У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» паказалі, як адбываецца «дэайсінг» самалётаў. Працэдура з гэтай дзіўнай назвай, якая азначае апрацоўку машыны супраць абледзянення, патрэбная для таго, каб гарантаваць бяспеку пасажыраў і самога паветранага судна.

Скрыншот з відэа
Дэайсінг робіцца непасрэдна перад узлётам і доўжыцца ад 5 да 40 хвілін. Ягоная мэта — прыбраць змёрзлыя ападкі і прадухіліць іх з'яўленне ў далейшым.
Цікава, што часцей за ўсё апрацоўку самалёта праводзяць з пасажырамі на борце. Гэта неабходна для таго, каб лайнер не паспеў пакрыцца пластом лёду або снегу, бо дзеянне ахоўнай вадкасці абмежаванае па часе.
Калі перад палётам не правесці працэдуру, то гэта можа прывесці да:
- павелічэння масы паветранага судна;
- змены формы і гладкасці самалёта, што можа адбіцца на яго аэрадынамічных якасцях;
- блакавання або абмежавання рухомых элементаў (механізацыі);
- падзення цвёрдых аскепкаў, якія могуць пашкодзіць хваставое апярэнне або трапіць у рухавікі (калі яны скампанаваныя за крыламі).
Каментары