Чыноўніцу з Гомеля, якая «заснула» на інаўгурацыі, зрабілі кіраўнічкай абласных прафсаюзаў
Савет Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў 10 красавіка правёў пленум па пытанні абрання новага старшыні. Як і чакалася, на пасаду кіраўніцы абласных прафсаюзаў «абралі» Алену Клічкоўскую, якая да гэтага больш за 10 гадоў працавала кіраўніцай спраў Гомельскага аблвыканкама. Гэта тая самая чыноўніца, якая заснула на інаўгурацыі Лукашэнкі, піша Flagshtok.

«Абранне» Клічкоўскай стала толькі фармальнай працэдурай. Насамрэч яшчэ ў канцы сакавіка ў аблвыканкаме ведалі, што яна стане старшынёй абласных прафсаюзаў, а сама Клічкоўская ўзгаднялася на гэтую пасаду месяц таму. Эксцэс на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ніяк не паўплываў на запланаванае прызначэнне Клічкоўскай. Паведамляецца, што ў «інаўгурацыі» Клічкоўскай удзельнічалі кіраўнікі аблвыканкама і гарвыканкама, якія ўручылі чыноўніцы па букеце.

Новая кіраўніца прафсаюзаў назвала свае задачы на гэтай пасадзе: гэта рост колькасці членаў прафсаюза ў недзяржаўным сектары эканомікі (г.зн. — прымус да ўступлення ў праўладныя прафсаюзы работнікаў прыватных прадпрыемстваў), а таксама «выхаванне моладзі, павелічэнне грамадзянска-патрыятычных акцый».
Каментары