У Віцебскай вобласці затрымалі 11 чалавек за крадзяжы з мясакамбіната
Прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне 11 жыхароў аднаго з раёнаў Віцебскай вобласці за крадзеж з мясаперапрацоўчага прадпрыемства. Затрыманым — ад 17 да 59 гадоў.

Па звестках ведамства, 46-гадовы майстар цэха арганізаваў крымінальную схему сумесна са сваім былым 40-гадовым падначаленым. Акрамя таго, у ёй удзельнічалі работнікі прадпрыемства і сваякі.
Падчас змены шляхам парушэння тэхналагічнага працэсу кіраўнік стварыў лішкі прадукцыі і складаваў іх у вентыляцыйнае акно, якое выходзіла на вуліцу. У начны час скрадзенае вывозілі з тэрыторыі прадпрыемства на ўласным аўтамабілі.
«Усяго за адну ноч зламыснікі вывезлі сотні кілаграмаў мясных вырабаў. Выкрадзенае падзялілі паміж сабой», — расказалі ў МУС.
У дачыненні да фігурантаў справы распачалі крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове.
Каментары