«Будзеш адмаўляцца — паедзеш у СІЗА». Як у Беларусі збіраюць на «дабрачыннасць» з затрыманых па палітычных справах
З лета 2025 года сярод палітвязняў і іх сваякоў у Беларусі пачала распаўсюджвацца практыка так званых «дабрачынных узносаў» дзяржаўным арганізацыям, якія прапануецца рабіць перад судом або на стадыі затрымання — з надзеяй на змякчэнне прысуду або спыненне крымінальнага пераследу. Факты такіх пераводаў сапраўды далучаюць да матэрыялаў спраў як змякчальныя абставіны, аднак невядома, ці маюць яны рэальны ўплыў на прызначэнне пакарання, піша «Вясна».

«Я не ведаю, ці паўплывала гэта на маю справу. Хутчэй не»
З лета 2025 года сваякі палітвязняў пачалі актыўна рабіць «дабрачынныя ўнёскі» дзяржаўным арганізацыям. Для гэтага да суда трэба абраць арганізацыю і ад імя вязня перавесці грошы на яе рахунак. На судзе факт перавода, а ў многіх выпадках разам з чыстасардэчным раскаяннем, залічваюць як «змякчальныя абставіны».
Спачатку просьбы заняцца дабрачыннасцю ад палітвязняў пачалі даходзіць у лістах, потым — праз адвакатаў. Цяпер жа гэта набрала масавы характар, бо дае людзям надзею на змякчэнне прысуду. Раней, у асноўным, гэта рабілі сваякі фігурантаў «справы Гаюна», але пазней гэтым зацікавіліся і родныя затрыманых па іншых крымінальных артыкулах.
Але, як адзначыў фігурант «справы Гаюна», сям'я якога таксама рабіла «дабрачынны ўнёсак», прысуд з такімі «змякчальнымі абставінамі» — латарэя. Яму самому прызначылі «хатнюю хімію», але ён ведае выпадкі, калі пры падобных абставінах прызначалі пазбаўленне волі:
«Ніхто з органаў мне не прапанаваў рабіць перавод. Проста ў нейкі момант сярод арыштаваных пачала хадзіць інфармацыя, як я разумею, праз адвакатаў, што лепш заплаціць перад судом і далучыць аплату на судзе. Быццам некаму гэта негалосна пацвярджалі следчыя. Адкрыта пра гэта не прасілі. Але сярод арыштантаў гэта інфармацыя цыркулявала.
Пакуль я сядзеў, мая сям'я зрабіла дзве выплаты: першая — у медыцынскую ўстанову, а другая — у сацыяльную. Выбар сыходзіў з той інфармацыі, якая хадзіла на ўзроўні чутак. Але гэта быў добраахвотны ўнёсак у дабрачынныя арганізацыі.
Я не ведаю, ці паўплывала гэта на маю справу. Хутчэй не. Таму што я ведаю гісторыі людзей, якія таксама рабілі падобныя ўзносы, але іх асудзілі на рэальны тэрмін. Таму наўрад ці гэта было ключавым аспектам».
Апроч гэтага, былому палітвязню вядомы нядаўні выпадак, калі пасля затрымання чалавека нібыта за фінансаванне УСУ яму было прапанавана зрабіць дабрачынны перавод на рахунак Жыровіцкага манастыра. Пасля пераводу грошай чалавека адпусцілі на волю без завядзення крымінальнай справы.
«Далі паперу з нумарам рахунку і некалькі дзён на аплату»
Праваабаронцам «Вясны» вядомы выпадак, калі затрыманага па «справе Гаюна» прымусілі зрабіць «дабрачынны ўзнос», каб ён змог выйсці на волю без крымінальнай справы. За адно паведамленне ў бот «Гаюна» яму прапанавалі перавесці некалькі тысяч даляраў у «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання».
«Яму сказалі: «Калі сам не прыйдзеш заўтра, мы па цябе прыедзем». Там сказалі коратка: «Будзеш адмаўляцца — паедзеш [у СІЗА] адразу». Далей далі паперу з нумарам рахунку і некалькі дзён на аплату, а калі не прынясеш, то з усімі выцякаючымі будзе. Ён аплаціў. Ніякіх папер не далі, толькі вусную згоду: калі аплачвае — яны пра яго забываюцца», — расказала «Вясне» крыніца, знаёмая з сітуацыяй затрыманага.
Пасля пераводу грошай мужчына знаходзіцца на волі.
«Гледзячы на тое, што чуваць пра выпадкі гаюнаўцаў, «дабрачыннасць» не мае ніякага ўплыву на прысуд»
Пра прымус да «дабрачыннага пераводу» праваабаронцам расказала яшчэ адна крыніца, знаёмы якой быў асуджаны ў 2025 годзе за каментары. Паводле крыніцы, чалавека прымусілі пераводзіць грошы двойчы:
«Пры затрыманні ГУБАЗіК прымусіў пакласці значную частку наяўных грошаў на рахунак дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання». Астатняя частка грошай знікла. Пратакола затрымання няма. Афіцыйны ліст аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы прыходзіў.
Пасля затрымання, ужо пры разглядзе крымінальнай справы яшчэ адзін узнос прапанаваў зрабіць Следчы камітэт праз адваката. Чалавек у СІЗА, дамоў нікога не адпускаюць, гэта вельмі рэдкая з'ява.
Зараз усім палітычным «органы» даводзяць да сваякоў, каб рабілі гэтыя ўнёскі. Суд можа прызнаць гэта змягчальнымі абставінамі, але абавязку такога не мае.
