Грамадства5050

Уласніца салона прыгажосці адмовілася запісвацца ў міліцэйскім «пакаяльным» відэа. А цяпер расказала, як гэта было

Калі год назад да жыхаркі Магілёва Іны Пасновай прыйшлі сілавікі, жанчына мела бізнэс — салон прыгажосці і цырульню, — выхоўвала з мужам сына-падлетка. Цяпер салоны закрытыя, дзеці Пасновай у эміграцыі, як і яна сама, а муж абараняе Украіну ў складзе УСУ, і яна не бачыла яго з мінулага жніўня. Іна расказала «Нашай Ніве» пра падзеі, якія змянілі яе жыццё, і пра тое, як яна дагэтуль працягвае верыць у лепшае.

Іна з мужам Цімурам. Фота: архіў суразмоўцы

«Байсол» абвясціў грашовы збор у дапамогу Іне Пасновай — паўдзельнічаць можна тут. Калі вы жадаеце неяк яшчэ дапамагчы Іне, можаце напісаць ёй у фэйсбуку.

«Калі б мой тата быў жывы, ён, напэўна, быў бы мной незадаволены, калі б я сказала, што вайна — гэта правільна»

Усё пачалося вясной 2023-га — тады да Пасновай прыйшлі ўпершыню. Яна не памятае нават, якую ёй агучылі фармальную нагоду: кадэбэшнікі проста вывучалі змест тэлефона жанчыны, пыталіся, што яна думае наконт вайны ва Украіне. 

Бацька Іны родам з Данецка, а яе муж мае ўкраінскае грамадзянства, так што меркаванне жанчыны пра вайну адназначнае. Іна пазіцыянуе сябе як пацыфістку:

«Я люблю ўкраінцаў, гэта мае родныя людзі. Мы былі на пункце «Тры сястры», дзе супольная мяжа Расіі, Беларусі і Украіны, я гэтым ганарылася, лічыла і рускіх сваімі. І калі адзін брат азвярэў, палічыў, што ён Бог, і стаў выкручваць рукі іншаму брату, я адчула боль.

Адна справа, калі ідзе вайна ў Іраку ці Афганістане: балюча, шкада людзей. Але калі гэта адбываецца ў роднай краіне ці ў суседскай, гэта, канечне, рэжа цябе. Наша ўлада хоча, каб людзі апусцілі вочы долу і зрабілі выгляд, што яны нічога не заўважаюць або сталі пад іх акупанцкія сцягі. Я ніколі не змагу сабе гэта дазволіць».

Іна расказвае, што і яе муж з рэгіёнаў, якія закранула вайна: ён нарадзіўся і вырас пад Адэсай, а потым пераехаў у Харкаў. Напад Расіі мужчына перажываў вельмі цяжка.

Летам 2023-га Іна паехала з сынам у Грэцыю, бо падлетак мусіў выступіць са сваім танцавальным калектывам на фестывалі. На шляху дадому яны набылі маленькі ўкраінскі сцяжок — пазней ён з’явіўся ў відэа, якое сілавікі знялі ў Іны дома.

Наступны раз кадэбэшнікі прыйшлі да яе ў канцы жніўня. Іна дапамагала сваім супрацоўніцам: перад 1 верасня да іх запісалася на стрыжкі багата дзяцей, і Паснова стрыгла хлопчыка ў адным з салонаў. Ёй так і не далі дарабіць працу — у працоўнай форме і шортах жанчыну павезлі ў КДБ на допыт. Паралельна з гэтым затрымалі яе мужа, і пасля таго дня Іна бачыла яго толькі па відэазванках.

Праз некалькі гадзін Іну прывезлі дахаты на вобшук — яна згадвае гэта як вельмі прыніжальны досвед. У жанчыны знайшлі сцягі, бел-чырвона-белы і ўкраінскі, забралі іх як доказы, ды яшчэ і здымалі дома відэа без яе дазволу.

Пасля вобшуку беларуску прывезлі назад у КДБ, дзе да позняга вечара працягвалі яе дапытваць. Потым адпусцілі дахаты, бо ў яе дома быў непаўналетні сын, але на наступны дзень выклікалі на суд. Іна атрымала штраф у 100 базавых за тое, што быццам бы зладзіла адзіночны пікет. Рабіла яна гэта, паводле сведчанняў сілавікоў, праз свой бел-чырвона-белы манікюр з надпісам на пазногцях «Героям слава».

Іна прызнаецца — падчас допыту пашкадавала, што заўжды старалася быць «дастойнай грамадзянкай»:

«Рэпрэсіўны каток не зважае на асобу чалавека, на яго заслугі, ён проста мае на мэце расціснуць цябе. Калі ты не ідзеш з імі ў адным кірунку, для іх твае чалавечыя якасці абясцэньваюцца ў адзін дзень.

Гэта было прыніжальна. Я трымалася вельмі дастойна, была ўпэўненая ў тым, што я маю рацыю. Калі б мой тата быў жывы, ён, напэўна, быў бы мной незадаволены, калі б я сказала, што вайна — гэта правільна, калі б казала «бі хахла».

Іна згадвае, што на допыце глядзела кадэбэшнікам у вочы і была спакойная, чым раздражняла сілавікоў. Яны патрабавалі, каб яна знялася ў відэа, дзе б «пакаялася» за сваю пазіцыю ў 2020-м, але жанчына адмовілася гэта рабіць. Тады адзін з супрацоўнікаў паспрабаваў зняць яе на відэа без згоды — кадры, дзе Іна адварочваецца ад камеры, сілавікі якраз і выклалі на сваіх рэсурсах. Жанчына згадвае, што тады, калі здымалі відэа, яна адзіны раз заплакала.

«То-бок вы не хочаце раскаяцца ў сваіх дзеяннях і ў тым, што вы здзейснілі?» — спытаў у яе чалавек са змененым голасам, які знаходзіўся за кадрам.

«Я не хачу, каб вы мяне здымалі», — адказала Іна, адвярнуўшыся да сцяны. Гэтае відэа пасля паказалі па БТ.

«Муж страціў 18 кілаграм вагі, яго выпусцілі з барадой і доўгімі валасамі, быў падобны да старога дзеда, плакаў»

Калі Іну адпусцілі з КДБ, яе мужа Цімура адвезлі ў мясцовы ІЧУ, дзе ён знаходзіўся пяць месяцаў. Беларуска спрабавала даслаць да яго адваката, але ў КДБ адказалі, што адвакатку не пусцяць да мужчыны. Іна магла толькі рабіць яму перадачы і прасіць у КДБ інфармацыю пра яго, на што атрымлівала адмову.

Іна з мужам Цімурам. Фота: архіў суразмоўцы

Пазней Цімур казаў Іне, што не атрымліваў ніякіх папер наконт свайго знаходжання ў ІЧУ і таму не ведае, якога кшталту прэтэнзіі маглі быць да яго з боку дзяржавы. Украінца нібыта забылі за кратамі:

«Ніякага расследавання не было. Муж потым казаў, што яго прывялі ў камеру, і больш ніхто не зайшоў туды да студзеня, яны яго і на вуліцу не выводзілі — добра, што давалі талерку поліўкі. Ён страціў 18 кілаграм вагі, яго выпусцілі з барадой і доўгімі валасамі, быў падобны да старога дзеда, плакаў. У такім стане яго дэпартавалі ва Украіну.

На ім не было ніякай віны. Толькі за тое, што ён — украінец, яго сцерлі ў парашок».

У студзені 2024-га Цімура вырашылі дэпартаваць. Яго прывезлі пад канвоем дахаты па рэчы, Іна тады ўжо была ў выгнанні. Мужчыну прывезлі на мяжу і перадалі ўкраінцам, на радзіме ён вырашыў пайсці ва УСУ. Цяпер муж Іны знаходзіцца недалёка ад лініі фронту, служыць у падраздзяленні па радыёэлектроннай барацьбе — сядзіць за камп’ютарам і вылічвае скапленні расійскай тэхнікі і дронаў.

Пакуль Іна спрабавала змагацца за роднага, на мясцовым тэлебачанні паказалі прапагандысцкі сюжэт пра яе сям’ю. Там былі кадры з відэа, якое спрабавалі зняць з Інай у КДБ, відэа з яе дома падчас вобшуку. Прапагандыстаў зацікавіла ванная з кватэры Іны, аформленая ў белым і чырвоным колеры: жанчына расказвае, што рабіла рамонт у ёй задоўга да пратэстаў, у 2012-м. Таксама ў перапісцы паміж Інай і яе мужам знайшлі публікацыю быццам бы з рэцэптам кактэйлю Молатава, што і паказалі ў сюжэце.

Не прайшлі прапагандысты і міма двух сцягоў з дома Іны — вялікага нацыянальнага і маленькага ўкраінскага. А таксама ў відэа знялася былая класная кіраўніца яе сына, якая расказала гісторыю з пачатку 2023-га. Тады падлетак не прыйшоў у школу, і да яго дахаты прыехалі тая класная кіраўніца, псіхолаг і завуч па выхаваўчай працы. Як расказвала настаўніца, Іна быццам бы не выпускала педагогаў з кватэры, пакуль не прыйдзе ўчастковы, і «ўвесь час крычала, была незадаволеная становішчам у краіне».

Насамрэч, згадвае Іна, усё было не так. Перш за ўсё, тры педагогі з’явіліся ў яе ля дзвярэй без папярэджання, калі жанчына была занятая, і патрабавалі паказаць ім падлетка. Сын Іны незадоўга да таго якраз прыйшоў дахаты, і старэйшы брат высвятляў у яго, чаму той не пайшоў у школу. Іне пагражалі інспектарам па справах непаўналетніх, калі яна не пусціць педагогаў у кватэру.

Жанчына выклікала ўчастковага, пусціла педагогаў у кватэру:

«Участковы вельмі доўга ехаў, тры гадзіны, але не мая ў тым віна. У відэа паказалі, што адна [з педагогаў] была цяжарная, але мяне гэта не збянтэжыла [і, маўляў, я іх утрымлівала]. Калі б я бачыла, што яна цяжарная, ці калі б яны мне гэта хаця б сказалі, хто б перашкаджаў цяжарнай жанчыне выйсці? 

Яны хацелі мяне здымаць на відэа, бо я абуралася. Але я не крычала, а дакладна выказвала сваю пазіцыю і нязгоду з тым, як яны быццам бы выконваюць інструкцыю. Прыйшоў міліцыянт, і я напісала заяву, што яны ўварваліся ў маю кватэру. Потым мы сапраўды перавялі дзіця ў іншую школу, але толькі таму, што ў іншай школе былі такія змены, якія не перашкаджалі яго заняткам танцамі».

Пазней дырэктарка школы папрасіла прабачэння за паводзіны педагогаў. Праз дзевяць месяцаў Іна пачула гэтую гісторыю, але моцна змененую, у прапагандысцкім сюжэце. Яна згадвае словы ў канцы сюжэту — «і вось у такіх сем’ях растуць дзеці».

«Цёмны ты, светлы, добра жыў ці дрэнна — у гэтай краіне не было сэнсу старацца»

Неўзабаве пасля таго, як Іне прысудзілі штраф, у яе салоны даслалі правяральнікаў з падатковай, санстанцыі і МНС. Тыя загадалі закрыць салоны, але Іна сказала, што зробіць гэта пазней:

«Цырульня і салон будуць працаваць, пакуль не пастрыгуць усіх дзяцей да 1 верасня. Людзі запісаныя і мы іх пастрыжом, і хлопцы пойдуць у школу прыгожымі, а 1 верасня мы зачынім аб’екты. Справа не ў грошах, я не магу падвесці столькі сем’яў».

Яшчэ праз пару дзён з Інай разарвалі арэнду памяшкання для аднаго з салонаў. Таксама забралі аб’ект, які жанчына сама адрамантавала і куды ўклала багата грошай:

«Адтуль не надта было што ўзяць, я яшчэ і ў пазыках была, але дапамагала дзіцячаму дому, хоць тры капейкі. Я супраць вайны, я за дабро, я дзяўчат бясплатна вучыла [працаваць] — я так жыла. І тут у мяне забіраюць салон прыгажосці! Цырульня таксама зачыненая, людзі сядзяць дома, падаткі плаціць трэба — мяне гайдала.

Яшчэ пару тыдняў я трымалася. Потым прыйшла да старэйшага сына, і яны з нявесткай паказалі мне той сюжэт са словамі, што «ў такіх сем’ях растуць дзеці». Пагутарыла з юрыстамі — яны сказалі, усё ідзе да майго арышту і сур’ёзнага пакарання. Не сумняваюся, што мяне б лёгка пазбавілі бацькоўскіх правоў і далі б мне, як і многім добрым людзям, тэрмін чатыры-пяць гадоў».

Іна перапісала салоны на старэйшага сына, і разам з малодшым дзіцём у верасні 2023 года з’ехала ў Грузію. Цяпер яна плануе атрымаць абарону ў Еўропе. 

За тое, што здарылася з ёй і яе сям’ёй, жанчына перажывае вялікую крыўду:

«Я была годным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. У мяне агромністы працоўны стаж, няспынны з 1987-га. Я рабіла багата добрага, нешта актыўна стварала, нарадзіла траіх дзяцей, атрымала адукацыю і пабудавала кватэру. Калі змагла адкрыць ІП, адкрыла яго і выстаяла без усялякай дапамогі. І дзяржава мне кажа, што яна дазволіла мне весці бізнэс? 

Калі я адкрывала першы аб’ект, мне дапамагалі ўсе знаёмыя, я прадавала ўсё, што ў мяне было. Напэўна, у кожнага стыліста ёсць мэта — адкрыць свой салон, і я ішла да яе, давала людзям працоўныя месцы і прыносіла народу карысць. У мяне гэтая крыўда ніколі не пройдзе».

Калі Іна аказалася за мяжой, яе старэйшага сына адвозілі на гутарку ў КДБ — распытвалі, дзе яго маці і як ён збіраецца кіраваць салонамі, а таксама прапанавалі добраахвотна-прымусова пералічыць грошы на дзяржаўную ўстанову накшталт дзіцячага дома. Іна згадвае, што і ёй рабілі такую «прапанову», але адна справа — дапамагаць па сваёй волі, і іншая — па «просьбе» сілавікоў.

У сакавіку 2024 года старэйшы сын Іны даведаўся, што ім яшчэ мацней зацікавіліся ў КДБ, і з’ехаў з краіны. Давялося закрыць салоны і хутка распрадаваць тую маёмасць. І гэта таксама складаны ўспамін, бо, дзеліцца жанчына, бізнэс быў для яе нібыта яшчэ адно дзіцё:

«Я туды душу сваю ўклала, сама гэта ўсё праектавала, сама людзей падбірала. Я з імі працавала, ладзіла мерапрыемствы, у тэатр іх вадзіла. Там маё жыццё, мая мара была, дагэтуль не магу пра гэта ўспамінаць».

Жанчына разважае, што для яе Беларусь — гэта не стабільная краіна, дзе можна будаваць жыццё, радавацца і выхоўваць дзяцей. Радзіму яна параўноўвае з молахам:

«Цёмны ты, светлы, добра жыў ці дрэнна — у гэтай краіне не было сэнсу старацца. Я не шкадую, што я ў гэтай краіне нешта стварала, была альтруісткай. Колькі б ты добрага ні зрабіў у нашай дзяржаве, калі ты не з імі, ты будзеш ім ворагам. Яны знішчаць усё, да чаго ты дакранаўся і што ты ствараў. Яны ламаюць лёсы цудоўных людзей, і я не пра сябе: колькі светлых і разумных беларусаў я пабачыла за межамі краіны, і яны не патрэбныя нашай дзяржаве!»

Сустрэчы з беларусамі замежжа яшчэ больш узмацнілі Іну ў перакананнях — яна ўспрымае як несправядлівасць тое, што такія людзі вымушаныя жыць у выгнанні. Але жанчына ўсё яшчэ верыць, што дабро пераможа:

«Я ўсё роўна буду на баку светлых людзей, буду рэфлексаваць і рэагаваць. Адзін святар мне сказаў, што самы вялікі грэх — абыякавасць. І калі яны жадалі, каб я апусціла вочы і закрыла рот і вушы, як тая малпачка, такой я ніколі не буду. 

Ні пра што не шкадую. Страціць сваё меркаванне, сваю душу, сумленне і чалавечую сутнасць для мяне нашмат страшней, чым страціць матэрыяльныя рэчы. Я стала яшчэ мацнейшай, буду на баку святла, слабых. Няхай я не маю матэрыяльных рэчаў і вымушаная знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў, маё сумленне чыстае перад Богам і народам».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары50

  • Кабан
    04.09.2024
    Мая павага
  • нявеста азаронка
    04.09.2024
    якая моцная прыгожая годная жанчына
  • нявеста азаронка
    04.09.2024
    калі гэта сапраўды яе думкі, яе тэкст з мінімальнымі праўкамі, то... сапраўды - выклікае вялікае захапленне. якая дакладнасць думак, фармулёвак, параўнанняў

    хай ёй шчасціць

Перамовы па ўкраінскім пытанні з амерыканцамі вядзе «самы небяспечны чалавек Расіі»1

Перамовы па ўкраінскім пытанні з амерыканцамі вядзе «самы небяспечны чалавек Расіі»

Усе навіны →
Усе навіны

Прадстаўнік Трампа: Украіну можна падзяліць, як пасляваенны Берлін у межах мірнага пагаднення10

Зборная Беларусі едзе на чэмпіянат Еўропы па міні-футболе праз 16 гадоў2

Ці варта чакаць наплыву ў Беларусь пакістанскіх гастарбайтараў?14

Расія патрабуе за мір перадаць ёй чатыры ўкраінскія рэгіёны13

«Быццам на іншай планеце». Як беларусы з'язджаюць у эміграцыю ў непапулярныя краіны2

Краіны НАТА анансавалі дапамогу Украіне на 21 мільярд еўра3

У мінскім гандлёвым цэнтры людзі выстраіліся ў чэргі па віцебскія дываны1

У беларускім чэмпіянаце па футболе забілі незвычайны гол ВІДЭА1

Кампанія, якая катала Тыля Швайгера па Мінску, знайшла грошы. Але каманду ўжо расхапалі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Перамовы па ўкраінскім пытанні з амерыканцамі вядзе «самы небяспечны чалавек Расіі»1

Перамовы па ўкраінскім пытанні з амерыканцамі вядзе «самы небяспечны чалавек Расіі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць