У Гродне беларусу і расіяніну далі дзікія тэрміны за «падрыхтоўку дыверсій»
У Гродзенскім абласным судзе з 26 лютага ў закрытым рэжыме за «падрыхтоўку дыверсій» судзілі беларуса Вадзіма Пацэнку і грамадзяніна Расіі Аляксея Кулікова. Іх абвінавачвалі агулам па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле ч. 3 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) і арт. 358-1 (агентурная дзейнасць). 11 красавіка Валер Раманоўскі агучыў прысуд, даведалася «Вясна».

Вадзіма Пацэнку асудзілі да 21 года калоніі, а Аляксея Кулікова — да 23 гадоў зняволення. Апошняе слова Кулікоў прамовіў па-ўкраінску, а Пацэнка заявіў «аб наяўнасці ў яго дзеяннях палітычнай падкладкі», паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, негледзячы на тое, што суд быў закрыты.
Вядома, што 22-гадовы Вадзім Пацэнка родам са Свіслачы, але жыў у Гродне. Вядома, што мужчына займаўся спортам, у тым ліку прадстаўляў родны горад на юніёрскім спартыўным мнагабор'і.
Затрымалі Пацэнку 3 сакавіка 2023 года. У праўладным фільме «Гаспар не вышел на связь» заявілі, што ён нібыта павінен быў здзейсніць дыверсію ў Гродне. На кадрах допыту ён кажа, што яму «паставілі задачу падарваць нафтабазу з дапамогай дрона і выбухоўкі». Ужо тады заявілі, што яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму).

Грамадзяніну Расійскай Федэрацыі Аляксею Кулікову 36 гадоў. У тым жа праўладным фільме расказалі, што год таму Кулікоў збег ад прызыву, а трапіць у Гродна яму дапамог расійскі апазіцыянер Данііл Крынары (Кавалеўскі).
Кулікова затрымалі 26 лютага 2023 года. Па версіі КДБ, Аляксей здымаў на фота аб'екты ў Гродне для «ўкраінскіх спецслужбаў» — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую часць 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Кулікову выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.
Вядома толькі, што мужчыны разам працавалі.
Вадзіма Пацэнку і Аляксея Кулікова агулам абвінавацілі па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму);
- ч. 3 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму);
- арт. 358-1 (агентурная дзейнасць);
- ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
- ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Украінцы даюць тэрміны акупантам па 15 гадоў за даказаныя забойствы, а тут так званы закрыты суд дае 21-23 гады.