Што будзе ў выпадку, калі ЗША прыпыніць санкцыі на беларускі калій і банкі
Эканаміст Дзмітрый Крук патлумачыў «DW Беларусь», як працуюць санкцыі ЗША супраць беларускіх банкаў і «Беларуськалія» і што зменіцца, калі іх прыпыняць.

Якая сітуацыя з банкамі
Як тлумачыць Дзмітрый Крук, у ЗША адзіным механізмам накладання санкцый ёсць уключэнне юрыдычнай ці фізічнай асобы ў так званы SDN-ліст. Гэта азначае забарону для ўсіх рэзідэнтаў краіны на любую бізнэс-актыўнасць з асобаю з гэтага спісу. У выпадку банкаў, унясенне ў SDN-ліст дэ-факта азначае адлучэнне ад міжнароднай банкаўскай сістэмы, бо яны губляюць магчымасць разлічвацца ў далярах ЗША.
«Такому банку апрыёры складана атрымаць запазычанне, весці нейкія нармальныя аперацыі, нават калі яны не ў амерыканскім даляры. На яго глядзяць як на свайго роду пракажонага. (…) Таму гэта сапраўды такая, я б сказаў, паўнавартасная «чорная метка» для банка», — тлумачыць эканаміст.
Крук заўважае, што з фармулёўкі, якая ўтрымліваецца ў артыкуле The New York Times, можна зрабіць выснову аб тым, што гаворка ідзе не аб поўнай адмене санкцый, а аб іх часовым паслабленні, выключэнні з правіл, часовым дазволе на правядзенне разлікаў.
Як заўважае аналітык, прыпыненне санкцый з боку ЗША не прывядзе да змены існуючага статус-кво, бо беларуская банкаўская сістэма з-за санкцый ЗША і ЕС стала кардынальна завязанай на расійскую. І гэта зніжае матывацыю банкаў звяртацца па фінансаванне да замежных банкаў і падтрымліваць з імі адносіны.
«Дзейнічаць у нармальным па цывілізаваных мерках рэчышчы, гэта значыць звяртацца па фінансаванне да замежных банкаў, падтрымліваць з ім адносіны, разумеючы, што ўсё роўна з парадку дня пагроза санкцый не здымаецца, вось гэтая матывацыя істотна падточаная, яна істотна аслаблена», — даводзіць эканаміст.
Крук звяртае ўвагу на той факт, што залежнасць ад расійскай фінансавай сістэмы не абмяжоўваецца толькі запазычаннямі.
«Беларуская банкаўская сістэма сёння з'яўляецца, груба скажу, ужо ўсё ў большай меры прыдаткам расійскай. Гэта значыць, усе глядзяць у той бок не толькі па бягучых банкаўскіх аперацыях, а з пункту гледжання крыніцы тэхналогій, практык і таму падобнае. Таму разарваць вось гэты трэнд залежнасці ад Расіі часовай замарозкай альбо там нейкім прыпыненнем санкцый, сумняваюся, што атрымаецца».
Як адаб'ецца прыпыненне санкцый на беларускім каліі
Механізм санкцый супраць «Беларуськалія» і звязаных з ім кампаній працуе так жа, як і для банкаў — праз уключэнне ў SDN-ліст. Гэта азначае, што ўсе амерыканскія рэзідэнты не могуць весці з гэтымі кампаніямі бізнэс. Пры гэтым пад санкцыі трапляе ўвесь ланцуг вытворчасці і экспарту калію, уключаючы трэйдараў і вытворцаў.
Аднак для нефінансавых кампаній санкцыі менш разбуральныя, бо яны могуць працягваць працу з краінамі, якія не падтрымліваюць санкцыі, напрыклад, Кітаем ці Індыяй. Радзей і не ў поўнай меры ўжываюцца другасныя санкцыі (калі абмежаванні накладаюцца на трэція краіны за супрацоўніцтва з кампаніяй з SDN-ліста).
Але Крук падкрэслівае галоўную праблему для «Беларуськалія» — страту магчымасці разлічвацца ў далярах, што стварае сур'ёзныя цяжкасці для фінансавых аперацый кампаніі.
Прыпыненне санкцый будзе азначаць дазвол на правядзенне разлікаў у далярах. Праўда, як заўважае эканаміст, эфект ад гэтага будзе не такі істотны, бо значная частка разлікаў ужо праводзіцца ў іншых валютах, асноўная з якіх — кітайскі юань.
Крук не ўпэўнены ў тым, што з прыпыненнем санкцый зменіцца жаданне як кітайскага, так і беларускага боку вярнуцца да выкарыстання амерыканскай валюты.
Другі важны момант: амерыканскія санкцыі супраць «Беларуськалія» найперш блакуюць разлікі ў далярах, але не ўплываюць на еўрапейскія санкцыі, якія забараняюць транзіт праз ЕС, уключаючы Літву. Таму маршруты паставак калію не зменяцца, бо еўрапейцы не мяняюць сваю пазіцыю.
Адзіны магчымы станоўчы эфект ад прыпынення санкцый, які бачыць эксперт, — гэта павышэнне цэн на беларускі калій. Цяпер «Беларуськалій» вымушаны яго прадаваць амаль удвая ніжэй за рынкавыя.
«Кітайцы і рускія разумеюць, што «Беларуськалій» санкцыямі абкладзены з усіх бакоў, яго перагаворная сіла вельмі слабая. Яны па сутнасці вымушаюць яго дэмпінгаваць. Цэны, па якіх «Беларуськалій» прадае свае ўгнаенні апошнія некалькі гадоў, амаль у два разы ніжэйшыя за рынак. Вось тут дэльта можа крыху скараціцца.
Разумеючы, што поле для манеўру крыху пашырылася ў «Беларускалія», адпаведна, яго перагаворная сіла крыху падрасла, могуць вырашаць, што ціснуць на яго такім чынам ужо не атрымліваецца».
«Пэўныя плюсы ёсць, якія можна адчуць у грашовым эквіваленце», — падсумоўвае аналітык, аднак чакаць, што сітуацыя вернецца ва ўмоўны 2019 год, не варта, бо для гэтага няма падстаў.
«Я думаю, логіка такая, што трэба з чагосьці пачынаць, і ўсе разумеюць, што сітуацыя зайшла ўжо настолькі далёка, што хаця б разварот вектара ў іншы бок, гэта ўжо, напэўна, палітычны суперважны сігнал. Прэтэндаваць на тое, што санкцыі будуць адмененыя імгненна і па ўсіх франтах, гэта на дадзены момант нешта з галіны фантастыкі».
Каментары