Недалёка ад Студэнцкай вёскі ў Мінску пачалі ўпарадкаванне новай зоны адпачынку пад назвай «Зялёны кампус: Студэнцкі парк». Яна размесціцца паміж вуліцамі Каралінскай і Чурлёніса. Завяршыць работы плануюць у 2027 годзе, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Тэрыторыя мае прыгожы прыродны ландшафт і невялікае возера, дзе жывуць вадаплаўныя птушкі, у тым ліку лебедзі. Ідэю ператварыць гэтую мясцовасць ва ўпарадкаваную зону адпачынку прапанавала моладзь, якая жыве ў суседніх студэнцкіх інтэрнатах.

Праект прадугледжвае стварэнне пешаходнай інфраструктуры. Плануецца пракласці каля 2,5 тысячы квадратных метраў дарожак з пліткавым пакрыццём, абсталяваць назіральную пляцоўку, паставіць лаўкі, сметніцы і альтанкі з мангаламі.

На тэрыторыі ўжо правялі некалькі суботнікаў, падчас якіх студэнты разам з прадстаўнікамі раённай адміністрацыі прыбіралі апалае лісце, смецце і сухія дрэвы.

Акрамя таго, амаль завершана ўпарадкаванне футбольнага поля і ўжо з’явілася сучасная пляцоўка для заняткаў воркаўтам. Для азелянення парку плануюць выкарыстаць элементы вертыкальнага фітадызайну.

Каментары