У Гданьску таксіст распыліў беларусу ў твар пярцовы газ і запатрабаваў з’язджаць ва Украіну
35‑гадовы Аляксандр Белуш падпрацоўвае кіроўцам праз мабільную праграму. Звычайны выклік да аўтавакзала ў Гданьску скончыўся для яго абразамі, штурханінай і траўмай вока. Паводле беларуса, іншы таксіст называў яго ўкраінцам і патрабаваў з’язджаць з Польшчы. Сваю гісторыю ён расказаў Dziennik Bałtycki.

«Штодня я працую ў краме, але па выхадных дадаткова падпрацоўваю кіроўцам. Важу людзей праз адну з мабільных праграм», — тлумачыць Аляксандр.
Каля поўдня 8 лістапада праграма накіравала яго забраць пасажыра ад гданьскага аўтавакзала. Беларус пад’ехаў да стаянкі ўздоўж вуліцы 3 Мая. Паводле яго, два іншыя таксісты наўмысна паставілі машыны так, каб перашкодзіць яму спыніцца.
Адзін з іх пасігналіў некалькі разоў, а потым падышоў да яго аўтамабіля.
«Я патлумачыў яму і паказаў у праграме, што павінен забраць кліента і ад’еду, як толькі той прыйдзе. Кіроўца таксі адышоў. Я чакаў. Праз нейкія дзве-тры хвіліны ён вярнуўся з калегам», — расказвае беларус.
Далей, паводле Аляксандра, размова выглядала так:
— Чакай дзе-небудзь далей.
— Не.
Пасля гэтага, кажа беларус, суразмоўца пачаў лаяцца. Аляксандр адказаў яму тым жа.
«Гэта мая краіна, ты ё… украінец!» — закрычаў ён. І: «Валі… ва Украіну!» Зноў загадаў валіць… «да сябе», абражаў. Потым палез у салон, каб расшпіліць мой рэмень бяспекі, ударыў і паспрабаваў выцягнуць з машыны», — успамінае Аляксандр.
Пасля кароткай штурханіны таксіст адышоў. Але неўзабаве вярнуўся з пярцовым балончыкам і распыліў газ у беларуса праз прыадчыненае акно.
Паводле Аляксандра, нападніка не спынілі папярэджанні пра выклік паліцыі — ні ад яго самога, ні ад людзей на суседнім прыпынку. Сведкі таксама здымалі здарэнне на тэлефоны.
«Я не забіраю ў яго хлеб. У маёй машыне няма таксометра. Я важу толькі праз праграму, — кажа беларус. —
Вядома, у мяне ўсходні акцэнт. Я не размаўляю па-польску ідэальна, але ніколі раней не біў мяне праз гэта. Ніколі раней я не сутыкаўся ў Польшчы з такім стаўленнем».
Пакуль Аляксандр пасля распылення газу чакаў паліцыю, знайшоўся і пасажыр, дзеля якога ён прыехаў.
Гэта быў пажылы ўкраінец. Ён упершыню быў у Гданьску. Нехта замовіў яму паездку праз праграму, і ён не ведаў, дзе шукаць машыну, таму доўга хадзіў.
Беларус звярнуўся ў бальніцу, у яго дыягнаставалі траўму вока і зафіксавалі боль каля левай ключыцы. У той жа дзень ён падаў заяву ў паліцыю.
Паліцыя Гданьска пацвердзіла, што расследуе справу аб абразе і парушэнні цялеснай недатыкальнасці чалавека праз яго нацыянальную прыналежнасць. За такое злачынства пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Каментары