Нам пашанцавала, прызналі. Было таксама прызнана змягчальным прызнанне віны. Але тэрмін пакарання ўсё роўна быў 5/6 ад максімальнага.
Гледзячы на тое, што чуваць пра выпадкі гаюнаўцаў, «дабрачыннасць» не мае ніякага ўплыву на прысуд. Грошы прапаноўвалася накіраваць на рахунак дзяржаўнай арганізацыі на свой выбар, сваякам падазраванага ад яго імя, потым прынесці квіток аб пераводзе грошай следчаму ці адвакату на суд».
«Такія плацяжы выконваюць функцыі дадатковага ціску»
Юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова прааналізавала сітуацыю з «дабрачыннымі ўзносамі», да якіх затрыманых у некаторых выпадках прымушаюць праваахоўныя органы, і дала гэтаму юрыдычную ацэнку.
«Так званыя «дабрачынныя» ўзносы на сёння з’яўляюцца адной з найбольш распаўсюджаных эканамічных формаў палітычных рэпрэсій у Беларусі. Спачатку гэты механізм быў адпрацаваны на справах, звязаных з данатамі, але сёння ён, як бачым, выкарыстоўваецца і за іншыя непажаданыя для ўладаў дзеянні, якія з’яўляюцца формай выказвання меркавання: і за «абразлівыя» каментары, і за адпраўку інфармацыі пра вайсковую тэхніку на тэрыторыі Беларусі.
Такія плацяжы выконваюць функцыі дадатковага ціску (ды яшчэ і на ўсю сям’ю чалавека) і фактычнага ўзбагачэння дзяржавы за кошт ахвяр рэпрэсій.
Гэтая практыка парушае вельмі шырокі спектр правоў чалавека (свабоды маёмасці, выказвання меркавання, на справядлівы суд і інш.), і адначасова не мае ніякіх законных падстаў у беларускім заканадаўстве, нягледзячы на тое, што сілавыя органы цынічна спрабуюць прыкрывацца юрыдычнай рыторыкай.
Перш за ўсё, з юрыдычнага пункту гледжання, так званыя «дабрачынныя» ўзносы не заўсёды з’яўляюцца дабрачыннасцю па сваёй сутнасці, бо: а) у адных выпадках яны зробленыя не добраахвотна, а за «адмову ў завядзенні крымінальнай справы» і б) у другіх выпадках з надзеяй, што такім чынам, палітычны прысуд можа быць меней жорсткім, што несумяшчальна з прынцыпамі прававой вызначанасці і прадказальнасці крымінальнага заканадаўства.
Менавіта таму, што «дабрачынныя ўзнёскі» не з’яўляюцца імі па сваёй сутнасці, яны мусяць быць прызнаныя судом несапраўднымі з наступным вяртаннем сродкаў чалавеку.
Вось як гэта выглядае па законе:
Ахвяраванне ажыццяўляецца ў рамках грамадзянска-прававой дамовы (ч. 1 арт. 553 ГК ахвяраваннем прызнаецца дарэнне рэчы або права ў агульнакарысных мэтах), сутнасць якой палягае ў тым, што асоба добраахвотна і бясплатна перадае маёмасць (у тым ліку грошы) на грамадска-карысныя мэты (ч. 1 арт. 543 ГК). Такая перадача не можа суправаджацца ўмовамі, абменамі або залежаць ад атрымання нейкай карысці, тым больш асабістай свабоды, змякчэння прысуду або адмовы ад крымінальнага пераследу (тут мы маем справу з арт. 426 КК «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).
На практыцы ж мы маем «дабрачынныя» ўнёскі, якія робяцца пад прымусам, пагрозамі або ў сітуацыі крайняй уразлівасці. З пункту гледжання грамадзянскага права такія плацяжы з’яўляюцца пагадненнямі, здзейсненымі без свабоднага волевыяўлення, а значыць несапраўднымі (ч. 1 арт. 108 ГК). Адпаведна, паводле Грамадзянскага кодэкса, яны могуць і павінны быць прызнаныя судом несапраўднымі з наступным вяртаннем грашовых сродкаў асобе, у якой яны былі незаконна спагнаныя».
Што за арганізацыя, на рахунак якой сілавікі прапаноўваюць рабіць узносы?
З інфармацыі «Вясны», сілавікі ў некаторых выпадках прапануюць пераводзіць грошы «Рэспубліканскаму цэнтру арганізацыі медыцынскага рэагавання». З 2021 года кіраўніком дзяржаўнай установы з’яўляецца Дзмітрый Альхавік. Да гэтага ён працаваў на пасадзе кіраўніка вайскова-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Згодна з інфармацыяй на сайце цэнтра, установа прымае на свой рахунак бязвыплатную дапамогу, у тым ліку ад еўрапейскіх краін і прыватных асоб з замежжа (па стане на 2025 год).
Ці сапраўды ў сённяшніх рэаліях адвакат у Беларусі выконвае ролю паштальёна? Адказвае адвакат Лепрэтар
«Акрамя раздрукоўкі з банка, што я рабіла плацяжы праз фэйсбук, у іх нічога няма». Яшчэ адзін чалавек у дэталях расказаў пра 4‑гадзінны шантаж данатамі
Сталі вядомыя мінімальныя сумы «кампенсацыі» за данаты з неайцішнікаў
Падрабязнасці рэкету айцішнікаў: стала вядомая мінімальная сума «кампенсацыі» за данат у BySol і BY_help
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары