Здароўе11

Ці можа соль быць прычынай дыябету другога тыпу?

Людзі часта думаюць, што дыябет 2-га тыпу правакуецца цукрам. Між тым новае амерыканскае даследаванне ўскладае віну на кухонную соль.

Фота: vecteezy

Даследаванне, праведзенае навукоўцамі з Tulane University ў Новым Арлеане, выкарыстоўвала даныя пра каля 400 000 дарослых, узятыя з даследавання Biobank Вялікабрытаніі. Даследчыкі сачылі за ўдзельнікамі амаль дванаццаць гадоў — за гэты час каля 13 000 захварэлі на дыябет 2-га тыпу. У выніковым прэс-рэлізе галоўны аўтар даследавання сказаў, што «калі прыняць са стала сальніцу, дыябет 2-га тыпу можна прадухіліць». Але ці сапраўды ўсё так проста, задаецца пытаннем The Conversation.

Як сцвярджае выданне, новае даследаванне можа толькі дапускаць сувязь паміж ужываннем солі і рызыкай развіцця дыябету 2-га тыпу, не больш за тое. Усё таму, што такі тып даследавання, які называецца назіральным, не можа даказаць, што адна рэч выклікае іншую — толькі тое, што адна рэч звязана з другой, бо могуць быць і іншыя фактары.

Даныя, якія выкарыстоўваліся для ацэнкі ўжывання солі, грунтаваліся на простым пытанні: «Ці дадаеце вы соль у ежу?» (У прыватнасці, выключана соль, дабаўленая падчас прыгатавання ежы.) Пытанне, на якое адказвалі ўдзельнікі даследавання, мела толькі варыянты: «ніколі/рэдка», «часам», «звычайна» або «заўсёды». Гэта азначае, што з адказаў немагчыма ацаніць, якая колькасць солі дакладна можа быць звязана з павышанай рызыкай развіцця дыябету 2-га тыпу.

То-бок апублікаваныя даныя не змаглі давесці, што ўжыванне 2 г солі ў дзень, даданых за сталом, павялічвае рызыку развіцця дыябету 2-га тыпу больш, чым спажыванне, напрыклад, 1 г за дзень.

Апрацаваная ежа — найвялікшая крыніца солі

У Вялікабрытаніі, даныя з якой выкарыстоўваліся для даследавання, звычайнае спажыванне солі складае каля 8 г або дзвюх чайных лыжак у дзень. Але каля трох чвэрцяў ад гэтай колькасці звычайна паступае з апрацаваных харчовых прадуктаў. Большая частка астатняга дадаецца падчас гатавання і не так шмат дадаецца яшчэ непасрэдна за сталом. Англійская арганізацыя National Health Service рэкамендуе людзям абмежаваць штодзённае спажыванне солі прыблізна да 6 г, а Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе яшчэ меншую норму — да 5 г.

Дарэчы, у Беларусі ў сярэднім спажываюць 10 г солі ў дзень — такія даныя агучвала загадчыца лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі РНПЦ «Кардыялогія» яшчэ ў 2018 годзе. І тыя ж 75% беларусы атрымліваюць з прадуктаў, вырабленых на харчовых прадпрыемствах. Напрыклад, у 100 г вяндліны ці 100 г папкорну ўтрымліваюць каля 1,5 г натрыю (рэкамендаваная дзённая норма 5 г солі адпавядае 2 г натрыю)

Ёсць некаторыя доказы таго, што павелічэнне спажывання солі, якое вымяраецца ўзроўнем натрыю ў мачы, можа быць звязана з павышэннем узроўню гармону стрэсу картызолу. Картызол жа ў сваю чаргу звязаны з павышэннем крывянога ціску і зніжэннем эфектыўнасці гармона інсуліну, які кантралюе ўзровень глюкозы ў крыві і з'яўляецца ключавой часткай развіцця дыябету 2 тыпу. Аднак доказы гэтага механізму былі выяўленыя пакуль толькі на пацуках.

Паменшыць колькасць солі — добрая ідэя

У чым можна быць упэўненым, дык гэта ў тым, што ў людзей з дыябетам 2-га тыпу (у якіх часта назіраецца высокі крывяны ціск) пры меншым ужыванні солі ціск паляпшаецца. Такім чынам, ужыванне меншай колькасці солі ў рамках здаровага харчавання дакладна з'яўляецца добрай ідэяй, бо здаровая дыета відавочна зніжае рызыку дыябету 2-га тыпу.

Новае даследаванне не паказала, наколькі дакладна трэба паменшыць спажыванне натрыя хларыду, але выказала здагадку аб некаторай сувязі паміж дадаваннем солі ў ежу і рызыкай развіцця дыябету 2-га тыпу. Такім чынам, лепш засяродзіцца на прафілактыцы і зніжэнні рызыкі праверанымі і даказанымі спосабамі, якія ўключаюць падтрыманне здаровай вагі, фізічную актыўнасць і паўнавартасную здаровую дыету.

Каментары1

  • Vik
    17.11.2023
    Поўная лухта.

Цяпер чытаюць

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе21

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе

Усе навіны →
Усе навіны

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»57

Падчас эвакуацыі жыхароў Алешак ва Украіну вярнуўся хлопчык, які паспеў пабываць у беларускім прытулку1

«Пасля трохмесячнай і гадавой уляпілі аднаразовую на два тыдні». Беларусы дзеляцца, як Польшча цяпер выдае візы8

Mark Formelle выпусціў калекцыю адзення з прынтамі каналізацыйных люкаў3

«Сказалі, што і трубку дамафонную забяруць». У беларуса, які з'ехаў у Польшчу, цяпер забіраюць маёмасць

Трамп забараніў будучым прэзідэнтам ЗША перабудоўваць Авальны кабінет, які ён адрамантаваў4

У Даўгаўпілсе затрымалі беларускага машыніста і яго памочніка, якія на хаду выкідвалі цыгарэты з цягніка11

Кальцавую лінію метро хутка пачнуць будаваць. Першы ўчастак звяжа «Парк Дружбы народаў» з Вяснянкай1

Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе21

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць