Кіно11

«Небаракі» (Poor Things): паглядзелі самы дзіўны фільм года і расказваем, чаго чакаць

«Небаракаў» (Poor Things) упершыню паказалі публіцы яшчэ 1 верасня, але толькі цяпер стужка Ёргаса Ланцімаса даляцела да еўрапейскіх кінатэатраў. Той першы паказ адбыўся на Венецыянскім кінафестывалі і прынёс 10-хвілінную авацыю ды галоўную ўзнагароду. Мы паглядзелі стужку, якая з таго часу яшчэ і адхапіла «Залаты Глобус», і ўпэўненыя — чакайце для «Небарак» ураджай «Оскараў».

Фота: скрыншот з трэйлера «Небаракаў»

У першыя хвіліны ты і сам не разумееш, што адбываецца на экране. Высокая брунетка ў сіняй сукенцы падае з моста ў цёмную ваду. Праходзіць пару хвілін, і яна ж дзіка танчыць, кідае ў людзей ежу і скача на маленькага доктара са счэрчаным шнарамі тварам, Годвіна Бакстэра — Бэла кліча яго Год, «Бог» у перакладзе з англійскай мовы. Навокал — целы нябожчыкаў, быццам мяса, празектарская яе любімага доктара і свіння, скрыжаваная з пеўнем.

Трэба час, каб разгледзець, хто ж такая гэтая Бэла Бакстэр. Прозвішча ў яе — ад стваральніка, доктара Годвіна Бакстэра, а вось імя роднаснае французскаму Бэль, так звалі гераіню казкі пра прыгажуню і пачвару. Але не спяшайцеся: хаця Бакстэр і пужае сваім выглядам ды звычкамі, сапраўдная пачвара тут, здаецца, не ён. 

Ёсць свой гумар у тым, каб называць казачнай прыгажуняй Бэлу ў яе сподніх панталонах і верху ад сукенкі, з яе дзіўнай хадой і адсутнасцю для яе любых нормаў. Але крок за крокам Бэла развіваецца: спачатку прыбаўляе па дзесяць-пятнаццаць словаў на дзень, а потым пераходзіць на больш вялікія рэчы. Яна пазнае негатыўныя эмоцыі, вучыцца непаслухмянасці і, нарэшце, дабіраецца да наймагутнейшай сілы ў яе жыцці — да сілы блізкіх адносін, сэксу. 

Спадарыня Бакстэр — увасабленне шматлікіх жаночых абліччаў: маленькай дзяўчынкі (хоць і ў дарослым целе), падлетка, нявесты, німфаманкі і не толькі. І ўсе гэтыя абліччы месцяцца ў адной душы, якую прадстаўляе бліскучая Эма Стоўн. Таму і не дзіва, што амерыканка збірае за гэтую ролю ўзнагароды адна за адной.

Кампанію ёй складае недаацэнены Уілем Дэфо, выканаўца ролі Годвіна Бакстэра, яшчэ адной складанай асобы ў гэтай гісторыі. Здаецца, Бакстэр — монстр: ён зладзіў эксперымент і ажывіў мёртвую жанчыну шляхам імплантацыі ёй чужога мозга, быццам не хапала яму свінапеўняў, сабакагусяў і бясконцых нябожчыкаў у празектарскай.

Ягоны твар, спаласаваны шнарамі, таксама быццам падказвае — вось яна, тая пачвара, што ідзе побач з прыгажуняй у казках! Але адкуль жа ў пачвары столькі любові і бацькоўскіх пачуццяў? Не, тут усё не так проста.

Адзначым і візуал фільма — карцінка быццам расцвітае разам з Бэлай. Першыя кадры — чорна-белы дом Бакстэра, дзе мы падглядаем за падзеямі нібы праз замочную адтуліну. Потым у кадр прыходзяць колеры: спачатку крыкліва яркія, як эмоцыі Бэлы, а потым усё спакайнейшыя. Змяняецца і стыль Бэлы: недзе яна дазваляе сабе выходзіць на вуліцу ў майтках, хаця і віктарыянскага фармату, а бліжэй да канца абірае прыгожыя і доўгія сукенкі.

Бэла Бакстэр — вельмі простая і наіўная асоба: яна можа перамігвацца з незнаёмцам, абмяркоўваць сэксуальнае жыццё з першай-лепшай ці есці выпечку з прылаўка, не хвалюючыся пра грошы і прыстойнасць. Усе тыя ўмоўнасці, якія скоўваюць «прыстойных» прадстаўнікоў грамадства, тым больш жанчын, ёй невядомыя — а калі яна ім і вучыцца, то рупліва адбірае, што да яе падыходзіць, а што — не.

На першы погляд, яна дзівацкая, але і ў шчырасці ёй не адкажаш. Як і ў тым, што Бэла ідзе шляхам Марыі Магдаліны, вось толькі збочвае з яго не праз пакаянне, як гэта было ў святой, а проста таму што абірае іншы кірунак. Ад свайго мінулага яна не пазбаўляецца — якое б яно ні было, гэта таксама досвед.

«Небаракі» — яшчэ адно ўвасабленне старой гісторыі пра Франкенштэйна і створаную ім з нежывой матэрыі пачвару. Вось толькі насамрэч, здаецца, не назваць пачварай ні Бэлу, ні Годвіна. Нават кіраўніца парыжскага бардэля, куды жыццё заносіць Бэлу, трымае свой бізнэс дзеля добрай справы — ці як мінімум дэманструе гэта Бэле, а ў «Небараках» мы бачым свет яе вачыма. Сапраўднага монстра мы сустракаем толькі ў канцы, ды і чым ён не небарака? 

А яшчэ гэты фільм — пра сілу жыцця. «Я знаходжу быццё жывой чароўным», — так кажа Бэла, і гэта нягледзячы на страшнае, праз што яна праходзіць на шляху да гэтых словаў. Моцная ідэя для пачатку 2020-х. І моцны, хаця і вельмі дзіўны, фільм, які не варта прапусціць.

«Небаракі» выйдуць у лічбавым фармаце 6 лютага.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Новы «Джокер», «Небаракі» і другі «Гладыятар»: топ-10 фільмаў, якія выйдуць у 2024-м

«Вонка» — фільм-мюзікл для тых, хто прагне святочнай магіі

Што паглядзець. Пяшчотная драма «Мінулыя жыцці»

Каментары1

  • Яўген
    19.01.2024
    Дзякуй вялікі за рэцэнзію на фільм!

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў38

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Усе навіны →
Усе навіны

Успаміны Бэлы Шагал паказваюць нечаканы Віцебск. І раскрываюць яшчэ адну таямніцу карцін Шагала8

Памёр фотажурналіст Яўген Коктыш. Ён здымаў Быкава і Мулявіна

Па вяртанні з Польшчы затрымалі заснавальніка школы музыкі Уладзіміра Патапенку3

Эйсмант апраўдвалася, чаму Лукашэнка праігнаруе чэмпіянат па колцы дроў11

Домік у сваім лесе. Мінчук купіў дабітае саўмінаўскае лецішча і зрабіў там грунтоўны і стыльны рамонт6

«Нарэшце!» Людзі на ўра ўспрынялі навіну аб увядзенні штрафаў за слабы інтэрнэт і прапануюць, з якога аператара пачаць9

Неабыякавыя апаненты Ціханоўскай збіраюцца на чарговы сход25

Забіваў пацыентаў, каб менш працаваць уначы. Гісторыя медбрата ў Германіі1

Пасол: Украіна вядзе пазітыўныя перамовы з ЗША аб набыцці ракет «Тамагаўк»6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў38

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць