гродна—Мінск—Віцебск.
На поўдзень ад фронту яшчэ на пару дзён захаваецца цёплая паветраная маса з тэмпературай каля +25°. На поўнач пачне наплываць свежаватае паветра з Балтыкі, і там стануць цалкам камфортныя +15..+18°. На фронце ў другой палове дня будзе развівацца канвекцыя з ліўнямі і навальніцамі.
6 мая з тэрыторыі Польшчы зрушыцца цыклон «Н1». На паўночную палову Беларусі ўвечары і ўначы ён прынясе, імаверна, больш інтэнсіўныя дажджы з навальніцамі.
7—8 мая чакаецца выхад з паўднёвага захаду цыклону «Н2». У прагнозах ён выглядае больш магутным — з шырокімі і працяглымі ападкамі.
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары