Свет55

«Яны самі паклікалі мяне ў гэты чат, а цяпер называюць мярзотнікам». Галоўрэд Atlantic расказаў, чаму апублікаваў перапіску амерыканскіх сілавікоў у Signal

Галоўны рэдактар часопіса Atlantic Джэфры Голдберг, якога дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц выпадкова дадаў у групавы чат у мэсэнджары Signal, дзе амерыканскія сілавікі абмяркоўвалі планы атакі на хусітаў у Емене, у інтэрв'ю карэспандэнтцы Бі-бі-сі Сары Сміт расказаў, як усё адбывалася — і патлумачыў, чаму часопіс наважыўся апублікаваць усю перапіску цалкам.

Джэфры Голдберг. Фота: Getty Image

«Ведаеце, мне б хацелася, каб гэта было нешта ў духу Ле Карэ, — кажа Голдберг, маючы на ўвазе брытанскага аўтара шпіёнскіх раманаў Джона Ле Карэ. — Але было так: ён [Уолц] запрасіў мяне [у чат] пагутарыць. Я пагадзіўся. І вось я ўжо ў гэтым вельмі дзіўным групавым чаце з кіраўніцтвам службаў нацыянальнай бяспекі Злучаных Штатаў».

Уолц прызнаў, што гэта ён дадаў Голдберга ў групавы чат у Signal, але заявіў, што з журналістам ён не знаёмы.

«Я б не пазнаў яго, калі б сутыкнуўся б з ім або калі б паліцыя прапанавала мне апазнаць яго», — сказаў дарадца Трампа.

Аднак Голдберг сцвярджае, што яны сустракаліся з Уолцам некалькі разоў. Журналіст адмовіўся раскрываць дэталі іх узаемаадносін.

«Ён, вядома, можа казаць усё, што хоча, але я не буду каментаваць нашы адносіны ці іх адсутнасць, — кажа Голдберг. — Як журналісту мне некамфортна публічна гаварыць пра адносіны, якія ў мяне могуць быць або адсутнічаць з людзьмі, якія трапляюць у загалоўкі навін».

У любым выпадку, ва Уолца мусіў быць нумар тэлефона Голдберга, інакш ён не змог бы дадаць журналіста ў чат у Signal.

Дарадца Трампа па бяспецы сказаў, што ён папрасіў Ілана Маска — паплечніка амерыканскага прэзідэнта і тэхналагічнага мільярдэра — разабрацца з тым, як у яго з'явіўся кантакт Голдберга.

«Сур'ёзна, вы адправіце Ілана Маска разбірацца, як чыйсьці нумар апынуўся ў кагосьці ў тэлефоне? Ведаеце, большасць васьмігодак могуць з гэтым справіцца», — каментуе Голдберг ідэю Уолца.

У першай публікацыі Atlantic былі прыведзеныя не ўсе цытаты з перапіскі ў Signal, а сякія-такія дэталі і падрабязнасці наўмысна не публікаваліся. Але пасля таго, як адміністрацыя прэзідэнта стала прымяншаць значнасць інфармацыі з чата і абвінаваціла Голдберга ў хлусні, часопіс вырашыў апублікаваць скрыншоты ўсёй перапіскі.

Ці цяжкае гэта было рашэнне?

«Калі Дональд Трамп сказаў, што там [у чаце] няма нічога такога, па сутнасці, а [кіраўнік Нацыянальнай разведкі] Талсі Габард і [дырэктар ЦРУ] Джон Рэткліф сказалі, што там не было адчувальнай інфармацыі, не было сакрэтнай інфармацыі і гэтак далей, мы падумалі — ну не, мы з гэтым не згодныя, — тлумачыць Голдберг рашэнне Atlantic апублікаваць усё змесціва чата. — Яны кажуць, [што там нічога няма], а ў нас ёсць уся гэтая перапіска, так што, напэўна, людзі павінны яе ўбачыць».

На публікацыю скрыншотаў Белы дом і Пентагон адказалі, што гэта не «ваенныя планы», а значыць, нічога сакрэтнага ў дэталізаваным апісанні таго, калі знішчальнікі F18, дроны і «тамагаўкі» павінны атакаваць цэлі ў Емене, няма.

«Калі Піт Хегсет — міністр абароны — паведамляе мне, што вось-вось будзе нанесены ўдар па Емене, піша, якая менавіта авіяцыя будзе задзейнічаная, якая зброя будзе выкарыстоўвацца і што бомбы павінны паразіць цэлі праз дзве гадзіны — мне гэта здаецца адчувальнай інфармацыяй, інфармацыяй, звязанай з планаваннем ваенных дзеянняў», — кажа Голдберг.

Ёсць і іншы важны момант.

«Ці павінны вы, кіраўнікі службаў нацыянальнай бяспекі, абмяркоўваць гэта ў Signal на сваім тэлефоне?» — пытанне гучыць рытарычна.

Галоўны рэдактар Atlantic трапіў і пад асабістыя атакі. Прэзідэнт Трамп назваў яго «няўдачнікам» і «мярзотнікам», а Уолц, які сам дадаў журналіста ў чат, — «хлусам» і «мярзотай».

«Гэта ўласцівая ім манера паводзін: ніколі не абараняйся, толькі атакуй, — каментуе Голдберг. — Гэта значыць, я сядзеў, займаўся сваімі справамі, яны самі паклікалі мяне ў гэты чат у Signal, а цяпер яны нападаюць на мяне і называюць мярзотнікам. Чагосьці я тут не разумею».

Трамп абараняе сваю каманду і, падобна, не збіраецца нікога звальняць, называючы скандал «паляваннем на ведзьмаў», якое нібыта зладзіла прэса. Але, па словах Голдберга, у Белым доме многія думаюць, што Уолц зрабіў сур'ёзную памылку, і ўсур'ёз занепакоеныя тым, як улады адрэгавалі на тое, што адбылося.

«Дапусцім, ты вайсковец, лётчык, працуеш з ЦРУ і Дзярждэпартаментам, і ты абыходзішся з адчувальнай інфармацыяй неналежным чынам, так, як гэта зрабілі гэтыя людзі — што з табой будзе? Цябе звольняць, цябе адправяць пад суд», — разважае Голдберг.

З ягоных слоў, у палітычных элітах пайшлі размовы, што да людзей з адміністрацыі Трампа ўжываюцца свае, асаблівыя стандарты адказнасці.

Прысутнасці ў чаце старонняга чалавека ніхто з яго 17 удзельнікаў так і не заўважыў. Голдберг сам выйшаў з яго неўзабаве пасля таго, як зразумеў, што гэта не розыгрыш, а размова сапраўдных амерыканскіх сілавікоў. [Ён зрабіў гэта пасля таго, як удар па пазіцыях хусітаў быў нанесены ў пазначаны ў перапісцы час].

Галоўны рэдактар Atlantic кажа, што гэта было праявай адказнасці з яго боку. Але некаторыя журналісты з цяжкасцю паверылі ў тое, што ён выйшаў з чата па добрай волі.

«Нейкая частка мяне вельмі хацела б ведаць, што там было далей. Але тут узнікае шмат праблем, звязаных з законам і этыкай, і іншых пытанняў, у якія я не магу ўдавацца, — тлумачыць Голдберг. — Паверце, я прыняў гэтае рашэнне, атрымаўшы парады ад розных людзей».

Каментары5

  • апошні інспэктар
    27.03.2025
    эх, ня ў той чат яго дадалі! вось каб у чат Пуціна з Красн... ой, прабачце, з Трампам, было б очэнь інцярэсна
  • American idiot
    27.03.2025
    Ну як адчулі сьвежы подых рэднек-culture што залунала ў Белым Доме? Гэтае быдла яшчэ грамадзянскую вайну распачне.
  • Імя
    27.03.2025
    апошні інспэктар, мяркуючы па сярэднім узроўні IQ трампаўскай адміністрацыі - запраста і гэтага дачакаемся. Ёсць пачатак - будзе і канчатак, як людзі кажуць.

Цяпер чытаюць

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»2

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць гадоў таму арыштавалі Паўла Севярынца1

Эдуарда Малафеева не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна6

Трамп: Украіна сама справакавала расійскія ўдары40

Харкаў трапіў пад масіраваную атаку: 40 выбухаў, пажары, ёсць загінулыя і параненыя

У Жыткавіцкім раёне жанчына заразіла ВІЧ 83-гадовага старога7

Пазняк: І рэжым Лукашэнкі, і псеўдаапазіцыя — гэта адно і тое ж143

Ярмошына: Я не пайду ў грамадскую лазню, проста таму што баюся26

Расія не зможа аднавіць страты дальняй авіяцыі пасля ўкраінскай аперацыі «Павуцінне»2

Стартап рабіў выгляд, што ён распрацаваў штучны інтэлект. Насамрэч, ён наняў 700 праграмістаў і яны стваралі прадукты ўручную3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»2

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць