Суд у Санкт-Пецярбургу арыштаваў Аляксандра Скобава нібыта за апраўданне тэрарызму.

66-гадовы дысідэнт быў затрыманы 2 красавіка дома ў свайго сябра. Нагодай стаў адзін з пастоў Скобава пра падрыў Крымскага моста. Пры гэтым адвакату не ўдалося даведацца, якое менавіта паведамленне выклікала цікавасць у сілавікоў. Калінінскі раённы суд Санкт-Пецярбурга арыштаваў дысідэнта да 1 чэрвеня. Падчас пасяджэння мужчына пракрычаў «Свабоду Украіне!» і адмовіўся адказваць на пытанні суда.
Аляксандр Скобаў пераследаваўся ўладамі за палітыку яшчэ ў СССР. Яго двойчы арыштоўвалі за «антысавецкую агітацыю». Цяпер высветлілася, што справамі, фігурантам якіх быў Скобаў, займаўся ў тым ліку супрацоўнік КДБ Уладзімір Пуцін — будучы прэзідэнт Расіі. Пра гэта расказаў член рады «Мемарыяла» Аляксандр Чаркасаў, ягоныя словы пацвердзілі іншыя дысідэнты, паведамляе «Агентство».
У 1978 годзе Скобава арыштавалі за ўдзел у арганізацыі «Левая апазіцыя» і выпуск часопіса «Перспективы» самвыдатам. Па той жа справе праходзілі дысідэнты Андрэй Рэзнікаў і Аркадзь Цуркоў. Скобаў правёў паўгода ў следчай турме КДБ, а затым яго на тры гады адправілі ў псіхіятрычную лякарню.
Справу супраць дысідэнтаў вяло Пятае ўпраўленне КДБ, якое адказвала за барацьбу з «ідэалагічнымі дыверсіямі». Менавіта ў той час ва ўпраўленні працаваў Пуцін. У ягонай афіцыйнай біяграфіі гэты факт не пазначаны. Аднак вядома, што ў 1976 годзе Пуцін удзельнічаў у ператрусе па справе аб антысавецкім надпісе на сцяне Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1978 годзе будучы расійскі прэзідэнт удзельнічаў у затрыманні Андрэя Рэзнікава — пра гэта ўспамінаў сам дысідэнт.

У 1981 годзе Скобаў выйшаў з псіхіятрычнай лякарні і заняўся стварэннем незалежнага прафсаюза. У снежні 1982-га яго зноў затрымалі. Незадоўга да гэтага Аляксандр адсвяткаваў дзень нараджэння, у госці прыйшлі многія дысідэнты. Скобаў успамінаў, што знешняе назіранне за святкаваннем рабіў Уладзімір Пуцін.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары