Аб'яўлены першы ў свеце конкурс прыгажосці сярод штучных мадэляў. Пераможца атрымае амаль столькі ж, колькі і «Міс Беларусь»
Новы конкурс атрымаў назву «Міс ШІ» («Міс Штучны Інтэлект») і ўжо збірае заяўкі ад першых нейрасеткавых удзельніц. У судзейскай калегіі, як аказалася, таксама будуць штучныя мадэлі, пра адну з якіх мы пісалі раней.

Глабальная ініцыятыва па адсочванні дасягненняў ў галіне ШІ World AI Creator Awards (WAICA) у супрацоўніцтве з буйной платформай па стварэнні нейрасеткавага кантэнту Fanvue аб'явіла набор заявак на першы ў свеце конкурс прыгажосці сярод штучных мадэляў-жанчын.
Да ўдзелу ў конкурсе «Міс ШІ» дапускаюцца жывыя аўтары не маладзейшыя за 18 гадоў разам са сваімі штучнымі мадэлямі, якія таксама павінны выглядаць па-даросламу. Другой абавязковай умовай з'яўляецца актыўнасць штучнай мадэлі ў сацсетках, каб журы магло ацэніць іх аватары і іншыя фатаграфіі.
«Ацэнка кандыдатак будзе адбывацца па крытэрыях дасканаласці і праўдападобнасці іх візуальнай выявы класічным стандартам жаночай прыгажосці, крэатыўнасці і ўнікальнасці мадэляў, а таксама па іх навыках узаемадзеяння з аўдыторыяй і адказах на асабістыя пытанні, якія будзе задаваць судзейская калегія», — паведамляюць арганізатары конкурсу «Міс ШІ».
У самой калегіі, акрамя звычайных судзяў, таксама будуць штучныя мадэлі, а менавіта дзве віртуальныя жанчыны з актыўнымі і папулярнымі акаўнтамі ў сацсетках. Пра адну з іх, Айтану Лопес, «Наша Ніва» пісала яшчэ ў мінулым годзе.

Як адзначаюць арганізатары «Міс ШІ», пераможца конкурсу атрымае грашовы прыз у памеры 5000 даляраў. Яшчэ адныя 5000 даляраў будуць выдаткаваныя на PR-падтрымку сацсетак мадэлі-пераможцы, а самому аўтару яшчэ дадуць доступ да праграмы настаўніцтва па навыках працы з ШІ на суму 3000 даляраў.
Другое і трэцяе месцы атрымаюць аналагічныя прызы, але ў меншым памеры.
Калі браць толькі грашовы ганарар за першае месца, то штучная пераможца конкурсу «Міс ШІ» атрымае амаль столькі ж, колькі і «Міс Беларусь — 2023» Элеанора Качалоўская, якой, паводле правілаў, далі прыз у памеры 500 базавых велічынь (18500 беларускіх рублёў па курсе базавай велічыні за 2023 год, ці каля 5700 даляраў па афіцыйным курсе на момант фіналу конкурса).
«Міс Беларусь — 2023» не змагла адказаць, хто напісаў «Паўлінку»
Сам набор на конкурс «Міс ШІ» скончыцца 10 мая.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары