Грамадства99

Белпол: «Эпштэйн не даехаў да Беларусі». А кім былі бацькі яго каханкі Карыны Шуляк?

Нягледзячы на тое, што скандальна вядомы амерыканскі фінансіст Джэфры Эпштэйн некалькі разоў атрымліваў візу ў Беларусь, ён усё ж не быў у нашай краіне. Такой інфармацыяй з «Нашай Нівай» падзяліліся ў Belpol.

Карына Шуляк і Джэфры Эпштэйн. Фота: the-sun.com

Пра асуджанага за сэксуальныя злачынствы фінансіста Джэфры Эпштэйна, які здзейсніў самагубства ў турэмнай камеры ў Нью-Ёрку ў 2019 годзе, гучна загаварылі зноў: Міністэрства юстыцыі ЗША днямі апублікавала чарговую, маштабную порцыю дакументаў па яго справе.

Сярод іншага, там ёсць скрыншоты ліставання Эпштэйна з Карынай Шуляк — беларускай дантысткай, з якой яны былі знаёмыя з 2010 года. Выпускніца БДМУ прыехала ў ЗША ў 2009 годзе — тады дзяўчыне было 20 гадоў.

У 2010‑м Эпштэйн якраз вызваліўся з турмы, прабыўшы там 13 месяцаў па абвінавачванні ва ўцягванні непаўналетняй у прастытуцыю. Па інфармацыі мясцовых СМІ, Шуляк аказалася ледзь не адзінай, хто быў з ім тады побач: шматлікія прыяцелі і знаёмыя адвярнуліся ад бізнэсмена праз сэксуальны скандал.

У якасці падзякі Эпштэйн дапамог Шуляк атрымаць ліцэнзіі для працы дантыстам у ЗША, аплаціў дарагое лячэнне маці, а ў выніку ўключыў у завяшчанне: беларусцы дасталіся 50 мільёнаў даляраў і цэлы букет нерухомасці, сярод якой і ўласнасць Эпштэйна на скандальна вядомым востраве Літл-Сент-Джэймс і суседнім Грэйт-Сент-Джэймс.

Беларуска была важным чалавекам у жыцці мільянера: яны планавалі ажаніцца, да таго ж Карына стала апошнім чалавекам, з якім ён паспеў паразмаўляць перад смерцю. Хаця іх стасункі, відавочна, нельга было назваць простымі: са злітай прыватнай перапіскі паміж фінансістам і дантысткай бачна, што яны нярэдка канфліктавалі.

Адзін з момантаў, які давёў дзяўчыну да слёз, наколькі можна зразумець з дыялогу, звязаны са спрэчкай наконт прыватнасці Эпштэйна ў масажным кабінеце і яго цягі да маладых дзяўчат.

«Я стараюся настолькі, наколькі магу, разумець твае клопаты — узрост Джэсікі, маю схільнасць звяртаць увагу на маладзейшых жанчын, тое, што будзе праз дзесяць гадоў; тваё рыданне замест удзячнасці за наша ўзаемнае каханне; тваё рыданне, а потым адпраўку мне паведамлення, у якім ты тлумачыш, якую шкоду я, на тваю думку, прычыніў твайму дню», — піша Эпштэйн.

Скрыншот: justice.gov. Фота: the-sun.com
Карына Шуляк і Джэфры Эпштэйн

А што з бацькамі Карыны Шуляк?

На скрыншоце з запытам у консульства па візы бачна, што Карына хацела прыехаць дадому і прыняць у сябе Эпштэйна ў маі 2016 года. «Містар Эпштэйн збіраецца спыніцца ў маёй сям’і ў Мінску, а таксама ён хоча купіць кватэру».

Па інфармацыі Belpol, Эпштэйн па нейкіх прычынах у Беларусь так і не даехаў. Але кватэра ў выніку ўсё ж была купленая.

Згодна з базамі валодання нерухомасцю, на бацьку Карыны Фёдара Шуляка, які значыцца прадпрымальнікам, у Мінску зарэгістраваная кватэра ў раёне Каменнай Горкі, а на маці Таццяну, якая, згодна з апошнімі вядомымі звесткамі была беспрацоўнай — кватэра ў Драздах і дом у Віцебскай вобласці.

Акурат кватэра ў Драздах была набытая ў 2016 годзе, што бачна па Адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці.

Сама Карына нарадзілася ў вёсцы Валяр’янава пад Мінскам, а падчас меркаванага прыезду Эпштэйна планавала размясціць яго ў зусім іншым сямейным гняздзе — на вуліцы Карыцкага ў раёне метро «Партызанская».

Дадаткова ўжо вядома, што ў 2013 годзе Эпштэйн перавёў на рахунак Фёдара Шуляка 20 тысяч даляраў, і яшчэ па 25 тысяч у 2014‑м і 2016‑м гадах, пісала «Люстэрка».

Шулякі-старэйшыя пазнаёміліся з каханкам дачкі асабіста, самі прыляцеўшы ў ЗША: адзін з вядомых візітаў сям’і ў ЗША датуецца 2012 годам, таксама Фёдар і Таццяна наведвалі Амерыку ў 2017 годзе. Апошні ж раз бацька Карыны быў у патэнцыйнага зяця за месяц да арышту.

Цяпер, згодна з інфармацыяй экс-сілавікоў, бацькі Шуляк у разводзе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • Работал бы на фабрике
    03.02.2026
    На плохое бы ни сил ни средств бы не было.
  • Усё ж такі
    03.02.2026
    Я не давяраю супрацоўнікам, былым, лыбым. Былых не бывае. Ехаў, ехаў - недаехаў. А вы свечачку дзяржалі, калі Саша развлякаўся з Эпштэнам, з гэтымі дзеўкамі.
  • Хуга
    03.02.2026
    Масонская ложа вычварэнцаў, педафілаў, сатаністаў. Літаральна светавая закуліса. А вы кажаце "тэорыі змоваў".

18‑гадовы курсант Вайсковай акадэміі з Ляхавіч нікому нічога не сказаў, забраў дакументы і паехаў ваяваць за Расію. Цяпер па ім плачуць44

18‑гадовы курсант Вайсковай акадэміі з Ляхавіч нікому нічога не сказаў, забраў дакументы і паехаў ваяваць за Расію. Цяпер па ім плачуць

Усе навіны →
Усе навіны

Парад Перамогі ў Маскве можа не адбыцца ўпершыню за 30 гадоў — баяцца Украіну21

На старажытных могілках у цэнтры Гродна знайшлі парэшткі маці і дзіцяці ў адной магіле1

Сям’я назбірала трохлітровы слоік манет. Колькі атрымалася?2

«Пасля Тайланда Грузія здаецца агрэсіўнай». Праграміст — пра зімоўку ў Азіі і жыццё ў Тбілісі8

Рэзкія выказванні доктара з Касцюковічаў: меркаванні карыстальнікаў пра яго ўчынак разышліся11

Падчас футбольнага матча здарыўся пажар. Гулец узяў шланг і патушыў яго

«У снежні выдаткавала на ежу 115 рублёў». Як беларусы эканомяць у крамах3

Экіпаж місіі «Артэміда-2» паўтарыў знакаміты здымак Зямлі2

Дзе каранаваўся Міндоўг?40

больш чытаных навін
больш лайканых навін

18‑гадовы курсант Вайсковай акадэміі з Ляхавіч нікому нічога не сказаў, забраў дакументы і паехаў ваяваць за Расію. Цяпер па ім плачуць44

18‑гадовы курсант Вайсковай акадэміі з Ляхавіч нікому нічога не сказаў, забраў дакументы і паехаў ваяваць за Расію. Цяпер па ім плачуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць