Украінцы адкінулі расіян на сутыку Днепрапятроўскай, Данецкай і Запарожскай абласцей
Украінскія войскі вызвалілі каля 600 квадратных кіламетраў, 41 населены пункт.

У 2025 годзе расійскія войскі прасунуліся на поўдні Данецкай вобласці і выйшлі да межаў Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцей. Яны імкнуліся развіць наступ углыб украінскай тэрыторыі, аднак у пачатку 2026 года сітуацыя на гэтым участку фронту пачала мяняцца.
Украінскія войскі перайшлі ў контратакі на Аляксандраўскім кірунку, паступова адбіваючы раней страчаныя пазіцыі. Украінцам удалося адціснуць расіян на паўднёвы ўсход. Баі працягваюцца ў раёне Камара і Навапаўлаўкі.
Наколькі змянілася лінія фронту за гэты час, паказаў французскі ваенны аналітык Клеман Мален, які апублікаваў карту Камарска-Навапаўлаўскага кірунку.
Паводле яго падлікаў, украінцы вярнулі пад кантроль амаль 600 квадратных кіламетраў тэрыторыі, з якіх каля 400 раней знаходзіліся пад расійскай акупацыяй. Астатняя плошча прыпадала на так званую шэрую зону, якую не кантраляваў цалкам ніводзін з бакоў.
Паводле нашых падлікаў, на вызваленай тэрыторыі знаходзіцца 41 населены пункт.
Украінскія войскі вызвалілі Камар, замацавалі кантроль над Навапаўлаўкай і Іванаўкай, а таксама наблізіліся да Вялікай Навасёлкі. Апошнім часам яны ўвайшлі ў Дачнае і зачысцілі лес каля Філіі.
Паводле Малена, аперацыя працягвалася каля сямі месяцаў, а калі ўлічваць папярэднія баі на Пакроўскім і Аляксандраўскім кірунках — каля дзесяці.
Поспехі ўкраінцаў прызнаюць і расійскія ваенныя блогеры. Яшчэ 28 кастрычніка адзін з найбуйнейшых прарасійскіх тэлеграм-каналаў «Рыбар» паведаміў аб ўваходзе ўкраінскіх падраздзяленняў у паўночную частку Камара. Паводле канала, на ўчастку Фёдараўка — Камар украінцы спрабавалі замацавацца ў жылой забудове да наступлення халадоў.
4 лістапада расійскі ваенны блогер Анатоль Радаў з кантактамі сярод вайскоўцаў на перадавой прызнаў страту расіянамі паселішчаў Ялта (не блытаць з горадам у Крыме), Запарожжа (не блытаць з горадам, абласным цэнтрам) і Камар. Ён таксама паведамляў, што ўкраінскія войскі працягваюць прасоўванне ў бок Багатыра.
Баі на гэтым участку не спыніліся нават з пахаладаннем і ападаннем лістоты на дрэвах. 21 лістапада «Рыбар» пісаў пра складаную для расійскіх войскаў сітуацыю ў раёне Камара, Перабудовы і Вясёлага, дзе ўкраінскія падраздзяленні выкарыстоўвалі непагадзь для пранікнення невялікімі групамі.
А 23 лістапада Радаў паведамляў, што УСУ працягваюць спробы заняць Дачнае і прасунуцца ў бок Багатыра. Паводле яго, адну з такіх спроб на бронетэхніцы расійскія войскі адбілі.
Новае прасоўванне ўкраінцаў у раёне Дачнага пацвярджаюць і геалакаваныя відэазапісы расійскіх удараў беспілотнікамі «Молнія» па ўкраінскіх пазіцыях. На іх звярнуў увагу Клеман Мален, адзначыўшы, што гэтыя кадры пацвярджаюць яго ранейшыя высновы.
На думку французскага аналітыка, вынікі контрнаступу дазволяць УСУ лепш супрацьдзейнічаць пранікненню невялікіх расійскіх груп і ўмацаваць абарону на Межаўскім кірунку.
Пры гэтым Мален мяркуе, што з надыходам зімы актыўнае прасоўванне ўкраінцаў, хутчэй за ўсё, спыніцца. Аднак новыя пацвярджэнні ўжо дасягнутых поспехаў могуць з'явіцца пазней.
Украінскае камандаванне пакуль не публікавала агульных вынікаў аперацыі за ўвесь перыяд, які разглядае Мален. Для Кіева характэрна трымаць рэжым маўчання аж да моманту, калі УСУ канчаткова замацуюцца на нейкіх здабытых пазіцыях.
Раней аналагічнай тактыкі ўкраінцы трымаліся падчас аперацыі «Вівальдзі», калі ім удалося адкінуць расіян з-пад Лімана. Іншы аналагічны контрнаступ разгортваецца цяпер пад Сумамі, дзе расійскіх інтэрвентаў адкінулі за лінію дзяржаўнай мяжы.
-
«Не спяшайцеся, са мной усё добра». Як з-пад завалаў разбуранага дома пад Кіевам выратавалі 7‑гадовага Давіда і 79‑гадовую Валянціну
-
Войска Расіі атакавала Запарожжа: загінулі два чалавекі, яшчэ 22 — параненыя, сярод іх ёсць дзеці
-
Беларус з Кобрына, які ваяваў за Расію, скончыў на фронце жыццё самагубствам
Каментары