Беларуска ў Вільні: Думаю перавесці дзяцей у літоўскую школу, у маёй школе шмат праблем
У Літве ідуць дыскусіі пра будучыню школ, выкладанне ў якіх вядзецца на рускай мове. У іх навучаюцца дзеці не толькі мясцовых рускамоўных жыхароў, але і мігрантаў з Беларусі, Расіі, Украіны, якія пражываюць у краіне, піша LRT.

Па даных Нацыянальнага агенцтва па адукацыі, у Літве налічваецца 64 школы з польскай мовай навучання, 26 школ з рускай мовай навучання, з 1994 года дзейнічае і гімназія імя Францішка Скарыны з беларускай мовай навучання.
Дыскусіі пра будучыню школ з выкладаннем на рускай мове зноў успыхнулі пасля таго, як міністр адукацыі навукі і спорту Гінтаўтас Якштас заявіў, што разглядаецца пытанне іх паступовага закрыцця. Планы раскрытыкавалі старшыня Сейма Вікторыя Чміліце-Нільсэн, дарадца прэм'ер-міністра па пытаннях нацыянальных меншасцяў Артур Людкоўскі, а таксама спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях меншасцяў (2017-2023 гг.) і сусветна вядомы эксперт па правах меншасцяў доктар Фернан дэ Варэн.
«Няма ніякіх доказаў таго, што дзеці са школ меншасцяў не вучаць літоўскую мову, з майго досведу я ведаю адваротнае — гэтыя дзеці, як правіла, функцыянальна двухмоўныя ці нават трохмоўныя. Няма ніякіх доказаў таго, што яны не «інтэгруюцца», — падкрэсліў у інтэрв'ю LRT.lt Д-р Фернан дэ Варэн.
Праз некаторы час міністр Якштас змяніў пазіцыю і заявіў, што зараз пытанне закрыцця рускіх школ не разглядаецца.
Беларуская актывістка Вольга Павук жыве ў Літве з 2020 года. Гаворачы аб сітуацыі з рускімі школамі ў Літве, яна падкрэслівае, што ў краіне ў цэлым не хапае дыялогу паміж карэннымі літоўцамі і новапрыбылымі.
«У цэлым я хачу звярнуць увагу, што нам не хапае дыялогу паміж супольнасцю эмігрантаў і літоўцамі. Бо папулісцкія настроі ў Сейме фармуюць грамадскую думку. І нават калі раней мы маглі фантазіяваць пра тое, што мы завядзем сабе якіх-небудзь літоўскіх сяброў, то цяпер наўрад ці знойдзеш такога літоўца, які захоча мець зносіны з беларусамі», — кажа яна.
Дзеці Вольгі ходзяць у школу з рускай мовай выкладання, але яна думае аб пераводзе іх у літоўскую школу.
«Мае дзеці вучацца ў рускамоўнай школе, і я там бачу вельмі шмат праблем, але пакуль не магу іх перавесці ў літоўскую, бо за тры гады, што мы тут жывем, узровень валодання літоўскай недастатковы. І адзін раз мы ўжо памянялі школу, і ў іх проста паніка пачынаецца ад перспектывы зноў мяняць калектыў. Але сёлета я задумалася пра тое, каб рэальна іх перавесці», — кажа беларуска.
Яна таксама адзначае, што ў момант прыбыцця ў Літву рашэнню аддаць дзяцей у літоўскую школу перашкодзіў спадзеў вярнуцца ў Беларусь. Вольга і не думала пра тое, што ёй ці яе дзецям можа спатрэбіцца літоўская мова: «Таму мы і спыніліся на рускай школе».
Дзеці Вольгі ходзяць у віленскую школу «Наўямесчо» (у раёне Наяўмесціс), дзе ў снежні паміж навучэнцамі адбыўся канфлікт. Тады ў сына мігранткі з Расіі, які выступае супраць вайны ва Украіне, аднакласнікі стралялі з пнеўматычнай зброі.
«Мая малодшая дачка вучыцца ў пачатковай школе і ніякіх дыскусій пра вайну ці Пуціна яна не чула. Сын старэйшы, і ён кажа, што так, ёсць дзеці, якія выступаюць за Расію. Але з боку настаўнікаў такое меркаванне не навязваецца. Гісторык, напрыклад, у іх малады. А пазіцыя па Расіі і Украіне, я думаю, больш з сям'і прасочваецца», — кажа В.Павук.
Беларуска адзначае, што настаў час задацца пытаннем, а ці патрэбныя наогул школы нацменшасцяў у Літве.
«Для мяне, напрыклад, як для эмігранткі, абсалютна незразумела, чаму ў Літве наогул ёсць рускамоўная школа.
Для мяне, напрыклад, было б лагічна, калі б школы былі літоўскія, але, напрыклад, руская выкладалася як цяпер літоўская — чатыры разы на тыдзень. А так, як гэта цяпер, у нас атрымліваецца, што літоўская выкладаецца як замежная», — кажа беларуска.
Яна падкрэслівае, што ў школах з выкладаннем на рускай мове вострай з'яўляецца праблема кадраў — настаўнікаў не хапае, а тыя, што ёсць, часта не матываваныя і зрываюцца на дзецях.
«Я бачу наогул татальную праблему з рускамоўнымі школамі, што няма адкуль набіраць у цэлым кадры менавіта для гэтых школ», — кажа Вольга.
Каментары